Выбрать главу
Мае боты, брат, таво — Прапускаюць аш два о —

што значыць: дзіравыя і цякуць.

Але неўзабаве прыйшоў Юрка, і нашы хімічныя пакуты скончыліся. Ён зноў пацвердзіў, што хімія — гэта выдумкі, затое матэматыку будуць патрабаваць — толькі трымайся, таму што ў артылерыі без яе нельга і кроку ступіць. Хто не ўмее лічыць, таго тут і трымаць небяспечна: яшчэ, крый божа, умажа па сваіх, што і касцей не збярэш.

Але нас з Санькам ім баяцца не варта, усё ж такі ў школе нас Бісектрыса хваліла і ставіла пяцёркі. Мабыць, у нас ёсць шанцы.

— Шанцы шанцамі,— сказаў на гэта Юрка,— а усё адно будзьце гатовы, бо на адно месца два ахвотнікі. Так што будзе вялікі штурм,— паўтарыў ён зноў сваё.

I тут хлопцы, што гаманілі між сабой побач з намі, раптам прыціхлі і хуценька некуды падаліся. Правялі мы іх вачыма, а там, ля дальняй сцяны спартзала, шпакі нешта ўжо штурмуюць: шумяць, базараць, штурхаюцца, піхаюцца, заднія мала на галовы пярэднім не лезуць. Аказваецца, пакуль мы тут варон лавілі, там нехта павесіў расклад экзаменаў і яшчэ нейкія паперы. Ну што ж — штурм дык штурм. Кінуліся і мы з Санькам, паспрабавалі локцямі пратачыцца ў натоўп, але куды там — палец не лезе. Пачалі шыі выцягваць і падымацца на дыбачкі — нічога не відаць. А Юрка падышоў і толькі падаў голас — ану, пастараніцеся — і перад ім дарога. Вось што значыць вайсковая форма, вось што значыць бліскучыя пагоны. Мы следам ідзём, а на нас глядзяць і, мабыць, зайздросцяць. Зразумела, што кожны хацеў бы мець такога заступніка. Нават тыя гарадскія гогалі пазіраюць на нас з павагай.

Чытаем мы разам з Юркам, што там у паперах на сцяне напісана, і радуемся — першы экзамен толькі паслязаўтра — можна яшчэ д'яблу рогі абламаць, не толькі падрыхтавацца. Мы з Санькам запісаны ў адну групу — выручым адзін аднаго, калі што. Словам, вешаць носа сапраўды не варта. Будзем трымаць хвост пісталетам.

Прачытаўшы ўсё, што нам было трэба, мы так жа, без перашкоды, спакойна і важна выйшлі з хлапечага акружэння ўслед за Юркам, нібы ад'ютанты за генералам.

I тут яго апякунства над намі на гэты дзень, на вялікі жаль, скончылася. Ён пачаў з намі развітвацца, бо служба — не дружба: яму трэба ісці ў казарму і рыхтавацца да нейкага там дзяжурства. Ён і нам раіў не губляць часу, а бегчы дахаты ды сесці за падручнікі, каб асвяжыць у памяці формулы. Але мы крыху забарыліся. Іншыя ж не разыходзяцца, а чагосьці чакаюць, дык чаго ж мы пабяжым? Што ў нас, дома коз воз ці дзяцей загарадзь, дык галодныя сядзяць? А тут яшчэ што-небудзь, глядзіш, і разведаем.

Ходзім мы з Санькам па залу, то да аднаго гурту прысуседзімся, то прытулімся да другога, і ўсё прыслухоўваемся, пра што гаворка. А гаворка ідзе карысная, людзі ўсё ведаюць. На матэматыцы, напрыклад, лепш не трапляцца да жанчыны. Ёсць тут, у вучылішчы, такая выкладчыца, чорная, у акулярах — ну і змяя! Варухнуцца не дае, не тое што шпаргалку перапісаць. А вось маёр ёсць у іх — той добры. Так што нам з Санькам — кроў з носа — трэба трапляць да маёра.

А ў прыймовай камісіі, кажуць, сам генерал — жудасць!

А ў каго слабы зрок, таго медыцынская камісія «зарэжа». Мы з Санькам на вочы не скардзімся, а там — хто ж яго ведае. Можа, пакажуць такое, што пад мікраскопам не ўбачыш.

I чым больш, тым страшней. Адно нас толькі крыху суцяшае — сірот будуць браць у першую чаргу. А мы з Санькам усё ж сіроты, хоць і не круглыя: у яго няма бацькі, а ў мяне — маткі. Можа ж, яны хоць трошкі ўлічаць тэта.

Стаім мы з сябрам, памяркоўна гэтак раздумваем, і раптам нехта з парога як крыкне:

— Выхадзі строіцца!

Вось як яно бывае. Тэта ж шчасце, што мы Юрку не паслухаліся і не змыліся адсюль. Выходзіць, і ён не ўсё наперад ведае. Ідзіце дамоў, а тут сама служба пачынаецца. Вось потым кусалі б локці.

Строіліся мы доўга: спачатку ўсе мітусліва тоўпіліся табуном, штурхаючыся, наступаючы адзін аднаму на ногі, як быццам на пляцы не хапала прасторы. А нам з Санькам і зусім не знаходзіцца месца ў страі: куды ні кінемся — ужо занята, адусюль выпіхваюць, ледзь прыляпіліся ў самым хвасце. Стаім. Хвалюемся. Ну, думаю, правільна бабуля журылася пра мае штаны, не вернемся мы ўжо сёння ў Падлюбічы, не давядзецца іх даношваць Глыжку. Вось зараз скамандуюць: «Шагам марш!» — і павядуць у сталоўку ці яшчэ куды. Можа, і пераапранаць. Мы ж не ведаем іх парадкаў. Але немалады ўжо старшына, ні даць ні ўзяць — вясковы дзядзька, толькі ў абмундзіраванні, у картузе з казырком-лапатай, які доўга, цярпліва назіраў за пастраеннем, з першых слоў паставіў нас у тупік: