Выбрать главу

Лесам, лесам, пералескамі — i дзядзька выехаў на шырокі гасцінец. На глыбокім пяску перастала трасці. Цюцік супакоіўся, сагрэўся трошкі i заснуў.

2

Дахаты дзядзька прыехаў позна. Мокры, ацэплы, галодны. Распрог сваю Сіўку, упусціў яе ў хлеў, узяў на адну руку мокры хамут з шорамі, a ў другую — мяшок з цюцікам i пайшоў у хату. Там сабе лямпачка свеціць, цёпла, i дзеці яго, Міхась i Волька, гэтак радыя будуць пярэстаму цюціку!..

— Што гэта, дзеці? — усміхаецца дзядзька, прыўзняўшы руку з мяшком.— Можа, шышкі яловыя або шэранькі зайка? Не, гэта вось што!

I дзядзька вытрас цюціка на падлогу.

— Сабачка! Мама, сабачка! — закрычалі Міхась i Волька.— Ах ты, наш малышок! Цюценька мой, i лапкі рабенькія, сыценькі, цёплы... Мама, дай яму малачка! У кошчын чарапок!

— Яшчэ чаго не было,— аказалася маці.— Мала яшчэ, што галубоў гіблота, дык новую трасцу прывалок. Дальбог, i гэтага звяду! Не бачыла смуроду!

— От ты сціхні,— адказаў ёй бацька.— Якраз табе хлеба не хопіць. Засцігнула. Есці лепш давай!

Ён распрануўся i сеў каля стала. Волька падышла да яго, палажыла яму ручкі на калені i спытала, пазіраючы ў вочы:

— А што мы яму, тата, есці будзем даваць?

— От, пакуль малачко будзе хлябтаць, а потым бульбу свіную. Гэтак, як Курцік, памятаеш? — адказаў тата i пагладзіў Вольку па галоўцы.

— Пэўна,— аказалася ад печы мама.— Свіную бульбу. А потым заколеш яго. На вось, жары! — паставіла яна на стол капусту.

Але бацька ўстаў i пайшоў да паліцы, на якой стаял! збанкі з малаком, завешаныя зрэбнай полачкай.

— Хаця ж поўнага не пачынай, каб цябе ліха заела! Дай я сама!

А першы з краю збанок якраз быў поўны. Хацеў бацька ўзяць яго, на злосць бабінай звязе, але падумаў i ўзяў пачаты. Міхась падставіў кошчын чарапок, тата наліў малака, узяў цюціка за каршэнь i ткнуў мызачкай у малако. I малыш пачаў прагна хлябтаць.

Міхась i Волька падскаквалі ад радасці i смяяліся на ўсю хату. Тата паджургваў сваю пасаломленую чупрыну i таксама емяяўся.

А той, за каго пасварыліся — галодны цюцік з рабенькімі лапкамі,— хлябтаў, разгірачыўшыся, i толькі пачмыхваў, павільваў тоўстым хвосцікам i ўвачавідкі таўсцеў.

3

Маму звал i цётка Алена.

I вось гэтую зіму нешта дрэнна куры нясліся ў цёткі Алены. Адна марока. Выпусціць яна ix з падпечка, хопіць адну-другую за крыллі, памацае ды лаецца:

— А каб вас каршун падзёр! Адно павыядаліся, як копы!

Шэраму пеўню пападала па пер'і, i, адскочыўшыся, ён нездаволена кудкудыкаў, не ведаючы, чаго яна хоча — дурная баба...

— Агрызайся яшчэ, ціпун табе на язык, жарабец ты!

На «шчадра» цётка Алена накарміла ix куццёй у вялікім абручы з кадушкі, i неўзабаве Драпясценькая выйшла з падпечка, скочыла на лаву i на ўсю хату раскудахкала, што яна зняслася. Мама паслала Міхася пад печ з газоўкай.

— Ёсць! — крыкнуў Міхась.— У гэтым куточку яйцо, a ў гэтым яшчэ адна сядзіць, жоўтая!

Ад крыку яго закалыхаўся агеньчык газоўкі i цёмныя цені, а курыца спалохана паклявала галавой i кудахнула.

— Ну, вылазь, а то спудзіш яе! — гукнула маці пад печ, i Міхась вылез на хату.

— Мне зварыш, мама, мне! — затупала Волька.

A Міхасю проста хацелася самому кудахкаць ад радасці. Ён падсунуў яечка цюціку пад нос. Шчанюк панюхаў яго, завіляў хвосцікам i аблізаўся.

— Яшчэ чаго не было! — крыкнула мама.— Навучы, бацькаў сынок! Дай сюды яйцо! А ты вон, здыхата!

Мама адшпурнула цюціка нагой. Шчанюк заплакаў i лёг у сваім кутку.

Плакаць яго навучыла цётка Алена. Так з самага рання i лічы, што як дзядзькі дома няма, дык i паплачаш. I каб сказаў было за што! Хоць бы надоечы. Знайшоў ён у каморы пад скрыняй палавіну каравай халявы ад старога валёнка i панёс яго дзе-небудзь лепш перахаваць. А цётка стрэла яго ў сенях i дала прачуханца махрамі. А тут, як наліха, з кожным днём усё цікавей рабілася пашукаць што-небудзь, знайсці ды занесці ў лепшае месца. I заўсёды амаль спаткаешся з гаспадыняй i яе пякучымі махрамі...

Цётка нібы знарок шукала прычыны, каб звесці цюціка. I такі знайшла.

Аднойчы яна выпусціла курэй з падпечка, а сама пайшла недзе з бязменам, прычыніўшы дзверы. Малых не было дома: Міхась пайшоў у школу, а Волька да свае сяброўкі Тоні. А сам дзядзька паехаў у млын. Цюцік убег у кухню пагрэцца, а пасля — нюх, нюх, нюх,— пад печ. А там тры яечкі, такія самыя, як Міхась панюхаць даваў — цёпленькія, гладзенькія. Цюцік узяў адно асцярожненька ў зубы, панёс.

— О, гэта дык але! — стрэла яго ў сенях цётка. Схапіла цюціка за хвост, развязала другой рукою фартух i давай яго сцябаць, прыгаворваючы: « А я табе! А я табе!» A цюцік крычаў на ўвесь свет. Цётка вынесла яго на двор i шпурнула цераз плот на мерзлую раллю.