Выбрать главу

З гэтага вынікае пытаньне: х т о нас будзе судзіць у гадзіну Твайго Другога Прыйсьця?

— Ты нас будзеш судзіць?!

Ты, які выгнаў дзяцей у сьцюжу.

Ты, які патапіў амаль усё людзтва, усё жывое зь немаўлятамі і ягнятамі сусьветнай паводкай.

Ты, які ўшчэнт пабурыў Садом і Гамору з кожным вінаватым і кожным бязьвінным.

Ты, які прапанаваў Абрагаму забіць свайго адзінага, любага сына.

Ты, які прамаўчаў у адказ на адчайны лямант Ісуса: “Ілі, ілі! лена савахвані?”

Ты, які...

Зрэшты, каб пералічыць усё, давялося б ушчэнт высечы на паперу лясы і выскубсьці чарот да апошняе чарацінкі.

Пэўна, трэба было б не чакаць Другога Прыйсьця, а даслаць Табе позву.

Каб толькі ведаць куды?..

Здаецца, Стэндаль казаў: Бога апраўдвае адно тое, што яго няма.

Ты — не хрысьціянін.

Калі тут гаворыцца, што Ты — не хрысьціянін, што ад хрысьціянскай маралі Ты далей за найвялікшага зь нявер-нікаў, то гэта тая праўда, большае за якую амаль не бывае...

— А Нінэвія?

Так, Ты пашкадаваў Нінэвію і сто дваццаць тысячаў яе жыхароў. Ты ўратаваў Ноя з сынамі, вярнуў Ёву (пасьля нялюдзкіх зьдзекаў) удвая багацьця і здароўя... Можна яшчэ згадаць сёе-тое, але колькі ўсяго — хопіць пальцамі загарнуць. І кожная з тых дабрачыннасьцяў праўдзілася ня літасьцю сэрца, а прыхамацьцю сваволі ці ідэалягічным разьлікам. Ты ніколі ня ведаў дабрыні як нязмушанага памкненьня да шкадобы грэшнага чалавека. І таму нічым іншым, як татальным насланьнём, нельга растлумачыць атаясамліваньне цябе з хрысьціянствам... за выняткам таго выпадку, калі Ты аднойчы пражыў чалавечае жыцьцё чалавекам.

Той момант, зь якога боку ні глядзі — надзвычай цікавы. І аднолькава загадкавы. Хаця, мяркую, не аднаму мне жадалася б ведаць хіба адно:

— Што папраўдзе ссунула Цябе зь нябёсаў на зямлю?

Кажуць, Ты прыйшоў да нас, каб надыктаваць новы закон да лепшага жыцьця. Магчыма. Але ў папярэдняй сытуацыі — з Майсеем — Ты абыйшоўся без антрапаморфных хітрыкаў (хаця і ня ўнікнуў аргумэнтацыі цудам).

Кажуць, Ты прыйшоў да нас, каб на асабістым прыкладзе выкласьці кодэкс паводзінаў чалавека гуманнага. Магчыма. Але Ты мог гэта зрабіць не калечачы падэшвы аб жарству. Як было ў цябе зь Ёвам.

Кажуць, Ты прыйшоў да нас, каб прыняць на сябе пакуты за грахі нашыя. Магчыма, і — дзякуй. Але за чые грахі гаравалі сьціжмы Тваіх бязьвінных папярэднікаў, што гінулі забітыя, сьсечаныя, на крыжах, вогнішчах, у лютым хола-дзе і голадзе, на каламутным ветры і пад млявым сонцам?

Кажуць... Магчыма...

А мне чамусьці здаецца, што Ты прыйшоў пабыць разам з намі, каб хоць нейкім імгненьнем свайго існаваньня прылучыцца да той гаротнай долі, якую Ты нам і наканаваў.

Іншыя запярэчаць — гэта зусім ня так, але мне хочацца верыць, што аднойчы Ты адчуў сорам. Пякельны, невыносны сорам за тое, што вытварыў з Адамам і Эвай, дапатопнай цывілізацыяй, Абрагамам, Ёвам, месьцічамі Садома і Гаморы... намі ўсімі, якія былі, ёсьць і будуць.

Табе было нялёгка вырашыць, што можна зрабіць, каб хоць неяк апраўдацца перад чалавекам за ўсё ліха, да якога Ты прычыніўся.

Ты яшчэ многае мог, але нават Табе было не па сілах выцерці тыя сьлёзы з вачэй, што ўжо павысыхалі самі...

Верагодна, былі іншыя варыянты, аднак Ты спыніўся на гэтым: пражыць чалавекам ад пачатку да канца, нічога не прамінаючы — ні задухі жаночага ўлоньня, ні пякучае волі крыжа.

І вось аднойчы Анёл Гасподні паведаміў Язэпу:

— Язэпе, сыне Давідаў! Ня бойся прыняць Марыю, жонку Тваю, бо зачатае ў ёй ёсьць ад Духа Сьвятога.

Неўзабаве над Бэтлеемам запалілася зорка, а празь нейкі час у Гэфсыманіі прасьпяваў певень...

Так, пасьля Гальготы ніхто ня скажа, што Ты пакутваў меней ад каго з нас.

Ці лацьвей нам ад гэтага? Але Табе, магчыма, палацьвела. Ты ня толькі ўсчыніў нам ліха. Ты і сам трываў і адольваў яго. І мы на гэта ніколі не забудземся. У той а п о ш н і дзень, калі вострае лязо прысуду будзе няўпэўнена вагацца над Табой, шукаючы справядлівага апірышча, нехта з нас узгадае словы пра “сем усямёра”, якія Ты вымавіў, пэўна, зважаючы найперш пра Сябе.

Ты — белы аркуш паперы, на якім я пішу гэтыя словы.

Але з чаго тады цяжар нябёсаў і млосьць у сэрцы?

Хто я? альбо мяне няма, не было, ня будзе

ХТО Я? АЛЬБО МЯНЕ НЕ БЫЛО, НЯМА, НЯ БУДЗЕ

“У нашую эпоху чалавек упершыню зрабіўся цалкам і поўнасьцю праблематычным для самога сябе; ён ужо ня ведае, хто ён, але разам з тым ведае, што ён гэтага ня ведае”.

Макс Шэлер

ЧАСТКА ПЕРШАЯ

АМАЛЬ ЛІРЫЧНЫ ЎСТУП