Выбрать главу

Здаецца, пакуль адзін Камю наважыўся сказаць гэтае безнадзейнае нікуды, узмацніўшы яго яшчэ больш безнадзейным нішто.

Я-чалавек — нішто, якое зьяўляецца зь ніадкуль і зьнікае ў нікуды. Ён абсурдны фэномэн абсурду быцьця і ўсе гэтыя ўлучэньні я-чалавека ў так ці інакш аформленую трансцэндэнцыю ня больш чым паэтычныя гульні ці ідэалягемныя прыдумкі.

Камю ня быў ні самым вялікім, ні самым глыбокім нават сярод філёзафаў сваёй пары, але ён быў адным з самых мужных (бадай, пасьля Шпэнґлера) філёзафаў у гісторыі эўрапейскай філязофіі. Ён не збаяўся заканстатаваць сьмерць сэнсу чалавечага жыцьця.

Аспрэчыць гэтую, куды больш вусьцішную за Апакаліпс канстатацыю ці хаця б што-кольвек уцямнае супрацьпаставіць ёй (акрамя, натуральна, веры) ніхто ня змог і пэўна таму філязофія змушана была, найперш праз структуралізм, вярнуцца ў звыклую прастору ўнівэрсалісцкіх інтэграцыяў (да прыкладу, Леві-Строс) ці схавацца ад апошніх пытаньняў у маргінальныя лякуны (да прыкладу, Фуко) або адсланіцца ад быцьця яго сэміятычнымі інтэрпрэтацыямі (да прыкладу, Вітґенштайн).

Інтэрвэнцыя “канцоў”, “сьмерцяў” (“культуры”, “мэтафізыкі”, “гісторыі”, “філязофіі”, “ідэалёгіі”, “эстэтыкі”, “літаратуры” і г.д. і да т.п.), справакаваная “канцом культуры” Шпэнґлера, высунула на нейкі час у дамінанту эўрапейскага мысьленьня дэканструкцыю (Дэрыда) а-рэальнасьці, як гермэнэўтыку (Ґадамэр) наадварот. Праўда, па вялікім рахунку філязафема дэканструкцыі, як татальнай рэвізіі а-рэальнасьці, амаль адразу была нэўтралізаваная народжаным у нетрах постструктуралізму дыскурсам.

Ідэя дыскурсу — гэта ідэя быцьця без чалавека, як ісьціны быцьця, быцьця безь сярэдзіны, пэрыфэрыі, краеня, быцьця, як вэрхала фэномэнаў, аніяк не абумоўленага нейкай унівэрсальнай дэтэрмінацыяй, калі за такую дэтэрмінацыю не ўважаць само быцьцё.

Усё, што ёсьць, ёсьць таму, што яно адбываецца. І гэтым адбываньнем вычэрпваецца поўня яго прычыннасьці, ідэалягемнасьці, сакральнасьці... Я-чалавека таксама...

ЧАСТКА ДРУГАЯ

ПАСЬЛЯСЛОЎЕ ДА ПЕРШАЙ ЧАСТКІ

Папярэднія накіды ўяўляюць сабой нішто іншае, як спробу праілюстраваць маё суб’ектыўнае бачаньне рэтраспэктывы фэномэну я-чалавека. Да таго ж яны кранаюць адно некаторыя мэтафізычныя моманты гэтай гісторыі. Магчыма, яшчэ ня лішне было б спыніцца на эвалюцыі разуменьня фэномэну я-чалавека біялёгіяй, антрапалёгіяй, псыхалёгіяй... Але ўсе гэтыя, як і многія іншыя (да прыкладу, сацыялёгія) навуковыя, інтэлектуальныя сфэры асэнсаваньня Homo sapieps амаль цалкам засяроджаныя на пытаньні што ён, чалавек? — які ён, з чаго ён, так бы мовіць, зроблены і на якую патрэбу яшчэ прыдатны? І нават Дарвін, які наважыўся эмпірычным шляхам давесьці скуль і чаму чалавек — чалавек, калі зьвяртаўся да я-чалавека, як да хто, мусіў спаталяць прагу рацыянальнай веды ірацыянальным — веру! Ня змог выйсьці за межы што і Фройд, хаця і спрабаваў на подзе псыхааналізу распрацаваць мэтафізычную мадэль я-чалавека, — аднак ягоная мэтафізыка, гэтаксама як і ягоная псыхалёгія цалкам засталася ў кантынууме што.

Верагодна, мела б сэнс наладзіць агледзіны я-чалавека ў праекцыі літаратуры і, шырэй, мастацтва ўвогуле. Толькі наўрад ці там убачыцца нешта скрайне адрознае ад таго, што высьвятляецца ва ўласна інтэлектуальнай праекцыі. Бо хаця рытарычны аспэкт пытаньня хто я, чалавек? у літаратуры гучыць значна часьцей, чым у філязофіі, але ўсе адказы на яго застаюцца альбо ў тойсамай роўніцы рыторыкі, што і пытаньні, альбо вокамгненна скочваюцца ў прорву містыкі. (Як на маё разуменьне, дык ці не бальшыня містычных вучэньняў уяўляе зь сябе хутчэй сваеасаблівую праяву мастацкай літаратуры, чым мысьленьня альбо веры.)

Адным словам, далейшае пашырэньне прасторы гісторыі праблемы не ўяўляецца мэтазгодным. Незалежна ад колькасьці прааналізаваных вымярэньняў я-чалавека ў быцьці існага, навідавоку выніку, пэўна, застанецца адно і тое самае — адсутнасьць хоць якога пазытыўнага адказу на самае прагнае чалавечае запытаньне: хто я, чалавек? (і адсюль: навошта, дзеля чаго я, чалавек?).

Верагодна, нямогласьцю чалавека перад праблемай самога сябе тлумачыцца як досыць позьняя актуалізацыя гэтай праблемы у рэфлектыўным досьведзе, так і тое, што калі потым яна раз-пораз максымалізавалася, то звычайна ненадоўга і безь якіх-кольвек істотных здабыткаў на карысьць яе вырашэньня. З апошняга можна зрабіць дадатную выснову, што адказ на сакральныя запытаньні пра я-чалавека месьціцца (калі месьціцца хоць дзе) за межамі магчымасьцяў чалавечага розуму. Ува ўсялякім іншым выпадку адказ неяк перагукнуўся б зь веданьнем чалавека пра сваё што.