Выбрать главу

Расказваючы пра тую сустрэчу бацькі з дзядзькам, дзе быў закрануты Хрыстос, Шура мне сказаў, што бацька тады вельмі пакрыўдзіўся. Гэтую крыўду я памятаю i па Ігнатавым расказе пра сустрэчу ca старэйшым, які ў той час, можна сказаць, быў у росквіце сваёй кар'еры: i прэміі атрымліваў, i на курорты ездзіў, нават з наркомам сустракаўся. I крыўда тая, справядлівая, усё-такі ў нечым была для мяне з нейкай горкай недагаворанасцю...

Сухаром Ігнат не быў. У адзін з тых радасных дзён, над рэчкай i яго маленства, над нашай ціхай, маляўнічай Вушай мы сядзелі з ім удвух, з вудачкамі, глядзелі на паплаўкі, на родную красу, няспешна гаманілі. I вось ён пачаў спакваля падбірацца са сваім запаветным — угаворваць, каб я ахрысціў сваю Галю, якой не было яшчэ года.

Пасля «перековки» ёнбыўпаспрабаваўзноўстаць свяшчэннікам, але яго зноў, ужо ў іншай вобласці, выклікалі i строга папярэдзілі. Прыйшлося падацца за Урал, балазе там былі знаёмыя па Адэсе, надзейныя. Яны, самі ўжо там абжыўшыся, змаглі ўладзіць яго настаўнікам у ix рабфаку. Дырэктар, праўда, касавурыўся на той разрэзаны ды зашыты лагерны «серяк», аднак i выкладчыкі былі патрэбны, i рэкамендатар салідны,— новага прынялі. Настаўнічаў ён на добрым узроўні, карыстаўся пашанай студэнтаў i выкладчыкаў, аднак у душы заставаўся самім сабою. Што i ўсплыло наверх праз год пасля гасцявання ў нас. Ён па здароўі звольніўся ў рабфаку i зноў аблачыўся ў расу.

Але пакуль што мы з ім над ракой.

Мама жыла тады ў мяне, яна засталася ў Мінску, не з яе здароўем было ехаць у вёску на спадарожных грузавіках. На тэму святога хрышчэння яны з Ігнатам паспелі сам-насам пагаварыць. I вось ён прадоўжыў тэму на адпаведным узроўні:

— Не лишай ты своего ребенка благодати, которую сам получил...

Я ўжо добра асвойтаўся з ім i ў адказ, з цёплай рыбацкай лянотай, адказаў нешта так: я вельмі рад, што вы з Шурам прыехалі, што мы нарэшце ўбачыліся, i я магу табе, бадай, уступіць — ахрысціць малую...

I тут ён зусім нечакана сышоў з набожнага тону, засмяяўся свабодным мужчынскім смехам:

— Чудак! Да разве же это — для меня?

I стаў яшчэ бліжэйшым.

Аднак невыразна прыкрае ўражанне ад той яго сухаватаправеднай крыўды на Валодзю за Хрыста не толькі закранула мяне ў тыя нашы загорскія дні — я гэта ўспомніў i летась, пасля ракавога кіеўскага званка. Баюся браць грэх на душу, але быў, здаецца, i затоены працяг той праведнай ісрыўды: калі прыйшоў Валодзеў час — яму, маўляў, ніхто не дапамог, нічога не дапамагло!..

I горка думалася мне, пасля таго званка згадалася, што калі б i самому яму, Ігнату, пасля арышту,— Шура расказваў: не бітаму,— прыйшлося так пакутаваць у бясконцых, пякельна напрактыкаваных катаваннях, дык, можа, i ён сказаў бы са свайго крыжа — у душы ці ўголас:

— Божа мой! Божа мой! Чаму ты пакінуў мяне?

Як гаварыў гэта — нялёгка думаецца — i Валодзя.

ВАКОЛ ПАДТЭКСТУ

Сорак гадоў насіць у памяці вобраз брата, які не скарыўся ад катаванняў, «нічога не падпісаў», а потым уведаць, што адбылося не так,— гэта нялёгка...

Пасля дняпроўскага тыдня, на працягу якога столькі было вячэрняй i ранняй красы ўкраінскай прыроды, шматлюддзя сустрэчаў у некалькіх гарадах, столькі паэзіі i музыкі, Шаўчэнкавай i народнай, пасля Быкаўні i папкі з пяцізначным нумарам — я апынуўся ў родным наднёманскім кутку, у прылясной цішыні.

I кожную раніцу абуджаўся з тым самым сумам i болем...

За тым, пра што я даведаўся, прыадкрыўшы заслону паўвекавое даўнасці, адчуваўся глыбокі, цёмны, студзёны падтэкст...

Я шукаў выхаду, i ён мне ўсё з большай ды большай настойлівасцю бачыўся ў тым, што трэба зноў ехаць у Кіеў, пагартаць тую папку яшчэ раз.

Было i тое, што адцягвала ўвагу ад аднаго, рассейвала яе i неяк супакойвала,— сякія-такія дачныя клопаты, чытанне вялікай карэктуры, глядзенне па тэлевізары Першага з'езда народных дэпутатаў. Аднак жа праз некалькі дзён я ўжо званіў з Мінска ў Кіеў, следчаму, i дамовіўся пра сустрэчу. Справа была яшчэ ў яго.

Пачалося лета, курорты, канікулы, з білетамі ў паўднёвым кірунку стала туга, i самалёт быў мне ў Саюзе пісьменнікаў забяспечаны толькі на дваццатае чэрвеня. Але i гэты дзень нарэшце прыйшоў. I вось я яшчэ з аэрапорта званю ў гарадскую пракуратуру, зноў чую знаёмы голас: калі ласка, чакаю.

Праз дзве гадзіны, уладзіўшыся ў гасцініцы i дачакаўшыся канца абедзеннага перапынку, я прыйшоў да следчага і, павітаўшыся яшчэ раз, прысеў да стала, у добрым настроі i поўнай гатоўнасці. А ён, усётакі сімпатычны хлапчына, скажам па праву ўзросту, убачыўся нейкім стомленым ды маркотным. I зусім не спяшаўся даваць мне папку. На ягоным стале яе не было. I ён прыкметна змагаўся з няёмкай неабходнасцю штосьці сказаць. А потым i сказаў, з недагаворваннем ды невыразнасцю, што справу даць мне другі раз — не можа. Яна ўжо не ў яго...