Но цяпер самі разбірайце: дзе больша праўда, ці ў польскам маніхвэсце, ці ў царскам? Цар абяцаў даць вольнасць — да не даў. Абяцаў не браць некрута, а цяпер ужо другога наказуе. Польскі маніхвэст даў зямлю, не бярэ некрута, скінуў падушнэ, павярнуў унію. Но скажыце ж, браткі, хто нам лепш думае?! Памог бы Пранцуз і нам, як памагае мужыкам у Польшчы, — дык што ж — цар адказуе, што ў нас мужыкі ўсім давольны, іншае волі не хочуць, што яны любяць цара да душы, што шлюць яму лісты, да зносяць падаткі, да ахвотна плоцяць чыншы, а некрута пастановяць колькі цару заўгодна, а уніі ніхто не хоча! І тут нас цар падманывае, скрывіць хоча праўду, штоб нас саўсім пагубіць. А Пранцуз на нас толькі ждзе: да каму ж ён памагаць стане, калі ў нас будзе ціха. А мы, хоць нам царскія служкі зняверылісь надта, робім усё, што яны нам ні скажуць. Такім спосабам не зазнаць нам волі да справядлівасці. Не так думалі мужыкі ў Польшчы. Служылі яны яму верна, як і мы, да, пабачыўшы, што не выслужаць нічога, сталі дабівацца і дабілісь волі. А і іх царскія служкі дурылі, як нас цяпер дураць — падмаўлялі, штоб слаць лісты да цара перапрашаючы, да па-старому несці падаткі, да даваць некрута, учылі і іх, як даносіць адзін на аднаго, як лавіць да маскалям адстанаўляць, да мала знайшлося такіх, штоб то, не баючысь Бога ні сораму людскога, служыць маскалям, бо ўжэ спазналі мужыкі царскую думку. А такіх, што за грошы не пабаялісь служыць ворагам нашым, што не хацелі мужыкам зямлі да праўды на свеце да спрэчны былі новай вольнасці да новаму польскаму маніхвэсту, гэтакіх вешаюць, як подлых сабак, селішча іх апусцелі, пайшлі з дымам іх хаты, прапала марна худоба.
Падумайце добра, да, памаліўшыся Богу, станьма дружна разам за нашую вольнасць! Нас цар ужэ не падмане — не падвядуць маскалі! Няма для ніх у нашых сёлах ні вады, ні хлеба — для ніх мы глухі і немы і нічога не бачылі і не чулі. А пакуль яшчэ пара, трэба нашым хлопцам спяшыць з віламі да з косамі там, гдзе дабіваюцца волі да праўды — а мы, іх бацькі да жонкі нашы, сцерагці будзем да ўведамляць, адкуль на ніх цягне нячыста маскоўска сіла, да ад душы памагаць усялякімі спосабамі дзецюкам нашым, што за нас пойдуць біцца. — А будзе ў нас вольнасць, якой не было нашым дзядам да бацькам.
Яська-гаспадар з-пад Вільні