Выбрать главу

У Быкаўні, сярод знойдзеных імянных «вещдоков», чатырнаццаты па ліку — муштук. З прозвішчам, з ініцыяламі, з датай, але нічога на ім пра «цяжкія хвіліны», думкі пра родных, пра плач... Такое тут — зноў жа ў падтэксце. I ён, падтэкст гэты, не толькі ў лесе гэтых двух, курапацкага паляка i быкаўнянскага беларуса,— усенародны ён, усясветны!..

Муштука, што цяпер затаіўся ў шуфлядзе майго пісьмовага стала, магло i не быць — ужо i знойдзенага, i абвешчанага ў друку. Нібыта падказаў мне хтосьці мудры — папрасіць у следчага аддаць рэліквію родным. Ён сказаў тады пра экспертызу, а пазней, калі мне муштук аддалі, растлумачыў па тэлефоне, у чым яна, экспертыза, заключалася б. Вельмі проста — дзеля таго, каб навукова ўдакладніць, што муштук сапраўды касцяны, яго спачатку трэба было б раскрышыць...

А так ён сведка i катаванняў, i падзямельных стрэлаў, i начнога закопвання, i сам выйшаў з таго палітычнага пекла, i мяне ўжо двойчы — цераз ліловую, з мноствам наклеек, крыху зацапаную папку — уводзіў туды ж...

Ці вытрымаў бы я яшчэ i трэці раз?

Выпісваю блакнотнае:

«Бывае так горка i цёмна ад тое папкі, што ўчора нават... праўда, упершыню, падумалася: няхай бы лепш я, ужо адзін, апошні з сясцёр i братоў, застаўся лепш пры тым варыянце Валодзевага канца, які мы ведалі да знойдзенага муштука!.. Хоць «ведалі» не падыходзіць — толькі меркавалі...»

За пятнаццаць месяцаў, падораных муштуком i папкай, я многа чытаў блізкага майму болю, патрэбнага для маёй задумы. Турэмныя ды лагерныя ўспаміны тых людзей, што выжылі. Яны — i нямногія з ліку забітых ды замучаных, ix адначаена i многа, калі далічыць i тых, пра каго яны расказалі, a ўлічыўшы ix права i абавязак гаварыць i за тых, што самі ўжо нічога не скажуць, ix — вялікае мноства. Бо праўда ix — найвялікшая.

Гэтая праўда свяціла i мне, дапамагаючы ад свайго, сямейнага ісці шырэй. I тое, чым я хачу падсумаваць свае пошукі, свой роздум, мне цяжка дый i не трэба аддзяляць ад таго, што я ўзяў ад народжанай у пакутах праўды другіх людзей, ад ix вопыту, што мне дапамагала ў цяжкія хвіліны.

Справу чытаў я двойчы, з пакутлівай пільнасцю. Раіўся з двума юрыстамі, у Кіеве i ў Мінску. Па маёй просьбе, з ужо адасланай папкі, мне прыслалі ксеракопіі чатырох вырашальных дакументаў: з аднаго боку — выпіска з пратакола пасяджэння «тройкі» i з акта пра выкананне прысуду, а з другога боку — заключэнне па архіўна-следчай справе па абвінавачанні i акрэсленне ваеннага трыбунала,— прысуд i забойства, расследаванне i рэабілітацыя, яшчэ ад на чалавечая гісторыя, заключаная ў векапомных датах: 1937-1956. I шкодніцтва (артыкул 54-7 украінскага Крымінальнага кодэкса), i шпіянаж (артыкул 54-6) юрыдычна палічаны поўнасцю бяздоказнымі. Так i падкрэслена: «не нашло своего подтверждения». Ca спасылкамі на розныя архіўныя нумары i абрэвіятуры. А тое, што як між іншым, дадаткова, без якога-небудзь артикула, ушчэмлена паміж тымі «вінамі» — служба ў белых i дэзерцірства ад чырвоных — пры разглядзе справы на рэабілітацыю праігнаравана зусім, не згадваецца аніяк...

Што застаецца?

Жахлівы махавік круціўся ва ўсю няспынную сілу, жорны малолі, не буксуючы ў чалавечай крыві. I брату майму, як i многім, патрэбен быў той, хто штурхане пад махавік, у жорны, i той знайшоўся. Гэта мог быць i загадкавы М., яўрэй, i нехта рускі, украінец, беларус — у мярзотнікаў таксама ж ёсць свой няпісаны інтэрнацыянал. Імёны членаў яго з надзейнай сакрэтнасцю, відаць, наперад ахоўваючы сакрэты метадаў, схаваны недзе ў іншых папках, кажуць: з паметкай «агентурные сведения», i папкі тыя не паказваюць нават «у парадку выключэння». Ба ўспамінах людзей, якія цудам ацалелі ў жорнах «класавай барацьбы», мне двойчы сустрэлася такое акрэсленне «судоў» i «асобых нарад»,— судзілі не за што, а дзеля чаго. Чалавека трэба было знішчыць, камусьці гэта было патрэбна, i яно рабілася. З усёй каравасцю крыважэрнага хамства, з тоўстымі белым! ніткамі юрыдычнага дылетанцтва, з магільнай неразгаданасцю падтэксту. Многа ўсялякіх варыянтаў у тым падтэксце, а вядома агульнае адно — такі быў час i лад.

Яшчэ два запісы з розных дзён.

Першы — зроблены адразу пасля другога чытання справы:

«...Душа мая зыоў дакранулася да бездані жаху, ужо ў большим спакоі, аднак i зноў яна смуткуе, няхай сабе не смяротна, як у Валодзі было, але блізка да гэтага. Хрысту было лягчэй: ён жа i Богачалавек, i тры апосталы, найвярнейшыя з дванаццаці, былі пры ім. А брату майму не было каму сказаць у безвыходнасці чалавечай тугі: «Душа моя скорбит смертельно; побудьте здесь и бодрствуйте со мною...»

I другі запіс, пазнейшы:

«I зноў, i ўжо даўно не ўпершыню вяртаецца бачанне страшэнна невымернай чалавечай крыўды i абразы. Ён працаваў сумленна, жыў сціпла, шчасліва ў сям'і, i вось яго бяруць, катуюць датуль, пакуль яму не стане абыякава, што перапісваць пад дыктоўку (тое «заявление»), што падпісваць, нібы нямоглай старэчай рукой (тыя тры пратаколы), тады яшчэ паўгода — скатаванага да слепаты, зламанага, зганьбаванага — трымаюць за кратамі, каб потым завезці за сто з гакам кіламетраў, у галоўнае падзямелле, дзе ў рабочым парадку, на масавым канвееры застрэліць ва ўпор у скронь ці ў патыліцу, а потым механізавана, на транспартнай стужцы выкаціць у грузавік,— ноччу! ноччу! — завезці далей за горад, у лес, i закапаць разам з мноствам таксама скатаваных, зламаных, зганьбаваных, у скронь ці ззаду застрэленых, навекі,— бо так i лічылі каты-следчыя, атлусцелыя «троечнікі» ірадавыязабойцы,— навекі, наглуха закапаных у «праклятае народам» небыццё. Разам з усімі бездапаможнымі пратэстамі, заклікамі да справядлівасці, з мільённадушным адчаем: за што? у імя чаго?..»