Цяпер пытаю вас, дзецюкі,- хто ж нам гэта ліха нарабіў і што зрабіці трэба, каб мы былі шчаслівыя і на гэтам, і на тамтам свеце?
Нарабіў нам гэтага ліха, дзецюкі, гэта цар маскоўскі, ён-то, перакупіўшы многа папоў, вялеў нас у сызму запісаці, ён-то плаціў грошы, каб толька перахадзілі на праваслаўе, і, як гэты антыхрыст, адабраў ад нас нашу справядлівую — уніяцкую веру і пагубіў нас перад Богам навекі; а зрабіў гэта для таго, каб мог нас без канца драці, а Бог справядлівы не меў злітавання над намі.
Но, Божа вшэхмоцны, міласерны ты наш пане, ты аб нас не забывай, злітуйся над намі, памажы нам у нашай нядолі, выжані маскаля з нашага краю, дай нам праўдзівую вольнасць і веру нашых дзядоў і прадзедаў, а касцёлы, што маскаль, нячыстая яго сіла, параскідаў альбо перарабіў на стайні і цэркві, зноў заяснеюць тваею хвалою, і народ у ніх хваліці цябе будзе, як хвалілі нашыя прэдкі. Заспяваем тагды ў адзін голас нашу песнь святую: «Сьвенты Божа, сьвенты моцны, свенты несьмертэльны — змілуй сен над намі!» — і Бог найвышшы змілуецца над намі, дапаможа нам у нашай працы, а на тамтам свеце дасць крулества нябеснае — і не будуць ужэ дзеткі нашыя сваю матку праклінаці, што на свет радзіла!
Паказваюць людзі, што свенты Ойцец аж з Рыму прыслаў ужэ да нас сваё благаславенне (но маскаль яго спыняе) — гавораць, што прышле і ксяндзоў, што будуць прымаці на
уніяцкую веру. Тагды, дзецюкі, хто адно верыць у Бога, яго сына і духа святога, няхай зараз пакідае сызму і пераходзіць на праўдзівую веру дзядоў і прадзедаў. Бо хто не пяройдзе на унію, той сызматыкам застанецца, той, як сабака, здохне, той на тамтам свеце пякельныя мэнкі цярпеці будзе!
Так годзе ж ужэ, дзецюкі, жыці без ніякай пацехы на свеце, калі Бог міласерны мае злітаванне над намі, а ты, чалавеча, як перачытаеш альбо пачуеш гэту праўду, згавары пацеры, каб Бог вшэхмоцны дапамог людзям, што дабро нам думаюць, што хочуць, каб мы былі вольныя, як шляхта, мелі сваю зямлю, як шляхта, хвалілі Бога па праўдзе і заслужылі на Неба на тамтам свеце.
Гэтага для вас ад душы хоча ваш брат, такі самы з дзедаў-прадзедаў мужык, як і вы, но яшчэ уняцкай веры.
Яська-гаспадар з-пад Вільні
Мужыцкая праўда, № 7
Дзецюкі!
Доўга маўчаў я, не казаў вам нічога, бо хацеў разгледзецца добра да разабраць, што гэта дзеецца на свеце, штоб ужэ спавясціць вас па справядлівасці да сказаць, як наказуе Бог да сумленне, што нам цяпер трэба рабіці. Ждаць моўчкі больш ужэ нязмога! Памяркуйма толькі, што думаюць цяпер зрабіць з намі. Абяцаў нам цар зямлю. Чыноўнікі, папы да маскалі, усі ў адзін голас дурылі нас, што цар нам шчыра думае да дасць волю, Справядлівую Волю. І слухалі мы цара. Казаў ён нам яшчэ два гады служыць паншчыну, і паншчыну мы адбывалі. Наказаў цар некрута, далі мы яму і некрута, а самі моўчкі глядзелі, як нашых сынкоў да братоў на край света пагналі. Накінуў нам падушнага — плацілі мы падушнэ за жывых і ўмёрлых, за дзяцей да за старцаў нядужых, — плацілі мы земску павіннасць да ўсялякія зборы, плацілі на пасярэдніка, на праўленне, старшынам, пісарам, акружным, асэсарам — да Бог ведае каму ні плацілі, — да ўсё не пыталісь, куды йдуць нашы грошы. Усі нас крыўдзілі да ўсі абдзіралі; біў нас сільнейшы, крыўдзіў багатшы — а на тое нідзе не было справядлівасці. Мы ўсё маўчалі да слухалі, усім кланялісь, за ўсё плацілі, усё цярпелі, ждучы канца, бо спадзяялісь Справядлівай вольнасці, спадзяялісь, што дадуць вольную зямельку да ў падушнам справядлівы пабор будзе. Заміст таго, штоб аддаць нашу зямельку да якую ж зямлю?! Гэту, што з дзядоў-прадзедаў кроўнаю працай дзесяць раз ужэ на яе зарабілі да заплацілі. За гэту зямлю цар наказуе нам чыншы плаціць у казначэйства. Да якія ж чыншы? Якія ўздумаецца пастанавіць чыноўнікам да судовым кравапійцам, да яшчэ з кожным годам усё большыя да большыя. Так волі нам ужэ і не будзе: век цэлы плаці да на век нясі астаткі, штоб адплаціцца палатам да праўленням. Падмануў жа нас цар, а яго служкі — папы, чыноўнікі да маскалі — падвялі нас, як чорт добрую душу.
Мала таго: беручы некрута навесні, казаў цар, што больш браць не будзе. Мы, як тая дзяціна, і паверылі, што не будзе, а цяпер бач! — ізноў цар наказуе з кажнае воласці пастанавіць па сто хлопцоў, што пойдуць у маскалі па ахвоце, а як ахотнікаў не будзе, так грамада прысудзіць, каму йсці ў некруты. Скруціўся хіба! — штоб то хто йшоў у маскалі па ахвоце. Так ось ужэ ў другэ падмануў нас цар з некрутам. Узяў пяцёх з тысячы, а цяпер давай сто з воласці, а ў осені яшчэ можа дзвесце або трыста захоча, бо цар са сваімі маскалямі не падужае мужыкоў, што падняліся ў Польшчы, і не падолее Пранцуза, што за Польшчу ўступіўся. У Польшчы мужыкі таксама, як і мы, спадзяялісь на цара да ждалі волі ад няго, да як пабачылі, што цар толькі лёстачкамі душу выймае, а новымі падаткамі, некрутам да чыншамі астатнюю сарочку з ніх здзерці хоча, от усі разам з віламі да з косамі пайшлі дабівацца зямлі да праўды, а іншы і святой уніяцкай веры. От і дабілісь. Выйшаў ужэ Польскі Маніхвэст. Зямля вольна даецца ўсім мужыкам, бо гэта іхня зямля з дзядоў-прадзедаў, за гэту зямлю ніхто не мае адрабляць паншчызны і чыншаў ніякіх нікому плаціць; падушнага больш не будзе, а толькі падымнэ, як колісь плацілі; некрута больш не будзе, а ўсі мужыкі, і паны, і мяшчане, усяк адслужыць 3 гады ў сваей зямлі і зноў сабе вольны. Уніяцкія касцёлы, што маскалі забралі, аддаюцца назад уніятам, і хто хоча, мае права хрысціць дзяцей па- уніяцкі да да уніяцкіх ксяндзоў ісці да споведзі і па- старому Богу маліцца, як яшчэ бацькі нашы маліліся.