Выбрать главу

Немцы з палякамі і дагэтуль бядуюць з прычыны змены ў 20-м стагоддзі этнічнай “крыві” Каралеўца й Брэслаў, Львова ды Вільні. Полацак змяніў этнічны склад яшчэ ў 16-м стагоддзі. І з гэтай нагоды ніхто не бедаваў...

На кухні грыміць посуд, і Міша сіпата апавядае:

- Я ў Туркменіі, каб на яе ліха, ледзь не згарэў, разам з вертухалам...

- Бяседнікі знянацку аціхаюць, і ў кілішках весела цурчыць гарэлка. - Адкамандзіравалі мяне на нафтапромыслы - гэта ў раёне Небіт-Дагу. Ліпень, спёка - тэмпература 40 ачкоў, нават болей. А тут рэзервуар з нафтай загарэўся. А чым тушыць? Поўнае бязводдзе! Вырашылі полымя падручнымі матэрыяламі збіваць. Панавезлі спісаных грузавых парашутаў, напоўнілі пяском, падчапілі да вертухалу - і наперад. Даляціш - медаль “За адвагу на пажары” атрымаеш, а не даляціш...

На кухні штосьці бразгае, Аўтух адчайдушна кашляе, і наваколле поўняць глухія ўдары па спіне: ішымская сівуха ўжо не жадае ліцца ў нутро.

- Карацей, падняў машыну, а яе матляе ў бакі і нос долу зарываецца...

- доўжыць свой аповед вертухальшчык, ды Алехна яго перабівае:

- Можа, занясем Аўтуха ў пакой, пакладзем на ложак?

- Не чапай, хай на стале пакімарыць...

Я бязгучна мацюкаюся, ізноў заціскаю вушы падушкай і прыгадваю бачаную ў нейкай старой кнізе гравюру: полацкі краявід за часамі Напалеона. На ім горад проста не пазнаць, столькі там каменных гмахаў, якія потым, цягам паўтараста гадоў, спляжылі нашчадкі Івана Жахлівага. Ды што там гмахі... тут сам народ “зліквідавалі”. Былі мы ліцвінамі, а сталі беларусамі. Вазьмі любы летапіс: паўсюль нашы продкі змагаюцца з маскавітамі. Вось хтосьці з фаварытаў Кацярыне і параіў: а давайце ліцвіноў назавем беларусамі. І ўсе пытанні адразу вырашацца. Бо гэта ліцвіны змагаліся з Маскоўшчынай, а беларусы заўсёды з радасцю сустракалі сваіх вызвольнікаў.

Як не сціскаю падушку, п’яныя галасы ўсё адно казычуць вушныя мембраны.

- А шторм абрынецца ды верталёты з палубы змые? - з няшчырай цікавасцю пытаецца Алехна. - Мяркуючы па тоне, сябрук падбівае вертухальшчыка яшчэ на адну пляшку.

- Йоп... ты хаця б уяўляеш - што такое сучасны верталётаносьбіт? - у голасе вертухальшчыка гучыць абурэнне. - Падчас шторму ўсе машыны знаходзяцца пад палубай, у ангарах.

- А як іх адтуль дастаюць?

- Як дастаюць. маюцца адмысловыя пад’ёмнікі... Э-х... у мяне такое адчуванне, што трэба яшчэ адзін бутэльмент. Без яго цяжка будзе ўсё растлумачыць.

На кухні стрымана лаюцца, пасля чаго, яшчэ больш стрымана, ляпаюць уваходныя дзверы і ў пакой зазірае сябар Алехна.

- Заходзь, я не сплю!

Сябар няпэўнай хадой уваходзіць, з вохканнем кладзецца на ложак.

- Што, чарговы заход?

- Чарговы. Сам камандзір верталёта пайшоў на віраж.

- А Аўтух дзе?

- Спіць за сталом, - тлумачыць сябар і трасе чупрынай, - ну, што ты пра ўсё гэта думаеш?

- Пра атамны спадарожнік? Нічога не думаю, галава іншым занята. Пра Інфлянцкую вайну разважаю.

- Пра што?!

Я махаю рукой, маўляў, няма ахвоты штосьці тлумачыць.

- Калі што і звалілася, дык, дзякуй Богу, не на нас. А то ўяўляеш - грымнуўся б той спадарожнік у Дзвіну?! - сябар закідвае рукі за патыліцу, з п’янаватай усмешкай глядзіць на столь.

- У якую яшчэ Дзвіну. яна і так засёртая, - няўцямна мармычу ў адказ, і сябрук, прыўзняўшыся на локці, зганяе з твару блазенскую ўсмешку.

- Не сцы, Вінцік, нічога яны табе не зробяць.

Сябруковы словы хаця і не адразу, але дапалі да свядомасці. На мінулым тыдні да мяне ў вагончык убіліся двое ў цывільным і адзін у міліцэйскай форме. Паведамілі, што даўно за мною сочаць і што я, як антысавецкі і нацыяналістычны элемент, мушу неадкладна выехаць на месца сталай прапіскі. Так што калі ліцвінаў маскавіты высялялі на ўсход, дык мне прапануюць ехаць у адваротным накірунку.

- Зробяць - не зробяць, але з Поўначы могуць паперці, - адгукаюся пасля кароткага роздуму.

- Такой бяды. паедзеш дахаты, уладкуешся на працу.

- Лёгка сказаць: уладкуешся. Калі мне тут няма месца, дык хто мяне дома возьме?

- Не драматызуй сітуацыю. Пакуль што ніхто цябе з зямной кулі спіхваць не збіраецца, - голас сябрукоў пасур’ёзнеў і злёгку ацверазеў.