У міталягічную эру адлюстраваньні існага ў а-рэальнасьці набылі пэўную структуру і нават сваю архітэктоніку. Міталягемы той пары (Сусьветнае Дрэва і да таго падобныя) гіерархізавалі касмалёгію бытнаваньня, аднак у гэтай гіерархіі я-чалавеку пакуль не знайшлося асобнага, тым болей адметнага мейсца. Сусьвет Міту быў касьмічна шырокі, але паколькі ўся яго ўнівэрсальная разлога апынулася заціснутай у адну нерухомую праекцыю міталягічнай мапы, то там нічога, акрамя статычных мэтафараў не зьмяшчалася. Да таго ж пэрсаналізаваны чалавек тады ня меў патрэбы шчыміцца ў абрыс Міту, паколькі сэміятычных магчымасьцяў рытуалу і артыкуляцыі, якімі ён валодаў, хапала адно на фіксацыю і рэтрансьляцыю найбольш заўважных знакаў быцьця (да апошніх я-чалавек сябе пакуль не залічваў). У такой сытуацыі я-чалавеку нічога не заставалася, як адно атаясамліваць сябе з унівэрсальным агульным і, наадварот, — тоесьніць унівэрсальнае агульнае з самім сабой, пры гэтым ніяк не прэзэнтуючы самога сябе...
Вымкнуты Мітам з магмы вітальнасьці, я-чалавек усяго толькі выконваў у целе Міту справу фэрмэнту, якім гэтае цела ініцыявала працэсы свайго росту. Але, разам з тым, менавіта з гэтай прыкладной функцыі і пачалася гісторыя чалавека, як нечага, што ёсьць ня толькі як ёсьць, а ёсьць, як можа быць, бо ўжо было аднойчы, чаму сьведчаньнем Міт пра гэтае было.
Татэмны чалавек ня ведаў іншых праекцыяў часу акрамя су-часнасьці, ён увесь адбываўся ў кантынууме ёсьць. Міт сфармаваў у прасторы а-рэальнасьці было, як дадатковую да ёсьць форму рэальнасьці, тымсамым шматкроць павялічыўшы прастору бытнаваньня я-чалавека.
Аднак папярэдняе вымагае ўдакладненьня: хаця татэмны чалавек меў адно часовае вымярэньне (ёсьць), ён заставаўся вылучна чыньнікам прасторы, бо ёсьць у адсутнасьці апазыцыі было і будзе хавалася ўтоеным ад чалавека і не апазнавалася з самога сябе як тое, што маецца ў наяўнасьці. Міталягічны чалавек, намацаўшы было, разам крануў утоенае ёсьць, і гэтым унаявіў для сябе час, як новую форму рэальнасьці, але — зноў жа ўдакладнім, — час, які міталягічны чалавек дадаў да татэмнай прасторы, выглядаў яшчэ ня як уласна час, а як панятак паўторнасьці і, тымсамым, множнасьці таго, што адбываецца цяпер у прасторы рэальнасьці. З гэтага і пэўны прастора-часавы сынкрэтызм міталягічнага чалавека, які пераадолеецца адно са зьяўленьнем Тэксту, што раскладзе зьмест прысутнасьці чалавека ў быцьці на дзьве разлогі: час і прастору.
ЭРА ТЭКСТУ
Міт ведаў час як прасторавапасьлядоўную множнасьць адной тойсамай падзеі, — Тэкст пераняў у Міту сюжэт множнасьці, толькі пераніцаваў яго ў множнасьць бясконца розных падзеяў, якія апазнаюцца не адно ў наяўнасьці ёсьць-цяпер, але і рэтраспэктыўна, у наяўнасьці былі да таго, як сталася ёсьць.
Тэкст, зафіксаваўшы прастору было, вылучыў ідэю часу, як а-рэальную і ў сваёй а-рэальнасьці цалкам самадастатковую праекцыю быцьця існага, з чаго на мейсцы статычнай а-рэальнасьці Міту паўстала дынамічная а-рэальнасьць Часу, і гэтая перамена дазволіла павялічыць аб’ём быцьця да той меры, якая ўжо зьмясьціла ў сабе і адзінкавае вымярэньне індывідуальнага, пэрсаналізаванага чалавека.
Тэкст — прарадзіма пэрсаналізаванага чалавека. Тэкст апазнаў я-чалавека ў існым, вылучыў яго адтуль і знайшоў яму мейсца ў прасторы а-рэальнасьці, — а тымсамым пазначыў яго каардынаты і ў рэальнай прасторы. Праўда, напачатку эры Тэксту чалавек Тэксту быў больш падобны да героя Міту, — аднак зь цягам часу ён усё болей таясаміўся з падзеямі ўласнага лёсу, хаця, заўважым, толькі ў той меры, якая была закладзена ў выяўленчыя магчымасьці Тэксту. (Апошняе досыць істотна, бо сучасны чалавек ёсьць такім, якім ён ёсьць, не таму, што ён насампраўдзе, па “адпрыроднай задуме” менавіта такі, а таму, што ў магчымасьці Тэксту была адно такая магчымасьць фармаваньня чалавека.)
Здольнасьць Тэксту вымыкаць я-чалавека з наяўнага рэальнага ў а-рэальнае найперш праявілася інфарматыўна. Вось чаму першапачаткова чалавек Тэксту — гэта чалавек сваёй біяграфіі, зафіксаванай эстэтычна. (Эстэтыка пакладзена ў саму прычыну тэхналёгіі Тэксту і таму яна не магла ў той ці іншай меры не прысутнічаць у Тэксьце заўсёды.)
Біяграфія я-чалавека, як фактаграфія ягоных дзеяў, патрапіўшы ў сіло Тэксту, пачала мацаваць было ў ёсьць, з чаго было паўстала ў новай якасьці — было як ёсьць цяпер, што і прадвызначыла фэномэн рэфлексіі: спачатку — спробу вытлумачыць факт падвоенай наяўнасьці быцьця чалавека (адно быцьцё ў ёсьць, другое — у было), да чаго пакрысе дадалося і жаданьне зьвесьці нічым не ўтаймаваны вэрхал адзінкавых біяграфічных падзеяў у нейкі агульны сэнс, у найкую ідэалёгію, у нейкую дэтэрмінацыю ўсяго з усім.