Выбрать главу

А першы раз таварыш апытваў мяне так няспешна, у два пальцы клацаў на сваім «станкачы» так марудна, даваў мне той пратакол прачытаць, падпісаць... А папка ўсё ляжала... i мне ўжо да болю хацелася выбухнуць, толькі ж баяўся, што напсую, i цярпеў, паглядаў. I нарэшце яна, тая ліловая папка з пяцізначным нумарам, чорна, выразна выведзеным пасля стандартна надрукаванага «ДЕЛО», лягла перада мною на суседнім невялікім стале.

Анкета. Ордэр на арышт. Другі — на вобыск. Даносаў няма, допытаў сведак таксама. Пачата справа 27.XI. 1937 года. Пасля — паўза на цэлыя чатыры месяцы, а 22.ІІІ.1938-га — «заявление» на імя начальніка аператыўнай групы «куста», падпісанае вязнем белацаркоўскай турмы. Служыў дзянікінцам. Потым дэзерціраваў з Чырвонай Арміі. З 1928 года нямецкі шпіён, цераз консульства ў Кіеве. Шкодніцтва на працы заатэхнікам, знішчэнне маладняку. I перад подпісам вязня — подпісам іншым почыркам! — такая канцоўка:

«Моя работа как шпиона и двурушника заслуживает тяжелейшего наказания, сознавшись чистосердечно прошу даровать мне жизнь и дать возможность исправиться».

Гэта я запісаў.

Ашаломлены болем, ухапіўся пасля таго «заявления » за сведчанні братавых саслужыўцаў, узятыя пад канец 1956 года. Таксама выпісаў з некаторых галоўнае. Перш за ўсё тое — з вочнай стаўкі.

Ветэрынар Л. Клісенка, у адзін дзень з Валодзем арыштаваны за сумеснае шкодніцтва на рабоце, да чаго потым яму дадаліся яшчэ i «антысавецкія анекдоты», праз два месяцы пасля вочнай стаўкі быў выпушчаны з турмы, a ў кастрычніку пяцьдзесят шостага засведчыў, «як камуніст», што на той вочнай стаўцы:

«...Бриль подтвердил о тех анекдотах. На коридоре я возмущенно спросил, как же это ты сделал, и он мне сказал: «Если бы тебя так избивали, как меня, ты еще не то сказал бы». Наблюдая за Брнлем, я заметил, что он находился в крайне подавленном состоянии и был ко всему безучастен. Тогда он бросил такую фразу: «Если бы ты знал, что я на себя наговорил! Я уже не жилец на этом свете, я почти слеп». Более того, в тот момент Бриль производил впечатление полувменяемого человека».

У пакой да таварыша, які здымаў з мяне пратакол, i да яго маўклівага супрацоўніка за трэцім стадом пачалі заходзіць то адзін, то другі, з пагаворваннем пра абед. Мяне з папкай пакінуць аднаго, вядома, не маглі, i я пачаў спяшацца. A ўсё ж i са сведчанняў іншых братавых саслужыўцаў у пяцьдзесят шостым паспеў сёе-тое выпісаць.

Я сазваніўся з сябрам, да якога паабяцаў зайсці адгэтуль, i не падумаў адразу, чаму ён здзівіўся, што я не стаў слухаць, як мне лепш даехаць да яго, сказаў, што дайду пехатой.

А тады я ішоў — спачатку ўніз па крутым завулку, завужаным высокім плотам нейкага будаўніцтва, а потым доўга, вельмі доўга па люднай, шумнай вуліцы. I ў маёй утрапёнай душы паўтараліся то чорныя, то святлейшыя плямы з той акаяннай папкі, то запісаныя мною, то не. Канцоўка «заявления», падпісаная іншым почыркам,— тая апошняя просьба.

Вузенькая паперына, не першы i не другі, а то i не трэці або чацвёрты, цьмяна-мурзаты экземпляр з-пад машынкі, куды персанальнае ўпісана ад рукі, a ўсё падпісана чырвоным алоўкам i замацавана трохкутнай пячаткай — пра тое, што «приговор приведен в исполнение».

Братавы словы ў двайной падачы — цераз Клісенку i таго, хто пратаколіў: «Если бы ты знал, что я на себя наговорил!.. Я уже не жилец...»

Тады яшчэ словы іншага саслужыўца, старшага заатэхніка В. Коваля, які ведаў Валодзю ў 1930-1937 гадах:

«Характеризуя Бриля с политической стороны, я могу сказать, что он был настоящий советский человек. Политикой он не интересовался, так как все время отдавал основной работе. Случаев вредительства в совхозе не было никогда. Один из лучших совхозов не только на Украине, но и в СССР...»

Яшчэ адзін, Ф. Гацэнка, дырэктар саўгаса, у якім Валодзя працаваў раней, у іншым кутку Кіеўшчыны:

«Работал Бриль добросовестно, все у него было в образцовом порядке. Всем своим поведением он создавал впечатление лойально настроенного по отношению к советской власти человека».