Пры той жахлівай масавасці генацыду — у адным чалавечым лёсе няма нічога надзвычайнага.
Апроч цуду з імянным муштуком, цуду — аднаго на сотні тысяч ці на мільёны. I мне так неабходна найясней убачыць, як расказачь пра гэта — пра звычайнасць i незвычайнасць, універсальнасць трагедыі, заключанай, як у маленечкай кроплі, у гісторыі адной чалавечай сям'і. На прыкладзе свайго мне лепш, а можа, i найлепш відно, як гэта жудасна — замучыць, забіць невінаватага. Думаючы пра мільёны, адзін бачыцца вельмі маленькім, у вялікай краіне, тым больш ва ўсім вялізным свеце гэта так мала — адзін. A ў сям'і, у душах родных гэта ж цэлы свет болю. A ў душы найраднейшай — у матчынай? Я памятаю, я чую зноў, як яна плакала начамі... Не ведаю, што адчуваў бы я як сын яго, як бацька, як шчыры друг. Я адчуваю сваё, як ледзь не па-сыноўняму малодшы брат. Так пазнаю, i яшчэ пазнаю свайго таямнічага, амаль зусім невядомага... Вось я чытаю пра допыты, пакуты, стойкасць i ламанне i ўвесь час міжволі думаю пра свайго. Ён трымаўся чатыры месяцы. Ён быў, як маці казала, «гарачы i горды», i гэта раз'юшвала катаў, яшчэ ўзмацняла яго i так невыносныя пакуты. Сам ён зламаўся? Яго зламалі! Як многіх, вельмі многіх... Гляджу на фота яго, адно з апошніх, ужо, як мне здаецца, з тым сумам у вачах, гляджу найменшы на найстарэйшага, цяпер старэйшы за яго на паўстагоддзя, i хочацца бацькавым любімым словам сказаць, i я гавару: «Голубчик мой!..» I плачу за ўсіх, за бацькоў, за сясцёр i братоў. I за Валю ягоную, нашу мілую Валю, якая плакала б цяпер найбольш.
«Віна» з пакутнікаў пераходзіць на віііу над крэслена, без двукосся — на іхніх «суддзяў», на той час, на тую палітыку, аслепленасць, апантанасць, чуму, халеру... штосьці яшчэ горшае!.. I як ні многа я чытаў i слухаў пра той генацыд, не памятаю, каб сярод прычын, якія спрыялі яму, накіроўвалі яго, была названая яшчэ ад на прычына, вельмі істотная, з найгалоўнейшых — партыйная дысцыпліна, што спараджала, натхняла, апраўдвала выканаўцаў...
У «Выпісцы з пратакола пасяджэння Тройкі», нібы незаўважна, сціпла, стаіць такая вышынская фраза: «В проведении шпионской деятельности сознался». I яна там, для «тройкі» — галоўнае. Агавор самога сябе, выбіты катаваннямі, быў для ахвяры не проста небяспечны, а смяротны. Канцоўка ў «заявлении», трафарэтна прадыктаваная вязню, з тым «сознавшись чистосердечно прошу даровать мне жизнь и дать возможность исправиться» — гэта банальны інквізітарскі цынізм. Ужо само накіраванне следствам справы на «асобую нараду» азначала i суд i прысуд адразу...
A быў жа яшчэ i нагавор. На ветэрынара Клісенку, таварыша па працы. Таксама выбіты катаваннямі, а тым не менш такі мне балючы. I радасна, што нагавор Клісенку не зашкодзіў. Праз два месяцы пасля вочнай стаўкі з Валодзем ён быў выпушчаны з турмы пад распіску пра нявыезд, дапушчаны да ранейшых абавязкаў, каб потым, у маі трыццаць дзевятага, калі ўжо не было яжоўшчыны, а прыйшло берыеўскае ўступнае паслабленне, быць апраўданым пракуратурай «як няправільна арыштаваны». Не ўзяўся пад увагу i той «антысавецкі анекдот», які, дарэчы, не падняўся да самога Сталіна, a быў нібыта расказаны пра Калініна. Сяржант Сагалаеў, які i следства вёў, i пратакол вочнай стаўкі падпісваў, вышэй узняцца не асмеліўся...
З падтэкстам бачыцца мне ўвесь той нагавор. Балюча было ад падазрэнняў, чытаючы i ў «заявлении», i ў пратаколах перадсмяротнае трызненне блізкага чалавека... Няўжо i гэта было патрэбна толькі для таго, каб так ламаць i зламаць упартую ахвяру?
Я паўтараю — як гэта добра, радасна, што нагавор той не зашкодзіў, што Клісенка дажыў да часу, калі ў яго сталі зноў пытацца пра Валодзю, i сумленна сказаў пра яго тое, што так прычынілася да зразумення, да апраўдання хоць пасмяротнага. Свет не без добрых людзей, i шкада, што падзякаваць ім ужо нельга.