- Адно толькі скажу: калі на наступны дзень па прыездзе пацягнуць на “прафілактыку” - ведай: за табой цікуюць суседзі.
- Вось жа дзіўна. больш года сяджу на Крайняй Поўначы, не лістуюся, ні з кім асабліва не кантактую, дахаты не тэлефаную і ўяўляю небяспеку для савецкай улады.
- Ды нічога ты, Вінцік, не ўяўляеш. Калі савецкая ўлада і скапыціцца, дык гэта дзякуючы савецкім генералам. Я летась на вайсковых зборах быў, і там нам, па страшным сакрэце, паведамілі - колькі ва Узброеных сілах налічваецца танкаў. Астранамічная лічба! А ўрэшце, што ты хацеў? - сябар узбівае падушку, пацірае, збіраючыся з думкамі, лабаціну. - Савецкай ўлады не любіш? Не любіш. Камуністаў не паважаеш? Не паважаеш. З ідэяй незалежнасці носішся? Носішся. Таму й патрапіў пад нагляд. Наглядчыкаў таксама можна зразумець: заробкі і спецпайкі атрымліваюць, з жонкамі ды каханкамі ў Крыме адпачываюць. мусяць жа і нейкую працу рабіць. А як будзеш рабіць, калі няма каго ў распрацоўку запускаць? Вось з Полацка сюды і патэфанавалі. - Пасля такога спічу сябар рашчапервае пальцы: - Нас жа, “незалежнікаў”, лічаныя адзінкі. Называю па літарах: А - Арлоў; Бэ - Бяляцкі; Вэ - Вячорка; Гэ - Глобус; Дэ - Дубавец; Е - Ермаловіч, Жэ - Ірэна Жарнасек...
“Незалежніка” на літару “З” сябрук назваць не паспеў, бо рыпнулі дзверы і Алехна ўсхапіўся на ногі. Яшчэ праз імгненне штосьці грукнула на кухні - пада мною нават здрыгануўся ложак, - я таксама усхапіўся, але тут жа лёг, бо пачуў здушанае крахтанне і кароткія мацюкі - гэта Міша з Алехнам валаклі ў суседні пакой Аўтуха, які зваліўся на падлогу.
.Паволі, ціхенька стаў наплываць сон і ўадначас, адагнаўшы на міг дрымоту, узнікла жаданне вырвацца з гэтага мышастага прыцемку, з гэтага паганага блашчычніку, з гэтага задушнага чаду, які апавіў маё жыццё. І я ўбачыў сябе самога - скурчанага, зацкаванага, шкадобы вартага, які спалохана лыпаў вачыма пасля кожнага зычнага ляманту на кухні. Было такое адчуванне, што душа вылецела з-пад сэрца і цяпер глядзела аднекуль збоку на пакінутае цела. І ўжо на самой мяжы - там, дзе сканчваецца ява і пачынаецца сон, - прыгадаў загнаных у маскоўскую няволю палачанаў, і падумаў - як ім там было моташна і, галоўнае, сорамна жыць. І яшчэ ўявіў сябе апошнім ліцвінам, і душа мая некуды паляцела, я нават пачуў свіст у вушах, потым пачала некуды правальвацца, і я размежыў павекі. Перад вачыма паўстала мутнае шкло, за якім - то ўдымаючыся, то злёгку падаючы долу, - разнасцежыўся заліты ружавізною абшар.
Штурвал цяжка трымаць. Машыну прыкметна матляе, і нос верталёта ўвесь час зарываецца долу. Гуд рухавіка, і без таго натужлівы, бярэ іншы тон - ужо зусім надрыўны. Там, на доле, матляецца тармазны парашут, па край напоўнены пяском. Сонца недзе ззаду, і перад носам верталёта бяжыць і ніяк не можа адарвацца ад пагоні ўвішны цень. Цень бяжыць па кустах, па свежай раллі і нечакана, крыху аддаліўшыся, распластана слізгае па люстры вялікай ракі.
- Меконг, - шапочуць вусны, і я дзіўлюся, што берагі лаоскай ракі зараслі не пальмамі і бамбукам, а звычайным алешнікам.
На сярэдзіне ракі машыну кідае ў бакі, я да белаты ў пальцах сціскаю штурвал і заўважаю, што яго, штурвал, трымаюць чужыя рукі: цяжкія, да чарноцця загарэлыя, з наколкай “Мурманск” на правай цэўцы. У кабіне агідна пахне ёдам; міжволі цягнуся да аптэчкі - спраўдзіць, ці не пабілася якая пляшачка, - верталёт рэзка нахіляецца, і я аберуч, чужымі рукамі, хапаюся за штурвал. На даляглядзе, за шчытнай палоскай лесу, уздымаецца ўгору белая аблачына. Неадрыўна гляджу на яе - дзесьці там грымнуў долу спадарожнік, - і заўважаю купку людзей і каня пасярод узаранага поля. “Дома ўжо бульбу садзяць”, - гучаць у вушах Аўтуховы словы. Людзі глядзяць з-пад рукі на верталёт, а нейкі падшыванец бяжыць па разоры, махаючы мне рукою. Скідваю хуткасць, і нос верталёта падаецца ўгору. Што яны тут робяць? Няўжо яны не ведаюць, што вунь там, за тым ляском, разбіўся атамны спадарожнік?! Наперадзе яшчэ адна рака. Двое малых ідуць з вудамі да берагу і таксама махаюць мне рукамі. Верталёт караценька падае, потым уздымаецца, завальваецца на левы борт.
- Бяжыце адсюль! Не падыходзьце да ракі! - крычу, адчыніўшы люфцік, і прачынаюся.
З кухні далятае бразганне лыжак у шклянках і прагнае, са стогнам і незласлівымі мацюкамі, пасёрбванне.
“Які дзіўны сон!” - думаю, мружачыся на гадзіннік, які апошнім часам не здымаю з рукі. Звычайна сны адразу ж забываюцца, а гэты яскрава адбіўся ў памяці. І не толькі сон, але адчуванне, якое ён спарадзіў: нейкай няўцямнай трывогі. Тое, што я кіраваў у сне верталётам - рэч зразумелая. Цэлы вечар балбаталі пра тыя вертухалы. Але адкуль узяліся чужыя рукі - вось загадка. У мяне і раней было такое адчуванне, што душа ў сне ўбіваецца ў нечае цела. Я нават хацеў распавесці пра гэта сябру, ды той відавочна пакруціць пальцам ля скроні. І ўсё ж цікава: чые гэта рукі трымалі штурвал? Можа, мне прысніўся сам Міша? Але ж у яго няма на руках наколак. А можа, гэта быў ягоны сябар, што жыве пад Кіевам? Вечарам абавязкова распытаю вертухальшчыка - ці ёсць у ягонага сябра- палешука наколка на правай руцэ. Адчайдушна пацягваюся і згадваю, што Мішы ўжо не пабачу, бо ўвечары буду штурмаваць цюменскую авіякасу. А яшчэ праз два дні буду ў Полацку. І са шчаслівым, з дзяцінства знаёмым пачуццём, калі можна яшчэ хвіліну паваляцца ў ложку, пазяхаю і нацягваю коўдру да падбароддзя.