Выбрать главу

Сярод вядомых нам паганскіх багоў не знайшлося такога, які б здолеў, не пакідаючы ўнівэрсальнага космасу, засвоіць сынгулярны космас я-чалавека, абжыць яго як свой уласны дом і тымсамым гарантаваць кожнаму я-чалавеку статус унікальнай падзеі. Як ні блізка да я-чалавека мясьціліся багі (Дзэўс на гары Алімп, Ярыла за бліжэйшай хмурынкай...), аднак ім было не па сілах пераадолець тую дыстанцыю абыякавасьці, што адмяжоўвала іх ад я-чалавека, і хаця субстанцыянальна паганскія багі нібыта ўдзельнічалі ўва ўсіх чалавечых справах, але гэты ўдзел меў адно значэньне пры-сутнасьці, прысутнічаньня ля сутнасных акцыяў я-чалавека і не прадугледжваў магчымасьці трансфармацыі ў бок экзістэнцыйнага збліжэньня зь я-чалавекам, тым болей — таясамасьці зь ім у адзінай сакральнай прасторы...

Бог, які прыйшоў да эўрапейскага чалавецтва з Тэкстаў Вялікай Кнігі юдэяў, быў гранічна чалавечым Богам. Ён перадусім апекаваўся чалавекам і таму ў яго атрымалася забясьпечыць я-чалавеку насьпелую перамену статусу: пад апякунствам гэтага Бога я-чалавек зь меры існага стаўся тым, што вымяраецца існым, як ягоная, існага, ісьціна.

У Богу я-чалавек знайшоў найбольш важкі аргумэнт на карысьць каштоўнасьці самога сябе. Калі бог стасуецца непасрэдна да мяне, калі ён заангажаваны мною, то пэўна я патрэбны Богу як тое, без чаго яму цяжка абыйсьціся. Адсюль вынікае, што ў нейкім сэнсе маё “я” — апірышча Бога і значыць у прасторы а-рэальнасьці яно ўяўляе супольную з падзеяй Бога падзею быцьця.

Бог, як я-чалавек, адсунуты ад самога сябе ў неверагодную далеч і я-чалавек, як Бог, ссунуты з гэтай неверагоднай далечы ў прыхапкі я-чалавеку — такой была аснова новай сытуацыі, якая далей аб’ектыўна вымагала натуралізацыі богачалавека ў значэньнях чалавекабога.

Пэрсаналізаваўшы Бога ў Ісусе Хрысьце, хрысьціянскі чалавек канчаткова паставіў знак тоеснасьці паміж сабой і Богам і тымсамым улучыў сябе ў ісьціну быцьця. Разам з тым гэтая працэдура сталася і вырашэньнем праблемы я-чалавека ўвогуле, бо дзякуючы пэрсаналізацыі Бога, чалавек амаль на тысячагодзьдзе пазьбег пытаньня: хто я? Яно цалкам патанула ў праблеме Бога: што ёсьць Бог і наколькі Бог вымыкаецца са сваёй трансцэндэнцыі для чалавечага веданьня?

Урэшце, фэномэн Бога быў ні чым іншым, як татальным адказам на ўсе верагодна магчымыя запытаньні я-чалавека пра зьмест існага і сэнс прысутнасьці яго, я-чалавека, у бытнаваньні быцьця. І тут цяжка пазьбегнуць спакусы, каб ня высунуць меркаваньне, якое б тлумачыла неабходнасьць фэномэну Бога вылучна тым, што Бог сваёй прысутнасьцю, хай і ўскосна, апасродкавана, але адказаў на пытаньне: хто я, чалавек?

Бог — гэта Адказ. А ўсе астатнія яго функцыі — прыкладныя. Зь іх маглі выцярэблівацца багі, але ня мог паўстаць Бог.

Хрысьціянства — эпоха вялікага запытаньня.

Бог — роўнавялікі адказ на яго.

СЛОВАБОГ

Хрысьціянскі Бог нарадзіўся ўва ўлоньні Тэксту і Тэкстам быў узгадаваны як Бог (Біблія — яго фізычнае цела), за што пазьней канстытуяваў Тэкст у якасьці новай рэальнасьці (а-рэальнасьці) быцьця.

Зрэшты, гэта зусім натуральна, бо ў эру Тэксту Бог наўрад ці мог быць нечым іншым, акрамя як мэсіяй-прэзэнтантам Тэксту, яго ідэолягам і містагогам. Зьмешчаны пад вокладку Бібліі, ён мусіў пастуляваць Тэкст у якасьці сакральнай прасторы, каб надаць Тэксту тую значнасьць, якая б адпавядала значэньню Тэксту ў гісторыі быцьця.

Бясспрэчна, Бог — гэта найперш слова. Але слова зрабілася Богам не раней, чым чалавек падрыхтаваў яму мейсца, дзе яно магло вымавіць сябе як Слова.

За тое, што слова само зь сябе ня здолела б стацца Словам — сьведчыць уся папярэдняя гісторыя. Слова бытнавала і ў эру Татэму і ў эру Міту. Але тады ягонае значэньне не выходзіла за межы прыкладных функцыяў, бо яшчэ не было дзе яму разгарнуць усю магуту свайго як камунікатыўнага, так і сакральнага патэнцыялу. Ні ўтаптаны пляц, ні голае поле ні нават высокая гара зь яе магчымасьцямі доўгага рэха не маглі паспрыяць слову абазнацца Словам. Зьдзейсьніцца гэтаму вялікаму наканаваньню дапамаглі рэчы досыць нязначныя: гліняная плітка, каменная скрыжаль, лапік папірусу, кавалак скуры... калі на іх пачалі выцінаць Тэкст, як форму канструкцыі новай рэальнасьці. Вось тут, у трохмернай часавай структуры і прыдаліся раней лятэнтна ўтоеныя якасьці слова, найперш ягоная здольнасьць быць адразу ў парамэтрах было, ёсьць і будзе, а гэта значыць у пазачасавым і адсюль сакральным вымярэньні...

Здольнасьць слова быць каталягізатарам рэальнасьці, камунікатарам соцыюму, фармалізатарам а-рэальнасьці і, можа галоўнае, сакралізатарам Тэксту, — вылучыла слова на ролю, якая вымагала ўнікальнага статусу, сумернага абсалюту.