Чатыры босыя, у вайсковых лахманах мужчыны, з рукамі, скручанымі назад калючым дротам, па двух ішлі следам за ёю. Ёй фашысты зрабілі палёгку: не звязалі рук... Што ж, яны не баяліся яе нават так, як гэтых бяззбройных, знясіленых уцекачоў. Адзін з байцоў, яшчэ зусім хлапчук, нядаўна астрыжаны пад машынку, з усіх сіл намагаўся не ўпасці i, ззаду гледзячы на таварышаў, узнімаў, як i яны, галаву.
Свае худыя, так мала ў жыцці цалаваныя рукі яна трымала мазалямі да мазалёў. Шаптала свае, зусім новыя словы малітвы. I ў ранішнім святле роднага сонца ясным быў яе твар, хоць па маршчынах міжвольна каціліся слёзы. Яна i тут не думала пра сябе. Дзе ён, яе Васілёк, чаму не вярнуўся?.. Як добра, Божа ласкавы, што ён не прыйшоў, не прыбег нават i на пажар роднай хаты!.. Відаць, далека ўжо недзе сынок, відаць, адкапалі-такі яны з Азаронкам свае кулямёты... Дзе яны, Уладзік i Сцяпан?.. Хавай ix, Божа, усіх трох ад куль, дай ім усім убачыць матчыну магілу!.. I тут душа яе вярталася да гэтых, да чужых сыноў, з якімі так моцна зрадніла доля... Яна чула ix крокі — шорганне босых ног па жвіры, чула i цяжкае дыханне... Яна аддала ім усё, што магла... А тут нават не азірнешся. I яна рабіла адно — яшчэ як мама вучыла — малілася. I за сваіх сыноў, i за чужых, i за сябе...
Горача дыхалі клыкастыя, дурныя зяпы аўчарак. Чорнай сталлю паблісквалі ў голых да локцяў, загарэлых руках аўтаматы. Час ад часу на ўзбоччы гудзелі тэлеграфныя слупы.
Маці не ведала, хто яна. Не думала аб тым, што не з адным толькі жахам глядзелі на ix паход сустрэчныя,— што вобраз яе засядзе ў сэрцы многіх мужчын горкім, няўмольным дакорам, што вочы i рукі яе ўспамінаць будуць нават дужыя людзі, выганяючы з душы апошні страх перад начной партызанскай атакай...
1957
Memento mori
Позняй восенню сорак трэцяга года на адным з самых спакойных перагонаў Беларускай чыгункі ўзарваўся нямецкі вайсковы эшалон.
Праз дзень, халодным, золкім досвіткам, бліжэйшую да месца катастрофы вёску акружылі карнікі. Жандары ў касках i стракатых плашч-палатках i мясцовыя здраднікі-паліцаі ў чорных, прамоклых шынялях прыехалі з райцэнтра на пяці машынах. Веска была вялікая, але «накрыць» яе ўдалося хутка i спраўна. Як высветлілася значна пазней, уцалела толькі двое: хлапчук, які выпаўз баразной у загуменныя кусты, i дзед, што якраз заначаваў у сваяка на дальнім хутары.
Усе іншыя жыхары сагнаны былі ў той канец вёскі, дзе стаяла старая вялізная адрына,— усё, што ўцалела ад калгаснай фермы.
Зондэрфюрэр, начальнік экспедыцыі, разважыў, што прымусіць «бандытаў» капаць сабе яму — доўгая гісторыя. Значна прасцей спаліць ix у гэтай адрыне. Пакуль яго падначаленыя заганялі вёску ў трое шырокіх варот драўлянай будыніны, ён стаяў трохі збоку, на ўзгорачку, i непрыемна моршчыўся ад дзікага крыку i плачу...
Побач з ім амаль непрыкметна ўздрыгвала ад пранізлівай слаты маладая збялелая перакладчыца.
— Мы хутка скончым гэтае швайнэрай [1] i тады, фройляйн Бэра, паедзем дахаты. Будзе зноў цёпла... О так!..
Істота ў скураным паліто i белай вязанай хустцы выклікала на твар крывое падабенства службова-інтымнай усмешкі.
Так бы ўсё i было, як бывала, аднак, зірнуўшы ў натоўп сваіх ахвяр, што набліжаліся да крайняй ад яго чорнай пячоры варот, зондэрфюрэр заўважыў знаёмага.
— Адкуль я ведаю яго?.. О! Мэншэнскінд [2], дык гэта ж той пячнік! Скажыце, фройляйн Бэра, каб яго падагналі сюды.
Печніка падагналі.
— Біст ду дох аўх гip, майн лібэр кэрль? [3] — засмяяўся начальнік.
Пячнік нічога не зразумеў. Ды, відаць, i не чуў. Бледны, без шапкі на лысіне, аброслы сівеючай шчэццю, ён упёрся ў немца скамянелымі вачыма i маўчаў. Толькі бяскроўныя губы перасмыкаліся, як ад нязбытнага жадання гаварыць.
Улетку ён рабіў зондэрфюрэру печы. Знайшлі яго i прывялі, вядомага на ўсю ваколіцу. Пяць раніц дзяжурны жандар абшукваў яго i кожны раз аднолькава весела знаходзіў у кішэнях майстра тое самае крэсіва, самасад i кавалак чорнага хлеба. А печы атрымаліся выдатныя. Кухар хваліць пліту, а сам зондэрфюрэр — грубку з белай кафлі. Вось i цяпер ён ледзь не заахкаў на ўспамін аб яе гладкай цеплыні.
— Скажыце яму, фройляйн Вэра, што ён не будзе спалены. Спытайцеся, ён хоча жыць?
— Спадар зондэрфюрэр кажа, што вы, дзядзька, будзеце жыць. I ён пытаецца, ці вы гэтага хочаце?