У прасторы а-рэальнасьці тое, што мысьліць, стварае сябе само зь сябе, са свайго акту мысьленьня, а значыць яно мае нашмат болей прыкметаў суб’екта, чым тое, што дзеіць у рэальным.
Суб’ектывізацыя я-чалавека стаецца яскравым прыкладам таго, што напрыканцы эры Тэксту чалавек пачаў татальна перасоўвацца сваім быцьцём з прасторы рэальнага ў прастору а-рэальнасьці ці, інакш, а-рэальніваць прастору рэальнасьці і займаць там, на правах суб’екта, цэнтрапалеглае мейсца, браць на сябе значэньне адцягненага “Я” абстракцыі “Ты” трансцэндэнтнага Бога.
АД СУБ’ЕКТА ДА ДЫСКУРСУ
Панаваньне суб’екта ў рацыянальна асэнсаванай прасторы Новай пары лішне не задоўжылася. Не пасьпеў суб’ект увабрацца ў сілу, як Шапэнгаўэр выбавіў з утоенасьці магутную плынь волі да жыцьця і суб’ект заскакаў на яе хвалях бессэнсоўна і бездапаможна.
Выявіўшы ў прычыне існаваньня існага гэтую, у канец дэпэрсаналізаваную плынь энэргіі, Шапэнгаўер пакінуў суб’екту адно права на пасыўнае ўяўленьне як рэфлексію з нагоды тых ці іншых эфэктаў волі да жыцьця. Такім чынам ён, па сутнасьці, зараз пазбавіў быцьцё ўсіх яго ідэалягемных ісьцінаў (Татэму, Міту, Словабога, Тэксту, Суб’екта) і абрынуў быцьцё назад у магму вітальнасьці.
Прыкладна ў тую ж пару ня вытрымаў дыктату ratio і Кіркеґар. Свой бунт ён распачаў з жорсткай крытыкі Гэґеля: “... кожны чалавек (курсыў мой. — В. А.), які захоча нешта зразумець у сваім асабістым прыватным жыцьці з дапамогай гэґелеўскагай філязофіі, згубіцца ў блытаніне”.
Зьвернем увагу на выдзеленае — “чалавек”. Контррэвалюцыя Кіркеґара якраз і была скіраваная супраць суб’екта, як фэномэну эпохі, празь які чалавек быў дэсакралізаваны і адлучаны ад трансцэндэнтнага — за вяртаньне ў кантэкст быцьця чалавека, ірацыяналізму і веры ў Словабога, як адзінамагчымага гаранта сакральнай каштоўнасьці чалавека.
Кіркеґар першым сярод філёзафаў паспрабаваў зразумець філязофію як філязофію існаваньня пэрсаналізаванага я-чалавека. З чаго эгаізм Кіркеґара сягнуў туды, дзе ўжо, уласна, нічога, акрамя праблемы я-чалавека, няма. Праўда, мэтадалягічна Кіркеґар вырашыў праблему я-чалавека сродкамі тэалёгіі, праз напружаную драму стасункаў верніка з Богам. Апошняе якраз і схіляе да думкі, што за мяжой веры праблема я-чалавека бадай увогуле ня можа знайсьці “пазытыўнага” выйсьця, прынамсі, у праекцыі ідэі ісьціны быцьця. Што, хай і ўскосна, пацьвердзіў, магутна выбухнуўшы ў першай палове XX стагодзьдзя і гэтым выбухам выпаліўшы сябе, экзістэнцыялізм.
Але яшчэ да экзістэнцыялізму за межамі веры паспрабаваў вырашыць праблему я-чалавека Ніцшэ. Спроба не атрымалася і, пэўна, найперш таму, што звышчалавек Ніцшэ, — асучасьнены рэлікт чалавекабога, угрунтаваны ў міталягему Дыёніса, — быў усяго толькі апазыцыяй Словабогу і альтэрнатывай суб’екту, мэтафізычна аднатыповай зь ім.
Звышчалавек Ніцшэ гэтаксама ня стаўся адказам на пытаньне хто я? як і рэлігійны чалавек Кіркеґара. Больш за тое, зусім верагодна, што ідэя звышчалавека ў Ніцшэ — гэта ўсё той жа посьлед бясьсільля розуму перад праблемай чалавека, што ніцшаўскі звышчалавек — гэта ўсяго толькі чарговая дэактуалізацыя праблемы я-чалавека.
Дарэчы, спроба Гайдэґера легітымізаваць ніцшаўскага звышчалавека, атаясаміўшы зь ім я-чалавека Тэхнагеннай эры, які валодае энэргіяй магутных машынаў і адсюль ператвараецца ў нешта, што звыш чалавека — у звышчалавека, гэта нішто іншае, як мэханістычнае нарошчваньне “цягліцаў” я-чалавека, чаго ня меў на ўвазе Ніцшэ, які хай сабе таксама мэханістычна, але ператварыў я-чалавека ў звышчалавека, нарошчваючы “цягліцы” ягонага духу — інакш: “цягліцы” чалавечага ў я-чалавеку.
Зрэшты, ні вэрсія “злодзея” Ніцшэ, ні вэрсія ягонага “адваката” Гайдэґера нічога прынцыпова новага не адкрывалі ў фэномэне праблемы, бо абодва яны нітавалі пытаньне хто я? з адказамі на зусім іншыя запытаньні і тымсамым гублялі я-чалавека ў гушчары мэтафізычных дыскурсаў. Як, па сутнасьці, нічога не адказвалі на гэтыя пытаньні і ўласна гайдэґераўскія адказы.
Гайдэґераўскі закінуты ў быцьцё я-чалавек, як прасьвет ісьціны быцьця (ці пастух, пастыр ісьціны ў гэтым прасьвеце) ня больш чым красамоўны паэтычны троп, з аднаго боку сэмантычна адценены містыцызмам, а з другога — больш звыклым для эўрапейскай мэнтальнасьці нэатамізмам. Паспрабуем паставіць на мейсца ісьціны быцьця — Бога, на мейсца закінутасьці — боскае наканаваньне, на мейсца пастуха ісьціны быцьця — раба божага, выканаўцу боскае задумы і г.д., і мы убачым, што геніяльны ў поступе Гайдэґер, у канцавых, вызначальных кроках гэтага поступу — звышардынарны. Чаму так? Можа таму, што ўсе шляхі ў гэтым кірунку вядуць не туды, ці ўвогуле нікуды не вядуць?