Снегу было няшмат, i цюцік выбіў лапку. Заенчыў, заплакаў. Пасядзеў, палізаў больку, хацеў ісці, але толькі ступіць — заенчыць зноў. I ён пачыкіляў: тры з палавінай, тры з палавінай... Плот быў новы i зусім шчыльны. Як ні намагаўся цюцік ушыцца на свой двор — не было нават малое дзірачкі. Тры з палавінай, тры з палавінай... «Ы-хы-хы! Ы-хы-хы!..» Пасля плот кончыўся, а навокал усё снег ды снег, а па снезе паскрэбвае сярдзіты вецер.
Чыкіляў, чыкіляў цюцік i апынуўся пад нейкім гумном. З дзядзькавага хутара, сам таго не ведаючы, ён прычыкіляў у вёску. Пачынала шарэць. Цюцік кульгаў па вуліцы i пахныкваў. Падышоў да нейкіх варот, цікнуў спаднізу i палез на падворак. Пуста навокал, i сені зачынены. У наступных дзвярах у куточку была дзірка, для ката. Цюцік панюхаў i палез. Цёмна. Нюх, нюх, нюх... Адна толькі шорсткая кастрыца. А потым раптам — шшух! — i паляцеў кудысьці старчма. Стукнуўся аб нешта цвёрдае, вострае, перакуліўся i ўпаў на сырое каменне. Пабіў лабаціну, спіну. Плакаў, плакаў, як той бедны Якаў, i ўсё яму пан бог аднакаў. Тады ён змоўк i прыслухаўся: ціхенька, цёмна, толькі пахне квашанай капустай i сырою бульбай. У кутку шарганулася нешта па дошках, а пасля запішчалі, зацяўкалі пацукі.
«Ну,— падумаў цюцік,— прападу я тут за нішчымны квас...»
У Габрусёвых у хаце была толькі бабка Хвядося. Шарую гадзіну спраўляла сабе ды паглядала ў вокны, што гэтак позна, a хатніх — няма ды няма. Яны пайшлі да малатарні да Якіма — i Сцяпан, i Настуля, i Рыгорка.
— А-а, што ж гэта так забавіліся? Скаціне не давана. Хм, пайсці хоць бульбы ўнесці.
Бабуля апранула кажушак, узяла кошык i патэпала ў пагрэбнік. Падышла да жарала, кінула туды кошык i ну ступаць на лесвічку.
— А-я-яй! — заенчыла нешта адтуль.
— Пан Бог з намі — што ж гэта? — Уздрыгнулася бабуля ды ходу.— Хай яго ліха, што ж гэта? — Пастаяла, падумала.— Пайду хіба газоўку вазьму.
Але старая i з газоўкай пабаялася. Стала зноў чакаць хатніх. Прыйшлі яны, i бабуля ім расказала.
— Хадзем! — сказаў Рыгорка.
Яны пайшлі. Хлопец палез у яму.
— А мо не лезь, унучак, хай яго...
Шаркнула запалка, i ў жарале засвяцілася.
— Сабачка, баба, сабачка! А мой жа ты!
З ямы пачулася пахныкванне.
Цюціка дасталі i панеслі ў хату. А там ужо мама агонь запаліла.
— Бедненькі, цюцька, галодненькі,— шкадавала яна.
— Хай яго! Толькі напалохалася,— смяялася бабуля.— Дальмала: што за звер?..
— От, бедавалі па Лыску. От i сабака будзе. Бачыш, які ладны,— казаў тата, папыхваючы люлькай.
Налілі цюціку капусты.
— Бачыш, бачыш, аж чарапок падскоквае! — смяяўся тата.
— Нейкая ж зараза ножку перабіла,— гаварыў Рыгорка, прыглядаючыся.
Тата адкашляўся i плюнуў.
— Мала хіба дурняў на свеце,— сказаў ён i зноў зацягнуўся дымам.
— От дзе — буху, буху, як у бочку, a ўсё смокча махнушу гэтую,— сказала мама.
А бабуля Хвядося:
— Што ж ты,— кажа,— другі б'еш скацінку: скацінка ж немая, мілыя, яна не скажа...
A цюцік толькі аблізваўся ды павільваў тоўстым хвосцікам.
Рыгорка занёс яго ў хлеў, пагладзіў i палажыў ля Гнедчынага катуха, а сам пастаяў i пайшоў.
Цюцік пачаў прыслухоўвацца, нюхаць. Пад ім навокал пахла конскім гноем i аржаной саломай, а над галавой хрупала сена кабыла. Пачуўшы сабачы дух, яна панюхала i, не датыкаючыся да цюціка цёплымі, валасатымі губамі, з агідай пырхнула. Цюціку здалося, што i яна ўжо ведае пра ягоную крыўду i шкадуе яго. Ён пахныкаў ёй трохі, а потым змоўк. Гнедка хрупала мерна, павольна, час ад часу спыняючыся, каб насцеражыцца, паслухаць...
Ах, як добра цюціку, як смачна ў жываце, які ён пузаценькі, цёплы i мляўкі!
Цюцік скурчыўся i шчасліва заснуў.
Марыля
У багатага дзядзькі Жука, без пары нарадзіўшы малое, памерла нявестка Марыля.
Звялі маладзіцу ca свету сямейнікі. Свёкар быў звер i скупеча, «зямля ненаежная». А сынок— яшчэ горшы. Воза сена не мог накласці, няўдаліца, i ўсё злаваўся. А хто ж заўсёды першы пад рукой, як не жонка? I ёй даводзілася часта. Як толькі пажаніліся, дык i набіць яе не мог, пакуль не навучыўся. Свякроў была вельмі ж драпежная ў працы. Калісь нават дзяцей на полі ці ў градах раджала. Цяпер хадзіла згорбіўшыся i ўсё подбегам, трушком, быццам ёй горш, як усяму свету, часу не хапала. На кірмаш сядзе ехаць i то, здаецца, бегла б на возе, каб хутчэй справіцца. На добры лад, ёй ужо зусім не след было працаваць, а яна-такі ўсюды трапляла. Усю малацьбу цапамі пераб'е разам з маладымі. Тады ўжо, бачыце, насмела можна пілаваць: «Я вось i то, а вы-то, што ж?» Жміндзіла — хай бог крые...