Выбрать главу

А трэці быў там з паўгадзіны. Што там генерал з ім робіць, чаму так доўга трымае? Смялейшыя спрабавалі нават падгледзець у замочную шчыліну — ні хваробы не відаць. Хлопцы затрывожыліся — і нездарма: выйшаў ён адтуль чырвоны, разгублены, нічога нам не сказаў, толькі ў роспачы махнуў рукой і падаўся моўчкі на вуліцу. А што тут гаварыць — не прынялі.

Пасля гэтага выклікалі мяне. Я пераступіў генеральскі парог нібы ў сне, пераступіў і адразу разгубіўся, бо зразумеў, што гэпаць па генеральскай падлозе маімі чаравікамі, як вучыў нас с Санькам той салага пры першым нашым з'яўленні ў вучылішчы, мабыць, нельга: падлога тут далікатная — не з дошак, а нейкіх клёпак у елку,— таму па бацькавай навуцы і пачаў рапартаваць з самага парога:

— Таварыш генерал!

I не пазнаў свайго голасу, быццам я свісток праглынуў, такі ён аказаўся тонкі. А мне ж трэба быць бойкім, смелым хлопцам. I, збіўшыся, я залямантаваў яшчэ гучней:

— Таварыш генерал! — і зусім заблытаўся.— З'явіўся... прыбыў... Сырцоў... па вашаму загаду... не — выкліку!..

Атрымаўся не рапарт, а гора, і будзе дзіва, калі мяне адсюль не вытураць за такі рапарт.

Генерала я пазнаў адразу, хоць за сталом сядзела трое: ён зусім сівы і старэйшы за астатніх, зусім не такі, як мне ўяўлялася. Я чамусьці думаў, што ў яго павінна быць пуза, як у туза, бо генералаў жа, мабыць, нішчымнай бульбай не кормяць, мабыць, ім і сала неўпоед, а ён сядзіць худоба худобінай, на шчоках глыбокія барозны зверху ўніз, адно што мундзір і залатыя пагоны, а так і не сказаў бы, што генерал. Афіцэры, што былі з ім побач, моўчкі ўсміхаліся, гледзячы на мяне, а сам ён — ні-ні, сур'ёзны, толькі сказаў:

— Не ўмееш і не трэба. Падыдзі бліжэй.

Тут і пасыпалася, нібы з мяшка: адкуль я, хто бацька, ваяваў ён ці не, хто яшчэ ў сям'і ёсць. Гэта ўсё цікавіліся афіцэры, і я адбіваўся ад іх як мог: дзе бойка адказваў, а дзе злятала з языка адно «ыгы». А генерал тым часам маўчаў, разглядваў нейкія паперы. Хоць бы ён спыніў іх, а то я ўжо і потам пакрыўся. Нарэшце абазваўся і ён:

— Па матэматыцы ў яго даволі прыстойна, нават пяцёрка ёсць...

I ў мяне камень зваліўся з душы: значыць, Баця за мяне. Правільна Юрка казаў, што ён справядлівы, а гэтыя прычапіліся як сляпы да плота — хто, ды што, ды адкуль?

— А вось што будзем з двойкай рабіць па дыктанту, а? — гэта ўжо генерал звяртаўся да мяне.— Што скажаш, хлопча?

А што я скажу? Сказаць мне няма чаго, я толькі стаю і сам сабе думаю: будзь ты чалавекам, генерал, паглядзі на мяне — я ж харошы. Ну, з кім не бывае? Але да яго мае думкі не даходзяць, ён разгаварыўся не на жарты. Яму не трэба невукі. Што такое афіцэр, ды яшчэ артылерыйскі? Ён павінен быць пісьменным, і не проста пісьменным, а шырока адукаваным чалавекам, каб разбірацца не толькі ў гарматах, ён павінен быць, нібы дома, і ў літаратуры, і ў мастацтве, і, калі хочаце, у музыцы. Афіцэр — гэта свецкі чалавек, а не салдафон з пустой галавой, за яго не павінна быць сорамна, калі ён выйдзе на людзі, каб на яго не паказвалі пальцам і не гаварылі: а яшчэ афіцэр! Ён павінен быць узорам для сваіх салдат, якіх яму давядзецца вучыць і выхоўваць, і наогул — для ўсіх. Афіцэрства не ў залатых пагонах, не ў зорках на плячах, а ў высокай культуры.

I чым болын генерал гаворыць, тым менш у мяне надзеі: няма ў мяне ні такой культуры, ні свецкасці, якой яму хочацца, адно што нос ужо рукавом не выціраю. Ну, і ў музыцы крыху петру — «Сербіянку» ад «Страдания» адрозніць магу.

Але ўсяго таго, чаго ён ужо нагаварыў, яму яшчэ мала. Афіцэр павінен валодаць і замежнай мовай, а тут, калі ласка,— і ў сваёй, нібы ў цёмным лесе.

— Ты зразумеў, хлопча? — спытаў, нарэшце, мяне генерал.

Я ўсё зразумеў, апрача аднаго — прымаюць мяне ці выганяюць,— і на ўсялякі выпадак хацеў сказаць «так точно», а атрымалася зноў праклятае «ыгы».

— Ну, калі «ыгы»,— падвёў вынік генерал,— то запішам мы цябе ў другую батарэю да падпалкоўніка Асташэўскага. А за рускую мову, хлопча, вазьміся як след!

— Благадар-ру! — адчаканіў я тут жа чыста па-руску і з паперкай у руцэ, якую мне даў афіцэр, што сядзеў побач з Бацем, выпырхнуў з кабінета, ледзь дзверы лбом не высадзіў ад радасці.

— Прынялі! — выпаліў я хлопцам, што пакутавалі яшчэ пад генеральскімі дзвярыма, і яны зноў павесялелі.

— Прынялі! — радасна сказаў я Юрку, які чакаў мяне на двары, каб не мазоліць вачэй начальству каля генеральскага кабінета. Юрка таксама абрадаваўся, моцна паціснуў мне руку, але, прачытаўшы паперку, што мне далі ў генерала, чамусьці расчаравана прысвіснуў:

— Да Асташэўскага?

Я ўстрывожыўся: што такое, чым яму не падабаецца падпалкоўнік Асташэўскі?

полную версию книги