Пра гэта Янка Брыль не мог расказваць раней i таму, што бальшавіцкая цэнзура такіх згадак не цярпела, i з-за апасення за ўласны лёс, які мог атрымаць трагічнае завяршэнне, калі б у Савецкай Беларусі даведаліся пра ўвесь гэты па бальшавіцкіх мерках страшэнны кампрамат.
Пакінуў свой важкі след Янка Брыль i ў вялікім эпічным жанры. Яму належаць раманы «Граніца» (застаўся незавершаным) i «Птушкі i гнёзды» — твор надзвычай арыгінальны i глыбокі. Аўтабіяграфічны пачатак пераважае i ў ім. Але мастак, не жадаючы ўсё зводзіць да ўласнай аўтабіяграфіі, «схаваўся» за героя Алеся Руневіча, якому аддаў вельмі многае з перажытага самім. У падзагалоўку гэты раман названы кнігай адной маладосці. Тут гітлераўскі фашызм, з якім Брыль непасрэдна сутыкнуўся ў часы палону, наказаны знутры, з самых вытокаў, з каранямі i той глебай, на якой яны ўмацоўваліся.
Выдатнае майстэрства Янкі Брыля, ягоныя дасягненні ў літаратуры ўшанаваны званнем народнага пісьменніка (1981). Быў Янка Брыль i дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР, адным з кіраўнікоў Саюза пісьменнікаў Беларусі, шмат займаўся грамадскімі справамі. I ўсюды працаваў з поўнай аддачай, абараняў праўду i справядлівасць. Ягоны гуманізм, узрошчаны на талстоўскіх традыцыях, у самыя цяжкія часы мы ўспрымалі як глыток свежага паветра.
Дзмітрый Бугаёў
АПАВЯДАННІ
Цюцік
Ён нарадзіўся ў лесе, у двары таго дзядзькі, што пільнуе лес. Спачатку нічога не бачыў i ніяк не называўся,— жыў сабе вобмацкам, ды ўсё. Было нешта вялікае, калматае, цёплае, у чым ён хаваўся разам ca сваім чорным казытлівым чмысікам; там жа была нейкая соска з крынічкай цёпленькага малака; а нешта вялікае, добрае грэла цюціка, абнюхвала i лізала, пяшчотна i многа. Было яшчэ нешта другое — маленькае, цёпленькае; яно тоўхалася з ім разам у пушыстай аўчыне i, заблудзіўшыся, дарма намагалася адабраць у яго соску з малаком i ўсё мармытала, усё пахныквала...
Пасля цюцік стаў бачыць i ўцяміў, што тое вялікае нешта з пушыстым цёплым кажухом i соскамі — гэта яго мама, калматая сука Муха, a цёпленькі мармытун — брат, такі самы шчанюк, як i ён. З ім разам цюцік ссаў матку, пасля хлябтаў малако з чарапка, гуляў на двары i ў будзе на саломе.
I ніколі яму на цямок не ўзышло, што з ім будзе далей.
Аднойчы маці недзе пабегла, а яны з братам сядзелі ў будцы i глядзелі на двор. Церушыў дождж, на будку капала з яліны, i не хацелася нават носа высаджваць на двор.
Цераз леснікову сядзібу, дарогай, ехалі фурманкі з дровамі. Дзядзькі спыняліся каля студні i паілі коней. Яны цмокалі на шчанят у будцы, гаварылі пра ix, але ніхто не чапаў.
А пасля дык едзе адзін толькі дзядзька на сівай, пацярушанай грэчкай, кабыле. Спыніўся каля студні, раскілзаў сваю здыхатую ды давай цягаць ёй ваду вагой у старое заплеснелае карыта. П'е Сіўка, а дзядзька падсвіствае ёй i глядзіць на шчанят. Пасля гэта — шлэп, шлэп у лапцях — падышоў да буды.
— І-і,— кажа,— якія харошанькія!
Усадзіў у буду руку i пагладзіў ix, прыгаворваючы: «Цюценькі, цюцькі...» За каршэнь выняў цюціка з буды, узяў на рукі, пагладзіў, пагаварыў, зноў палажыў, а сам пайшоў у хату.
З хаты выйшлі яны ўдвух з дзедам Арцёмам.
— Я ж кажу, чалавеча,— гаварыў дзед,— бяры хоць абодвух, балазе i сукі няма.
— Дзе там, дзеду, абодвух,— адказаў дзядзька,— будзе мне i з адным моташна. Баба ў мяне драпежная, сама ніяк не наесца.
— Эй, а што ж ты? Мужчына, я ж кажу, як той мядзведзь, а бабы баішся.
— Якое там, дзеду! Воўк сабакі не баіцца, але не хоча звягі слухаць.
— Я ж i кажу — часцей нос падціраў бы.
— A ўжо ж неяк там будзе.
— Дык у што ж ты яго возьмеш, чалавеча?
— Мяшэчак вось...
I дзядзька зняў з воза мокры мех з рэшткамі сена.
— Дзяржы ж т’каля. Я ж кажу — ядуць усё, як старыя, i ў роце чорна: злосныя.
Дзед выняў цюціка, расшчаміў яму зубы, паказваючы дзядзьку цюцікаў чорны рот, i апусціў шчанюка ў мех. Мех завязалі, i цюціку зрабілася цёмна. Дзядзька закурыў з дзедам з бараняга капшука, сунуў яму нейкую нуду на махорку, прывязаў мех на дровах i паехаў.
Была позняя, шэрая восень, гразка, i на звілістых лясных дарогах — глыбокія выбоі. Дровы моцна калывала i трасло, мех качаўся на паленах. Цюціка ў мяху кідала ўва ўсе бакі; у цемры ён тоўхаўся носам у бясконцае мокрае палатно i жаласна пахныкваў.