- Адкуль грымнуў? - выдыхаем мы ўсе трое.
- Адкуль, адкуль. з арбіты, вядома. Бяру зараз пойла, а тут Гуцул увальваецца. Кажа, толькі што з домам размаўляў; уся сталіца савецкай Украіны на вушах стаіць. пажаркі гойсаюць, верталёты кружаць. - Аўтух прамаўляе ўсё гэта з нейкай вар’яцкай весялосцю.
Міша перахоплівае з Аўтуховых рук пляшку, іранічна крывеліцца.
- Ну, зваліўся спадарожнік... ну, падпаліў хмызняк... такой бяды. Падгоняць аэрадромныя вадамёты - вобмігам патушаць. Вунь, у нас на аэрадроме стаіць адзін такі, на базе цягача. Цыстэрна аб’ёмам 11 тысячаў літраў!
- А радыяцыя? - падае голас Алехна.
- А што радыяцыя... Па-першае, спадарожнік мусіць на 90 адсоткаў згарэць. Ну, а па-другое, для барацьбы з радыяцыяй ёсць адпаведныя сродкі. Кастрычніцкія парады бачылі? “На пляц, чаканячы крок, выходзяць войскі супрацьхімічнай абароны...”
- Гэта яны на парадах гарцуюць, а здарыцца што - хрэн каго знойдзеш, - не сунімаецца Алехна.
- А да таго ж, абшар рассейвання радыеактыўных рэчываў можа быць даволі вялікі, - нясмела гугнявіць Аўтух (кіяўлянін у свой час працаваў у газеце і часцяком прамаўляе газетнай мовай), - і рэкі могуць запаскудзіць.
- Ды ўсё гэта плёткі старой цёткі, - басавіта гаворыць Міша. - Гуцул з кім размаўляў? З жонкай? Знайшоў каго слухаць. Якая-небудзь адрына загарэлася, а ёй усясветная рэвалюцыя прымроілася... Далібог, дарма што п’яны, завяду зараз свой “жыгуль”, паеду ў аэрапорт і па спецсувязі са сваім лепшым сябрам пагаманю. Лёшка Мазур, паляшук. Мы з ім дзесяць гадоў на Паўночным флоце адбухалі. Зараз пад Кіевам жыве, на Мі-6 лётае, - Міша голасна крэкае, з безагляднай рашучасцю адкаркоўвае пляшку і нечакана засяроджваецца ды чухае бутэлечным рыльцам сівую скронь. - Хаця не. да яго зараз не датэлефануешся. Сядзіць дзе-небудзь на Дняпры, донкі закідвае. Заўзяты рабалоў. Аднойчы дваццацікілаграмовага ментуза выцягнуў.
- Бляха, які аэрадром! - ляпае у далоні Аўтух, ды так гучна, што мы падскокваем на крэслах. - Зараз усё высветлім!
Калега бяжыць у святліцу, і за сценкай ажывае транзістар: гучыць да болю знаёмая музычная застаўка. Мы сцішваемся, шыі нашыя выцягваюцца, веі не лыпаюць, і на бібісійнай хвалі, скрозь піск і радыёшум, прарываецца анонс галоўных навінаў: аварыя на капальні імя Засядзькі, падзенне коштаў на нафту, ушанаванне памяці кагадзе забітага шведскага прэм’ера Улафа Пальмё...
- Усё, глушы, - з урачыстай палёгкай выдыхае вертухальшчык і поўніць чаркі.
- Трэба будзе яшчэ “Свабоду” паслухаць, - Аўтух заносіць у кухню свой стары “Вэф”, ставіць на падвоканне.
- Ды што там слухаць. Калі б што такое - “галасы” адразу б паведамілі, - пракурорскім тонам рэзюмуе Міша і, драпежна варушачы коўцікам, глытае трунак.
Гарэлка цёплая - увесь час, пакуль слухалі радыё, вертухальшчык трымаў бутэльку ў руцэ. Са слязьмі на вачах, з кашлянінаю, глытаю гарэліцу і падымаюся з крэсла. Раблю выгляд, што мне трэба ў прыбіральню, а сам іду ў святліцу і валюся на ложак. Тутэйшую вадзяру прадукуе Ішымскі лікёра-гарэлачны завод, і яе папросту немагчыма піць. Горшая ад сівухі.
Спрабую заснуць, ды як тут заснеш - п’яная гамэрня свідруе слых і казыча нервы. Колькі часу бяседнікі гамоняць пра спадарожнік, потым Міша млява-летуценным голасам распавядае, як у яго аднойчы, на вышыні пяцьсот метраў, заклініў аўтамат перакосу, нарэшце сцішвае голас да шэпту і просіць Алехну прачытаць што-небудзь з ягоных апошніх вершаў.
Мой сябар - вядомы паэт. Калі ехалі на Поўнач, збіраліся ўвесь вольны час прысвяціць творчасці. І вось адседзелі ў тайзе цэлы год і не напісалі аніводнага радка. А-ні-вод-на-га! А я ж з дому нават агульны сшытак прыхапіў і на вокладцы назву твора накрэмзаў: “Полацак. Гісторыя заняпаду”. Хацеў паспрабаваць свае сілы ў эсэ з гістарычным экскурсам. І пачаць эсэ меркаваў з Інфлянцкай вайны, бо менавіта тады, з захопу Полацка Іванам Жахлівым, і пачаўся заняпад старога места. Зрэшты, як я цяпер разумею, горад быў асуджаны на заняпад. Здаецца, у Карамзіна прачытаў, што Полацак за часамі змагання за Інфлянты быў галоўнай літоўскай цвердзю. А якая ж гэта цвердзь, калі яе не атачаў каменны мур? Батура вунь да Пскова падышоў, паўгода пад сценамі прастаяў, пскоўскага таўкача аблізнуў ды назад пайшоў. Нібыта пры аблозе яму пораху бракавала. А насамрэч абламаў зубы аб каменныя муры ды вежы.
Інфлянцкай вайной я зацікавіўся яшчэ ў школе. Падручнік гісторыі, памятаю, пісаў пра гэтую кампанію дзіўныя рэчы. А менавіта: не паспеў Іван Жахлівы падысці ў 1563 годзе да Полацка, як значная частка месцічаў перакінулася на ягоны бок. Больш таго, палачане Іваноў ды Сафонаў паведамілі маскавітам пра набліжэнне літоўскага войска гетмана Радзівіла, а потым яшчэ нейкія тутэйшыя людзі паказалі іванажахліўцам прыхаваныя арсеналы ды запасы фуражу. Карацей, нар-р-род з радасцю сустракаў сваіх вызвольнікаў - стральцоў цара Івана Васілевіча...