На ўсходзе, за ціхай затокай, за соснамі на далёкім узгорку якраз цяпер палыхнуў язык полымя... Не, гэта не здалося: ён усталяваўся, пачаў разрастацца, набіраць паўкруглую форму i нарэшце, наліўшыся ў барвовы круг, зусім непрыкметна адскочыў ад зямлі. I амаль адразу ўсунуўся знізу ў хмарку, што зацягнула ў тым месцы далягляд.
Высока-высока над дзедам паружавела лёгенькае воблака. Вузкая хмарка ўсё больш ды больш налівалася чырванню, а высокае воблака ўсё святлела, траціла ружовасць. Вогненны круг другім напорам прарэзаўся з хмаркі-смугі ўгару. Возера заззяла радасцю.
Нават адгэтуль, з бліндажа, стала відаць, як за вялізнаю ліпай, за скупымі i марнымі мэндлікамі жыта, за адцвітаючай грэчкай i алешнікам на беразе, у першых промнях новага дня пабліскваюць крыллі чаек. На поўдні, за большай затокай, выразна адлюстроўваецца ў вадзе высока падняты жоўтым абрывістым берагам сасняк. На поўначы, дзе вёска i рыбгас, уздоўж берага папоўз лёгкі туман... Можна падумаць, што стары акадэмік Васіль Раманавіч, дзедаў добры знаёмы, зноў запаліў на новай дачы грубку i зноў бурчыць на печніка, а дым, як i ўчора ўвечары, зноў не ідзе ўгару... На ўсход не вельмі зірнеш — сонца ўзяло сваё!
А над усёй гэтай прыгажосцю, у чыстым небе, трохі воддаль ад воблачка, ужо зусім неружовага, стаіць поўны месяц. Ён не свеціць — выпусціўшы наперад сонца, сам адступіўся, сціпла паблек, a неўзабаве непрыкметна знікне.
Ды, гледзячы на ўсход, стары Вячэра не любуецца. Адтуль павінны паказацца лодкі. Брыгада яшчэ не вярнулася з першага сёлета ўлову сілявы. Зрэшты, брыгада — брыгадай, а патрэбен старому сын. Нават не столькі сын, як лодка... Пад казырком памятай кепкі, пад сівізною брывей напружана жмурацца вочы. Яны наглядзеліся за век i на яснае сонца, якога так шмат бывае на крынічна-празрыстай азёрнай вадзе, i на сцюдзёную чорную цемрадзь, калі вада i вецер — не разбярэшся: хто зверху, хто знізу! — здзекуюцца з упартасці чалавека. Ужо i стомленыя, але яшчэ ўсё па-рыбацку цярплівыя, быстрыя вочы знайшлі-такі ў вясёлым бляску залатой вады патрэбнае!
— Ідуць,— шапнуў стары.
Чатыры лодкі прыйшлі да берага амаль праз гадзіну.
Не толькі ўсе жанчыны ды дзяды, але i наймалодшае рыбацкае пакаленне — як гэта ні дзіўна каля вады, a ўсё ж такі чарнаногае — высыпала на вільготны затупаны пясок. Следам за людзьмі на сустрэчу сілявы выйшла з хат, гарышчаў i розных спецыяльных закаморкаў усё кашэчае насельніцтва Падвалокі.
Дарослыя ажыўлена гутарылі i пераклікаліся з лодкамі. Дзеці, падкасаўшы портачкі i прыпадняўшы падолікі, шумліва палезлі парэпанымі нагамі ў чысценькую i цёплую, нібы нагрэтую мамай, ваду. Каты — залежна ад узросту — то нецярпліва пахаджалі, задраўшы хвасты, церліся каля гаспадарскіх ног i па-блазенску дакучліва вякалі, то стрымана, салідна аблізваліся, жмурачы лянівыя вочы.
Толькі адзін, найбольш бывалы i вопытны тыграў сваяк, вядомы на ўсю вёску валацуга i злодзей Цярэшка, сядзеў воддаль, на зялёным прыгорку, цікуючы i на ваду, i на сушу з аднолькавым скепсісам на вусатым мурле.
Чатыры вялікія чорныя лодкі адна за адной чырканулі насамі па пяску. Бабы, дзяды i дзеці з вясёлым гоманам рушылі да лодак, a рыбакі, больш скупа выказваючы свае пачуцці, панеслі насустрач ім карычневыя жмуты сетак, у кожнай з якіх ужо нежывым серабром стракацелі незлічоныя сотні сілявак. Пачалася марудная праца — вылузванне рыбы з вочак сеткі ў скрыні: для адпраўкі, калі падыдзе рыбгасаўскі кацер.
Учора стары Вячэра, якому i на пенсіі не сядзіцца ў хаце, сам выбраў месца — найбольш надзейнае. Усе чатыры трыццаціметровыя палотнішчы сетак, непрыкметнаю сценкай апушчаныя ў глыбіню на якарах i паплаўках, былі цяпер густа ўтыканы сілявай. Відаць, не адзін яе гуллівы або напалоханы шчупакамі касяк напароўся на нябачную капронавую смерць. Як заўсёды, старая сілява пазасядала ў вочках жабрамі, амоладзь, падсіляўнікі,-— пупкамі. Кволая тлустая рыбка заснула даўно, толькі-толькі папаўшы ў бяду, аднак i ў сетцы, i ў руках, i ў скрынках, што стаялі на пяску, прыемна пахла смачнай спакуслівай свежасцю.
— Ну, бацька, тоня, браце ты мой, выйшла — во!
Сын Вячэры Іван, высокі бялявы мужчына гадоў сарака, які толькі з гэтай зімы пачаў хадзіць за бацьку ў брыгадзірах, выцер рукі аб порткі i самавіта ўзяўся гарнуць цыгарку.