Старога Вячэру ў лодцы бачыла цяпер толькі пяцігадовая Ганначка. Поўненькая, светленькая, любіміца сям'і, яна круцілася, як сініца, на сярэдняй лаўцы, перад сваім дзядулем, глядзела на яго, зусім не думаючы, што любуецца, i то сама шчабятала, то слухала, не бядуючы, што яшчэ няшмат разумее.
А дзед быў прыгожы.
Без шапкі, у шэрай, як ралля, расхрыстанай на сухіх, загарэлых грудзях кашулі. Упёршыся худымі i пругкімі, як смаляныя галіны, нагамі ў рабрыну вялікай лодкі, «кароль вугроў» паволі i няспынна разгойдваўся ўперад-назад, рытмічна ўзмахваючы цяжкімі вёсламі. З вельмі дакладнай i неабходнай для справы скупасцю заграбаў ён ціхую празрыстую ваду. Так лёгка i хораша, спраўна i спорна ідуць у пракосе сапраўдныя касцы. Белы маршчыністы лоб над загарэлымі скуламі шчодра акроплены потам. Сівыя валасы, хоць i прычасаныя перад ад'ездам у людзі, як толькі ён зняў кепку, зноў растрэсліся, прынялі свой звычайны, сціпла кучаравы беспарадак.
Прыгожая была гэта шэрая, вельмі жыццёвая, натуральная прастата, гэтая яшчэ ўсё не растрачаная сіла, якую i не высушылі, i не прыглушылі дзевяць дзесяткаў больш катаржных, чым радасных, гадоў. Прыгожы быў позірк светла-блакітных вачэй пад густымі, сівымі брывамі, вачэй адкрытых i чыстых, як само бясхмарнае неба, паўторанае ў крынічным люстры бяскрайняга возера. Прыгожы быў, урэшце, увесь гэты звычайны, будзённы малюнак: вялікая чорная лодка на вадзяной пустыні, у лодцы — шэры дзед i светленькая ўнучка, а за кармой, на буксіры,— доўгае сасновае бервяно i яшчэ даўжэйшы трохкутнік растрывожанай вады.
—...I скавалі яны, унучачка, дзеда ланцугамі i пагналі ажно ў Вільню. I пачалі яны там, у нейкім склепе, скабліць мяне бізунамі, ліць мне ў нос ваду з газай...
— А навошта?
— Каб балела, унучачка. «Ты, кажуць, камуніст пракляты, бязбожнік, бунтаўшчык!» Які камуніст? Увесь народ пакрыўджаны, усе нашы паберажане падняліся!.. Не хочам мы, каб вы ў нас возера пад казну адбіралі! «Мільч, кажуць, хаме! Мы ў цябе, кажуць, не толькі возера, мы ў цябе i здароўе можам адабраць!..» Але ж не адабралі, унучачка, хоць i я пабываў на тых самых Лукішках...
— А на якіх гэта лукішках?
— Смяешся, дурненькая. Гэта турма такая, куды паны замыкалі нашага брата.
— А навошта?
— Каб ён там гніў, унучачка. Каб ён супраць ix не ішоў. А як ты не пойдзеш? Бяда цябе сама падгоніць. Як той казаў: не для Пана Езуса, а для хлеба куса. Колькі людзей ішло за нашу мазольную праўду! I моладзь, i старыя. Нават i дзеўкі, i бабы. А ён мне кажа: «Ты камуніст!..» I ў турму цябе. Каб дома, унучачка, сям'я твая слязьмі крывавымі аблівалася.
— А бабуля твая аблівалася?
Ганначка ведае толькі сваю бабулю — маміну маму, якая сядытады прыязджае да ix з тае вёскі, дзе зусім няма возера. Другая бабуля, пра якую ёй часта расказвае дзед,— істота амаль казачная, бо была яна даўно, i была, відаць, толькі дзедава.
— Аблівалася, унучачка, яшчэ як!
— А тата абліваўся?
— Хапала i яму. I яму, i цётцы Надзі, i тым тваім дзядзькам, што на вайне пагінулі. Тата твой быў тады ўжо сапраўдны работнік.
— А мама?
— Яна, унучачка, жыла тады яшчэ ў свае мамы, у Вераб'ях.
— А яна аблівалася?
— Не ведаю, колькі ёй там прыйшлося. Бо было яно, унучачка, так: каму — па каму, а каму — дык адразу два.
— Дзядуля?!
— Ну?
— А я вазьму цяпер ды з лодкі — скок!
— Я табе скокну, дурненькая! Скокнеш, дык i не выскачыш.
— I выскачу! Выскачу на палена, што лодка яго валачэ, а тады пабягу, пабягу, пабягу па палене!.. А потым па вадзе i далёкадалёка-далёка! Вунь туды, дзе лес, або яшчэ далячэй — туды, дзе сонца. Залезу ў хмарку i — скок!
Дзед ужо не адказвае на гэта мілае, як жаўрукова ў небе, шчабятанне. Ён ціха, бязгучна рагоча, падняўшы вёслы, адкінуўшыся галавою назад. Вось тут i раскажы ёй!.. Людзі жылі, колькі страху, колькі бяды, колькі пакуты ўсякай было, а яно цяпер i слухаць не хоча. Як тую казку на печы: цікава — вочак не зводзіць, а не — не хачу. I няхай сабе! То ж дваццаць год прайшло з таго часу, як мы тут, беднякі, бунтаваліся...
Дзед i ўнучка маўчаць. I ўсё навокал маўчыць — i вада, i неба. Па дарозе з Нівішчаў у мястэчка — дзеду ўжо добра відаць — ідуць час ад часу машыны. То з сенам, то са снапамі, то пустыя. Аднак ідуць яны моўчкі. Не чуваць таксама i цокату жняяркі, якая вунь дзе, на жоўтым полі, махае крыллямі... I чайкі амаль зусім не лётаюць. I рыба ўжо не жыруе. Адзін толькі белы матыль ляціць насустрач лодцы. О, мінае! З Нівішчаў у Падвалоку. Малое, а не баіцца. Сядзеў бы недзе, дурань, на сваёй капусце! Нябось намахаешся — блізкі свет... Маўчыць, не аказваецца i блясна на доўга адпушчанай дарожцы, дошчачку якое дзед падлажыў пад сябе. Сяды-тады ён патузвае жылку, правярае, хоць i не вельмі верыцца, што ў такую глухату які-небудзь вар'ят схопіць. Няхай сабе цягнецца... Пры немцах адзін партызан расказваў, што ў іхняй Арлоўскай губерні, ідучы калісьці ў царкву, мужык браў з сабою аброць: мо трапіцца каняжына якая па дарозе, дык пад'едзем!..