Хаця, здаецца, цалкам нельга адмаўляць магчымасьць таго, што Сакрат спрабаваў зразумець фэномэн чалавека адносна самога сябе і, ня выключана, — нават у нейкай меры “суб’ектызаванага” чалавека. На карысьць апошняга сьведчыць апакрыфічнае “Я ведаю, што я нічога ня ведаю”, якое выглядае адказам-канстантам на заклік, счытаны са сьцяны дэльфійскага храма — “Спазнай самога сябе”.
Калі гэта сапраўды так, то ў выпадку з Сакратам мы маем “інтэграл” гісторыі праблемы. Прынамсі, колькі б потым чалавек не спрабаваў зразумець сябе, усе спробы сканчаліся тымсамым “... я нічога ня ведаю”. Іншая рэч, чаму тады пад пытаньне ніколі ня ставілася сама праблема і — далей, сам чалавек?
Аднак вернемся да антычнасьці. Відавочна, што я-чалавек той пары ня быў нейкай самасьцю, а толькі прэзэнтуючай мерай унівэрсальнага космасу і таму ведаў сябе адпаведна свайму веданьню навакольнага сьвету.
Адным словам, ён быў ня тым, чым (кім) быў, а тым, што ведаў (як вагі, якія ведаюць вагу таго, што важаць і ня ведаюць сваёй вагі). Адсюль і прынцыповая няздольнасьць антычнага я-чалавека да вылучэньня сябе з унівэрсальнага цэлага ў нешта асобнае, асобавае.
Зрэшты (ці — адпаведна), ён і ня бачыў у гэтым патрэбы, паколькі ідэалягемы ўсіх мэтаў тады былі скіраваныя на ўлучэньне, а не на вылучэньне, з чаго татальнасьць гармоніі цэлага паўставала яго абсалютным ідэалам.
У адцягнена-тэарэтычным пляне такая ідэалёгія сьветагляду, магчыма, выдае на найдасканалую, але, як на маё разуменьне, менавіта ўтойваньне я-чалавека ў тоеснасьці з унівэрсальным цэлым сталася прычынай заняпаду антычнасьці ўва ўсіх яе значэньнях.
Увогуле, самаанігіляцыя антычнай цывілізацыі — адна з найвялікшых таямніцаў Тэкставай эры. Не выдавала б на нешта дзіўнае, каб антычнасьць трансфармавалася ў нешта іншае, прарасла новымі формамі сацыяльнасьці і мысьленьня, нават, хай сабе, абярнулася нечым супрацьлеглым, нейкай апазыцыяй самой сабе. Аднак нічога гэтага ня сталася, антычнасьць лічы бяз рэшткаў амаль на тысячагодзьдзе зьнікла з кантэксту эўрапейскага досьведу.
Зноў жа, чаго толькі не зьнікае дазваньня з гэтага сьвету, але за тое, што антычнасьць мела ў сабе магутны патэнцыял для наступнасьці, сьведчыць яе татальнае вяртаньне (гермэнэўтычна сканструяванае з ацалелых рэшткаў) у сусьветны культуралягічны дыскурс.
Антычнасьць вярнулася ў эпоху Рэнэсансу і з таго часу застаецца сярод актуаліяў сусьветнай культуры... Дык што здарылася тады? Чаму вялікая і як на тую пару дасканалая цывілізацыя зь безьліччу адмысловых мітаў, магутнай філязофіяй, упарадкаванай сацыяльнасьцю неўпрыкмет змарнела ў нішто?