Выбрать главу

Потым стары ўспамінае пра сваё ранішняе здарэнне. Спазніўся вось толькі дарма, выбраўся з дому ў свіныя галасы... Ён доўга маўчыць. А Ганначка перагнулася тым часам цераз левы борт i пялёхтаецца ручкамі ў вадзе.

— Сядзь, дурненькая. Не дай божа чаго, дык я не вельмі нырну за табою. Такі шчупак з мяне, што абое — на дно. Сядзь хораша, як сядзела.

Кажучы гэта, дзед не спыняецца думаць пра сваё. Думаць — мала, трэба i падзяліцца думкай з добрым чалавекам.

— Жыве другі,— пачаў ён,— i сам не ведае, на якім ён свеце. Такі лес, унучачка, што душа радуецца. Над самым возерам, сасна ў сасну! А тут узялі ды зрабілі падсочку!..

— А што гэта?

— Смалу пускаюць з сасны.

— А навошта?

— Лес гэты думаюць секчы. Крапівою б каторага, каб ты сесці паўгода не мог!.. Хто дзе ўздумае, як уздумае, так i кладзе гэты лес... Хадзіў я днямі ў раён. А па дарозе зайшоў да Васіля Раманавіча, таму што мы з ім, унучачка, часта любім пагаварыць. Вунь туды!..

Ён кіўнуў барадою ў той бок, дзе — за шасцю-сямю кіламетрамі гладкай вады — віднелася новая дача. Ганначка вельмі пільна паглядзела ў той бок і, нічога, апроч светлай плямкі ў сіне-зялёнай смузе лесу, не ўбачыўшы, сказала:

— У ix ёсць хлопчык Ігар.

— Ёсць, унучачка. Я ж табе пра яго гаварыў. I сам Васіль Раманавіч таксама чалавек харошы. Акадэмік. «Мы, кажа ён мне, дабяромся да ix, Астап Іванавіч, да такіх лесарубаў!..» Вось, думаю, такога б нам начальніка ў раён!.. A ўчора гэта, унучачка, іду я зноў каля дачы, заходжу, а той Васіль Раманавіч як не ехаў у Мінск, так i не едзе. Няўжо ж вы, кажу яму, чакаеце, пакуль замест Пярэймаўскага бору адны пеньчукі застануцца? А ён смяецца, седзячы ў цяньку, у такім, унучачка, крэсле, што ўсё гайдаецца сюды-туды. «Зробіцца, Астап Іванавіч. Не будзьце, кажа... пісімілістам». Хлопец ты, думаю я пра яго, таксама не маладзён — казаў, што шэсцьдзесят год,— але няўжо ж ты i праўда так ужо знябыўся ды здарожыўся?! Само ж яно не зробіцца. Сабе ты нябось не чакаў, пакуль яно зробіцца само — кубаметраў са сто на дачу спляжыў. Яшчэ i так лесу — гектараў са два — прыгарадзіў. Каб нават i па грыбок не выйсці з-за плота!..

Ганначка ўжо не перапытвае. Яна сядзіць зусім спакойна, глядзіць на дзеда i на ўсё зусім ціхенька... I дзед здагадваецца, у чым тут справа.

— Зараз, унучачка, даграбёмся. Каб не гэтая дзеравяка, дык мы б з табою... А во! Бачылі вы?..

Ён пусціў вёслы i выхапіў з-пад сябе дошчачку дарожкі.

— Aгa! I добры, відаць! Ты толькі, унучачка, сядзі! А я яго... Каб яго Бог памножыў!..

Стары стаяў у лодцы на ўвесь свой высокі рост i, з тварам па-маладому радасна напружаным, туга наматваў дарожку на дошчачку.

— Пахадзі! Пазухуй! Калі ўжо ты, дурніца, учапіўся ў такую пару, дык я цябе... Ага!..

Над вадой паказалася раскрытая ў смяртэльным жаху зяпа драпежніка...

Убачыўшы такія чалеснікі, такую браму, пераважная большасць спінінгістаў крычыць звычайна: «Кілаграмаў, брат, з дзесяць!» — i перабольшваюць, вядома, разоў так у тры ці ў чатыры. Дзед Вячэра ўжо аж надта прывык да гэтай куплі на вока: ён памыляўся толькі на грамы. A ўсё ж i ён хваляваўся цяпер, як малады. Наструнены надзеўнаю жылкай шчупак, як аўсяны жарэбчык на кордзе, казырыўся не вельмі доўга. Стары то папускаў яму, то зноў напінаў дарожку, а потым, адчуўшы момант, павалок без усякага лішняга спосабу. Прыгнуўшыся, ён узяў з-пад ног вялікі падсак, спрытна падвёў яго пад шчупака i папусціў дарожку. Насмерць перапалоханы дурань адчаянна, слепа нырнуў у вялікую сецістую торбу i вось ужо закалыхаўся ў ёй над паверхняй вады, вось ужо, вызвалены з падсака, пляснуўся на дно лодкі.

Стары ўчапіўся адной рукой у яго бярвеністы хрыбет, другою моцным рыўком націснуў лыч уніз i адчуў, як усярэдзіне, у каркавіне шчупака хруснула косць.

Бліскучая, слізкая рыбіна пакінула пругка i ліхаманкава змяіцца ў руках, абмякла i лягла на чорнае, смаляное днішча. Зеленаватазалацістая, у белы гарошак.

— Два з палавінаю, ад сілы — два шэсцьсот! — выдыхнуў, зверху гледзячы на здабычу, стары.

Трохі напалоханая ўсёй гэтай валтузнёй, светленькая Ганначка ўжо смяялася, падскокваючы на лаўцы, усплёскваючы поўнымі гагарэлымі ручкамі:

— Міхасю! Дзядуля любенькі, Міхасю! I шчупака, i торбу з сілявай — усё!..