За працай на душы палягчэла, пакрыху пачало забывацца мае крушэнне на экзаменах у вучылішчы, быццам было гэта ўжо не дзень назад, а летась-пазалетась. Дзесяць вазоў мы з Глыжкам да вечара прывезлі, столькі, колькі і бацька рабіў. Пасля вячэры хацелася хутчэй упасці і заснуць. Баляць мае рукі-ногі, а спіна, што ў старога дзеда — не сагнуць. Але варта мне было толькі легчы, як зноў розныя думкі ў галаве, адкуль толькі і ўзяліся. Цікава, а што там Санька сёння дзень рабіў, мабыць, ужо і мундзір атрымаў, новыя чаравікі, ходзіць там і казырае. Ну, і няхай казырае. А я нікому казыраць не буду, я — птушка вольная. Шчасце вялікае — цягнуцца перад кожным у струну.
Затое я бульбай з кіслымі гуркамі павячэраў, а ён, можа, нават макаронамі. За ўсё жыццё мне адзін раз толькі давялося іх пакаштаваць, гэта тады, як у вайну ў нашай вёсцы італьянцы стаялі, дык іхні повар дазволіў кацёл падшкрэбці. Ой, і смачна было, увесь век еў бы!
Затым розныя клопаты па стайні мяне адолелі. Не прыдумаю, дзе ўзяць фанеры на новыя таблічкі коням, дзе хімічным алоўкам разжыцца. I вось яшчэ — ці варта ад дзеда Каўрача пазбаўляцца? Хто тады настроіць хамут, хто аброць сшые, калі яна парвецца? Гэтага, мабыць і Чыжык не ўмее. Задумаешся тут. Хаця мяне, можа, яшчэ і не паставяць конюхам, старшыня ці хто іншы ўпрэцца.
А на вуліцы ўжо цёмна. Недзе затрынкала балалайка, дзявочы смех рассыпаўся пад вокнамі звонкім гарохам. Каля Скокавай хаты пачынаюцца танцы. Крутануўся я на другі бок, быццам прыпякло: хоць вы ў зараз медныя трубы зайграйце — не выйду.
I раптам каля самай нашай хаты дзяўчаты заспявалі прыпеўку, ды так гучна — хто каго перакрычыць, ды са смехам:
Мяне нібы варам абдалі. Каб вам скулле ў глотку — а калі бацька не спіць? Вось гадзюкі, вось кобры праклятыя, дня не мінула — паспелі прыдумаць. Вось зараз выскачу ды спушчу Жука з ланцуга, але што толку, калі ён, чорт, не куслівы.
Я думаў, што на гэтым усё і скончыцца, а яны зноў:
Відаць-такі, бацька не спаў, а можа, спаў ды прачнуўся, толькі з яго ложка раптам пачуўся не смех, а нейкае прыглушанае кудахтание, быццам трохі і з плачам:
— Кху-кху-кху, каб вы скіслі, верціхвосткі. Глядзі ты на іх — і ў чынах разбіраюцца, і ў акладах.
I бабка са свайго кутка адгукнулася:
— Ідзі ты ўжо патрусіся трохі пад іх балабайку-хварабайку, а то будуць шчадраваць усю ноч, як пад Новы год.
Хутчэй жа іх балалайку шашаль паточыць, чым я пайду на тыя танцулькі пасля такіх прыпевак. Ды і Алёшка ж Скачок там будзе, з якім я не расквітаўся яшчэ за ранішні цырк. Не, няхай танцуюць цяпер самі, без мяне, хоць да упаду. А я, як толькі прыдбаюць мне новыя штаны, буду хадзіць танцаваць на Хутар. Там — гармонік з бубнам, а не задрыпаная балалайка.
I за прыпеўкі таксама разлічуся. Я ведаю, хто іх складае — Надзька Сіпакова. Яна яшчэ толькі школу канчае, а ўжо прыбілася да дзяўчат з нашага гурту, і не толькі прыбілася — пачала імі верхаводзіць, яны ўсе ёй у рот глядзяць. А было б там на што гляд-зець — нізенькая, кругленькая, нос піпкай і такая ўжо смяшлівая, быццам яе ўвесь час нехта казыча. I яшчэ — калі ў маёй Каці вяснушкі толькі на носе і дзе-нідзе на шчоках і толькі вясной, дык у гэтай рагатухі — круглы год ад вуха і да вуха, быццам яе хто знарок цагляным пылам напудрыў. Ёй скажаш:
— Ух, рыжая!
А яна:
— Ха-ха, што рыжэй, то даражэй!
Вось за гэта за ўсё ў яе і мянушка такая — Гарбуза.
3 гэтай самай Гарбузой мне і трэба разлічыцца за прыпеўкі. Яны ў яе самі з языка скачуць. Яна жыва не будзе, калі за вечар не прыдумае іх дзве-тры. I пра што хочаш, на што вока кіне. Вось каб і мне самому пра яе скласці што-небудзь смешнае. Хаця б так:
А цяпер само просіцца — каза, просіцца, а не клеіцца.
Хіба вось так:
Так я і заснуў, больш нічога лепшага не прыдумаўшы. Калі б Санька — той змог бы, галавы не ламаючы, якую хочаш казу да гарбуза прыляпіць.
Яшчэ два дні я вазіў потым з Глыжкам снапы, яшчэ два вечары Надзька-Гарбуза дапякала мяне ўсё новымі прыпеўкамі, а бабуля — яхіднымі парадамі.