Так слова сталася Словам.
Праўда, існуе меркаваньне (Дэрыда), што маўленьне (слова) ад свайго пачатку прадугледжвае графізм, пісьмо — Тэкст. Але гэта, здаецца, не зусім так. Графізм ёсьць ня сьледзтвам мовы, а сьледзтвам дзеі, руху. Таму пацьверджаньнем — піктаграма.
Піктаграма фіксавала не маўленьне, а — праз тэхналёгію бачаньня, — дзею. Першапачаткова чалавек перадаваў інфармацыю пра сваё бытаваньне ў прасторы ёсьць нават не ўяўляючы, што гэтую інфармацыю можна транспартараваць у графічна зафіксаваным слове і што ўвогуле слова (гук) палягае магчымасьці быць графічна ўнаяўленым.
Пісьмо зьявілася не таму, што існавала маўленьне, а таму, што ў нейкі там момант адкрылася: графічна зафіксаванае слова значна пераўзыходзіць піктаграму функцыянальна і адсюль яно больш прыдатнае для ўжытку.
Хаця зусім ня выключана, што лексыкаграфія адбылася з прычынаў куды больш глябальных за “эвалюцыю эфэктыўнасьці”, а менавіта — з прычыны спакваля насьпелай неабходнасьці стварэньня мабільнай камунікатыўнай сыстэмы для сэмантычнай прасторы а-рэальнасьці.
Піктаграфія, напэўна, мела ў сабе вялікую патэнцыю да графічнай фіксацыі руху, дзеі, але яна не была прыстасаваная для транспартаваньня знакаў, якія маглі б выяўляць рух лёгікі, падзеі мысьленьня, сюжэты рэфлексіі. Адным словам, піктаграфія не пасавала да графічнага засваеньня прасторы а-рэальнасьці, якая неўпрыкмет апазналася як больш пэрспэктыўная за рэальную рэальнасьць быцьця. Вось чаму піктаграфія саступіла сваё мейсца лексыкаграфіі і такім чынам на мейсцы піктаграфічнага Тэксту узьнік лексыкаграфічны, які з аднолькавым посьпехам фіксаваў і транспартаваў як падзеі рэальнасьці, так і сюжэты а-рэальнасьці.
Аднак апошняе зусім не азначае, што мова сама зь сябе ад свайго пачатку прадугледжвае графізм. Гэтай вэрсіі пярэчыць увесь вопыт пары піктаграфіі. Больш за тое, каб пазьней стратэгіі быцьця не заакцэнтаваліся на а-рэальнасьці, дзе пануючыя рэфлексія, лёгіка, інтэлектуалізм запатрабавалі іншай ад піктаграфіі сыстэмы знакаў, — а надалей адбывалася ў прасторы рэальнасьці, руху, дзеі (як у эру Татэму), то зусім верагодна, што піктаграфічны Тэкст заставаўся б адзінай і дастаткова задавольнай для чалавека формай пісьма. Я нават ня схільны зусім выключаць, што ў нейкім будучым (магчыма, не такім ужо і аддаленым), калі мысьленьне канчаткова асягне сваю мяжу і чалавек усьвядоміць усю марнасьць ды бяссэнсіцу адцягненай рэфлекторыкі і згорне сэнс жыцьця да дзеі адбываньня жыцьця — мадэрнізаваная піктаграма зноў станецца асноўным элемэнтам Тэксту, ці таго, што возьме на сябе ягоную ролю. І хто ведае, можа яна яшчэ калісьці набудзе значэньне якога-небудзь там Піктабога?
ДЭСАКРАЛІЗАЦЫЯ ТЭКСТУ
Праблема я-чалавека, якая, здавалася б, са зьяўленьнем хрысьціянства была вырашаная раз і назаўсёды, недзе праз тысячагодзьдзе ўтаймаванага ў самой сабе існаваньня пакрысе пачала наноў выяўляць сваю праблематычнасьць. Прычынай гэтаму бачыцца паступовае вылузваньне чалавека з прыхапкаў Бога ўва ўласную самадастатковасьць, якая і запатрабавала ад чалавека асэнсаваньня самога сябе ў сытуацыі наўзбоч Бога (ці ўвогуле безь Яго). А вось што сталася прычынай гэтай прычыны — уцямна зразумець, бадай, амаль немагчыма. Які такі тэктанічны зрух адбыўся ў чалавеку (сусьвеце), што чалавек пачаў адсланяцца ад Словабога, каб урэшце разыйсьціся зь ім, верагодна, назаўсёды?
Калі шлях са сьветлых харомаў антычнай цывілізацыі ў вечна засутоненыя катакомбы цывілізацыі хрысьціянскай, здаецца, досыць падстаўна тлумачыцца тым, што Словабог гарантаваў я-чалавеку мейсца сярод значэньняў ісьціны быцьця, то разыходжаньне чалавека са Словабогам можна зразумець хіба што ня зь нейкіх там непасрэдных стасункаў між імі, а апасродкавана, праз дэсакралізацыю Тэксту, з патрэбаў якога Слову ў свой час і быў нададзены статус Бога.
Гістарычна пачатак працэсу дэсакралізацыі Тэксту можна пазначыць вынаходніцтвам Ґутэнбэрґа, хаця фактычна друкарскі варштат толькі забясьпечыў тэхналёгіяй падзею, якой так ці інакш наканавана было адбыцца, паколькі акрамя сакральнай у слова заўсёды заставалася намінатыўная і камунікатыўная функцыі, і з пашырэньнем сакральнай ролі Слова вялічылася сацыяльнае значэньне Тэксту ў прасторы рэальнасьці.
Напачатку выдавала, што татальная інтэрвэнцыя друкаванага слова ў рэчаіснаснае бытнаваньне сьведчыць за канчатковую перамогу Словабога, і толькі найбольш відушчыя тады разумелі, што абытаўленьне Тэксту, яго ўсюдная цялесная прысутнасьць “да дабра не давядзе”, бо хаця абытаўленьне Тэксту разгортваецца пад штандарамі абагаўленьня Тэксту, але ўрэшце гэта абернецца нечым накшталт дэскрыдытацыі Словабога, як пэрсаніфікаванай ісьціны быцьця. (Калі на Кнігу — цела Бога — пачнуць ставіць патэльню зь яечняй, то цяжка будзе не пераблытаць яечню з Богам.)