Выбрать главу

Па сцежцы на траве абочыны пайшлі таксама: яна — спераду, ён — ззаду.

Па правай руцэ ўздымалася высокая града гасцінца, па левай час ад часу блізка гулі тэлеграфныя слупы.

Прагудзе адзін, пасля ідзеш, пасля зноў стаіць ды гудзе, нібы нешта жывое,— так сумна, нават злавесна, усцішна мармычучы.

На адным слупе, ужо недалёка ад павароту на іхні хутар, старая заўважыла белую плямку паперы — на ўзроўні вачэй. Прайшла міма: няма калі думаць пра ўсё... Потым спынілася. Сказаць сыну, каб зірнуў, што гэта,— не паспела: ён ужо сам чытаў, кінуўшы каласок. Прачытаўшы, аддзёр паперку, парваў яе на кавалачкі i сыпануў імі, нібы жменяй мякіны, камусьці нябачнаму ў вочы.

— Што гэта?

— Каб не давалі есці байцам. Каб выдавалі ix паліцаям. Дадуць гарэлкі i тытуню.

— Няхай бы сабе вісела, сынок. Няўжо ж ix нехта паслухае?

— Будуць расстрэльваць тых, хто не паслухае. Усю сям'ю. I хату спаляць.

— На ўсё божая воля...

Яны пайшлі — зноў адно за адным i моўчкі.

Дома, у сенцах старое хаты, яшчэ пры панах выкінутай з вёскі на хутар, маці ўваткнула свой серп у шчыліну над вушаком. Сын зрабіў тое самае. Яна паправіла аберуч хустку, зверху ўніз з прыціскам правяла рукамі па твары, нібы здымаючы стому з вачэй, i ўжо хацела сказаць, што вось толькі падоіць карову ды будуць вячэраць.

— Я пайду ў вёску,— апярэдзіў яе Васіль.

— Зноў! — больш спалохана, чым злосна, крыкнула яна. А потым перайшла на ласку: — Не ішоў бы ты лепш. Заўтра ж рана ўставаць.

— Ну што ж, i ўстану.

— Дык павячэраў бы хоць.

— Я скора прыйду.

— Ведаю я гэтае скора... Ой, находзішся ты! Давядзе цябе тэты Азароначак! Успомніш ты мае слова!..

— Нічога, маці. Спалохалася?

— Вось тады пасмяешся! Знайшоў чым гуляць! Па-твойму, я сляпая — нічога не бачу, або дурная — нічога не ведаю?

Ён падумаў, што больш не варта... Не, ён проста ўспыхнуў:

— Яшчэ чаго — будзе вучыць!

I пайшоў.

Зноў дай божа цярплівасць на ўсенькую ноч!..

Праз якую гадзіну старая хата ў шэрай, па-начному ўжо аднатоннай, чыстаполіцы стомлена патушыла агеньчыкі акон.

Маці не спіць.

Каля гэтага хутара фронт — трагічны пачатак вайны — прайшоў, як нейкі раптоўны віхор,— i верхам, i нізам. Раўлі самалёты, ірваліся бомбы, грукаталі танкі, беглі па збожжы салдаты... Прайшоў гэты віхор i праз душу: ён нечакана вымеў з хаты абодвух старэйшых сыноў. Сцяпан толькі пазалетась, калі прыйшлі таварышы, вярнуўся з панскага астрога, прычакаўшы нарэшце таго, за што пакутаваў. Уладзік, самы старэйшы, гаспадар, змабілізованы панамі ўлетку трыццаць дзевятага года, толькі ў замаразкі прынёс асміну вошай з нямецкага лагера.

I вось пайшлі яе хлопцы зноў, цяпер ужо на ўсход. I не вяртаюцца, як іншыя... Не паспелі i ажаніцца,— так хутка праляцеў ён, тэты час ix доўгачаканай волі. Уладзік толькі дрэва навалачыў, каб новую хату рубіць. Сцяпан у сельсавеце сядзеў, старшынёю. A Васіль — гэты вучыўся дзве зімы ажно ў Наваградку...

Так, тых няма. Бог святы ведае, што будзе... А гэты, апошні, не хоча сядзець у хаце, шукае няшчасця. Дачакалася — нават не скажа, куды i чаго...

...Яны прыйшлі яшчэ зацемна. Старая не спала ад болю ў нагах, i асцярожны стук у шыбу не разбудзіў яе, а проста спалохаў. Пакуль яна ўзняла з падушкі галаву, пакуль у гэтай сівой проставалосай галаве сто разоў перавярнулася думка — хто гэта? — i нават радасць — а можа? — пакуль яна ўстала, пачуўся амаль да шэпту прыглушаны голас:

— Хозяин!.. Хозяин, открой!..

Як вядзецца спрадвеку, яна спачатку прыткнулася лбом да шыбы, паглядзела. Потым выйшла ў сенцы, дрыжачымі рукамі выцягнула засаўку i адчыніла дзверы. Стала толькі зусім ясна тое, аб чым яна здагадалася адразу: гэта — яны, байцы...

Адзін з ix,— a колькі ўсіх было, не паспела заўважыць адразу ў матава-празрыстым паўзмроку дасвецця,— адзін падышоў да яе i ўсё яшчэ шэптам сказаў, нібы спытаўся:

— Мать? Ты нам хлебушка дай, родная... Ты не бойся: мы сразу же уйдем... Из лагеря бежали...

Шэры i гладкі тэлеграфны слуп са злавесным гудзеннем праплыў перад яе вачыма... З той самай паперкай, якую рваў яе хлопец... Мільганула думка, трывогай тузануўшы за сэрца: а ён яшчэ не вярнуўся!.. Белая пляма паперкі махнулася разам са слупам удаль i знікла. Застаўся толькі страшны няголены твар чалавека з вялікімі вачыма. Засталіся толькі яны — цяпер ужо добра відаць — учатырох.

— Заходзьце, хлопчыкі! Я вам хоць малачка... Хоць смагу прагнаць... Лямпу не будзем запальваць...

Апошняе яна сказала, пераступаючы парог.

............................................

I на гасцінцы, i ў мястэчку, на ўсім — так добра знаёмым i якім жа кароткім цяпер — шляху ад роднай хаты да свежай ямы ў лапухах добрыя людзі бачылі яе пакутніцкі паход. I ўсім было зразумела, куды i завошта.