Выбрать главу

— Бабка,— сказаў,— яны мне пахнуць лепш, як усе твае кветкі!

Рот ад радасці — да вушэй.

А кветак у бабы — поўны гародчык.

* * *

Зіначка ледзь не трапіла над машыну. Чула сігнал з-за павароткі, але ж ніяк не спыніла веласіпед. Ездзіць яна яшчэ не на сядле, а «ногу пад раму», i так не вельмі зручна тармазіць.

Шафёр разгубіўся, ірвануў улева, зламаў плот i паехаў у бульбу. Ужо i спыніцца не мог,— сябар, што побач з ім сядзеў у кабіне, націснуў на тормаз.

Бываюць цуды! — i дзяўчынка жывая, кудысьці ўцякла, i веласіпед цэлы, i машына — потым убачылі — цэлая. Плот паставілі — проста ўмомант. I плакаць хацелася дзядзьку-шафёру, а ён усміхаўся...

Толькі Зіначку не адразу знайшлі. Дый не знайшлі б — сама яна прыйшла аж з трэцяга гарода. Калі ўжо i тая машына даўна паехала, калі ўжо i баба крычала, крычала ды сціхла. Баялася, распусніца, што баба будзе біцца. За тое самае, што «лётае на гэтым лісапедзе, як шалёнае».

Зіначка есць малако з хлебам i ўжо расказвае:

— А я, бабка, у Сымонавай бульбе ляжу i ножкі свае гладжу, а яны ўсё дрыжаць!.. А яны ўсё дрыжаць!..

* * *

Мароз i сонца. У клетках гараць вясёлай чырванню гілі, таўкуцца шэрыя чачоткі, як сонечныя зайчыкі, скачуць па пруціках шчыглы. Шмат галубоў. Непаэтычна неяк, груба гавораць пра ix галубятнікі,— нібы гэта ў ix сапраўды толькі гандаль, а не паэзія.

Самае незвычайнае, што я ўбачыў там, на птушыным рынку, за ўсе гады: хлопчык доўга стаяў, любаваўся, прыцэньваўся, пасля купіў чачотку — па грашах,— адышоўся трохі з натоўпу i выпусціў яе з рукі. Глядзеў услед. Нават пасля таго, як знікла...

* * *

Можна прыехаць кудысьці далёка, скажам, з Мінска ды ў Гданьск, як мы цяпер, можна бачыць i чуць штосьці важнае, значнае, на міжнароднай антываеннай сустрэчы, а потым...

Потым, седзячы ў чужой, сяброўскай кватэры, толькі з малымі, бо гаспадыня выбегла «на хвілінку», можна пачуць ад малой, разгулянай дзяўчынкі... Гэта нічога, што вы чужая, ажно замежная цёця, што дома вы маці дарослых дзяцей, што вы педагог, па-свойму салідны i паважаны... Можна пачуць i такое, зрэшты, зусім дзелавое, сур'ёзнае:

— Проша пані, a пані можа стаць на галаве, як я?

Можна пачуць. I яшчэ раз — іменна добра, што так далёка ад дому — сардэчна, молада засмяяцца. Дзеці!..

* * *

Госця. Разумна, весела шчабятлівая першакласніца. Ва ўсім чырвоным. І шчокі— з марозу— чырвоныя. Памагаю ёй распрануцца i гавару:

— Ты разумееш, што было б, калі б цябе ўбачыў індык?

— А бык? — усцешана пытаецца яна.

Нам весела.

* * *

Дзесяцігадовы, пацешна сур'ёзны Жэнька прыйшоў адведаць хворага сябрука. Цукеркі, якімі яго пачаставалі, з'еў, a апельсін усё не пачынае.

— Чаму? — спыталіся.

— Я тату занясу. Ён хворы.

Здорава!.. Успомніўся ягоны, вельмі малазнаёмы мне бацька, з выгляду — малады, нават i пуставаты. Усё знешняе, што мне ўяўлялася, раптам адпала, перакрэсленае гэтай дзіцячай чысцінёй,— мне стала ясна, што Жэнька мілы, разумны, ветлівы — не так сабе: што нехта ж яго так выхоўвае, што некага ж ён за штосьці так любіць.

A ў Жэнькі, пры ўсёй яго сур'ёзнасці, тырчаць ружовыя вушы. Гэта — таксама здорава: смешна i міла. I вельмі істотна для паўнаты яго вобраза.

* * *

Жнівеньская раніца.

У рэдкім лесе — заліты сонцам папаратнік.

Пад адным такім парасонам хітра схаваўся вялікі падасінавік. Дзяўчынка хадзіла, хадзіла па лесе i надарэмна толькі стамілася. Прылегла адпачыць, пасля расплюшчыла вочы — ён!.. Прыгожы, любы, як казачны прынц.

* * *

Малец з чацвёртага класа піша ў піянерскую газету пра непаладкі ў іхняй школе.

— Здольнасці ёсць, але ж залішне ён нейкі сур'ёзны, не па гадах,— кажа сваім супрацоўнікам цёця рэдактар, поўная строгая дама. I яна вырашае заняцца гэтым талентам сама.

«Напішы нам, Валодзя, як вы святкавалі ёлку».

У адказ апісана ёлка ў вясковай школе, а потым — прыпіска:

«Наш дырэктар, Мікалай Пятровіч Чыжык, купіў на сабраныя вучнямі грошы цукерак i большую палавіну забраў сабе...»

Цёця рэдактар піша яшчэ больш педагагічны ліст:

«Напішы нам, Валодзя, пра вясну — як яна прыйшла ў ваш калгас, колькі радасці яна прынесла рабятам вашай школы. Паспрабуй апісаць гэта вершам».

Вершык прысланы доўгі, грунтоўны i... з празаічнай прыпіскай:

«А наш дырэктар усё ж такі злодзей».

* * *

Скульптар паказвае школьнікам сваю майстэрню, ахвотна i цікава расказвае амаль пра кожную групу, пра кожны бюст,— як гэта робіцца, як працавалася. Жывыя, дапытлівыя пяцікласнікі слухаюць надзіва ціха.