Выбрать главу

Дарэчы, амаль напэўна, што фэномэн веры (як у сакральным, так і ў прафанным сэнсах) сфармаваўся вось з гэтай нямогласьці чалавечага розуму, які, як ні могся, ня змог зразумець прычыну я-чалавека ні з падтэксту самога чалавека, ні з кантэксту існаваньня існага.

Бог — гэта татальная параза розуму. Ён — межавы камень, які пазначае апошнюю магчымасьць мысьленьня, тую скрань, за якой чалавечаму розуму ня дадзена абазнацца. І тут — пачатак імпэрыі веры...

Вера — гэта быцьцё без адказу на пытаньне пра сэнс я-чалавека, дакладней, быцьцё без пытаньня, бо наяўнасьць Бога (суб’ектызаванай веры) зьяўляецца ўнівэрсальным Адказам на ўсе верагоднамагчымыя запытаньні, і сакральныя гэтаксама.

Аднак ёсьць нешта ў чалавеку (ці нечага не дадалося веры?), што замінае яму назаўсёды задаволіцца быцьцём без пытаньня. Час ад часу гэтае “нешта” пачынае смылець і тады зноў чуецца адвеку нязбыўнае: хто я?

АБЛУДА СЭНСУ ЖЫЦЬЦЯ

Уласна, пытаньне хто я? паклікаецца з моўкнасьці досыць рэдка, звычайна яно застаецца ўтоеным у праблеме сэнсу жыцьця як у сваёй неразгорнутай агортцы, якая для прафаннай сьвядомасьці выдае сябе за займеньніка сакральнага хто я?

Прынамсі такой бачыцца сытуацыя на першы погляд, дакладнасьць якога лёгка падмацоўваецца тым, што “генэза” падмены хто я? сэнсам жыцьця можа быць без асаблівых інтэлектуальных высілкаў выведзены зь нястрымнага жаданьня я-чалавека ўведаць, калі не патаемнае хто я?, то хаця б яго прафаннае “альтэр эго”, якое месьціцца “навідавоку” (у суплёце ідэальных ідэяў ці, зьніжана, сярод этычных, сацыяльных і пабытовых імпэратываў) і таму можа быць у нейкай меры зразуметым і спасьцігнутым.

Аднак у сюжэце стасункаў паміж хто я? і сэнсам жыцьця, здаецца, прыхаваная зусім іншая ад той, што бачыцца на першы погляд, фабуля. Пазьней мы яе паспрабуем разгарнуць відавочна, а пакуль толькі зазначым, што, магчыма, тое, дзеля чаго жыве я-чалавек (сэнс жыцьця) і ёсьць тым, хто жыве дзеля гэтага. (Пра нешта падобнае ёсьць згадка ў Сьвятым Дабравесьці паводле Мацьвея: “Дзе скарб ваш, там будзе і сэрца вашае”.)

Хаця пачнем мы, як быццам, нават з адваротнага...

У досьведзе чалавека няма хоць якіх, хоць колькі-небудзь пераканаўчых аргумэнтаў на карысьць таго, што пэрсаналізаванае існаваньне ў кантэксьце быцьця існага мае нешта, што неўнікова сьведчыла б на карысьць нейкага сэнсу жыцьця.

За тое, што сэнс жыцьця онталягічна не ўгрунтаваўся ў існасьць чалавека, сьведчыць нічым не ўтаймаваная фантасмагорыя тых сэнсаў, на якія чалавек арыентуецца і, што больш аглядна, — неістотнасьць наяўнасьці хоць якога сэнсу ўвогуле.

Адсутнасьць сэнсу ў жыцьці я-чалавека не зьяўляецца для яго рэальнай праблемай. Я-чалавек аднолькава інтэнсыўна існуе і тады, калі быццам ведае сваё “сакральнае” прызначэньне і тады, калі ня ведае яго. Увесь гістарычны вопыт сьведчыць, што лёгіка прысутнасьці я-чалавека ў быцьці не абумоўліваецца лёгікай разуменьня гэтай прысутнасьці. У кантэксьце існаваньня існага я-чалавек нічым не адрозьніваецца ад расьліны ці жывёлы: ён жыве таму, што зьявіўся жыць. (І зьнікае таму, што зьявіўся.) Але ні ягонае зьяўленьне, ні ягонае зьнікненьне не залежаць ад таго, у сыстэму якіх намысьленых каардынатаў ён дастасоўвае сваё жыцьцё. Да таго ж сутнасьць ягонага жыцьця ў значэньнях існаваньня ад гэтага таксама не залежыць. Яно, як у расьліны ці жывёліны, нічым не зарыентавана на нешта яшчэ, акрамя як на прысутнасьць у жыцьці.

Пра тое, што ў пэрсаналізаванага існаваньня няма нейкага іншага ад існаваньня сэнсу жыцьця гаворыць (акрамя шмат чаго яшчэ) як “інстытут сьмерці” ўвогуле, так і — лякальна — непарыўная адвеку чарга самагубстваў і адтуль жа бясконцы гвалт над чалавекам у самых розных формах, ад індывідуальных забойстваў да сусьветных войнаў; гвалт, які ня здолелі перапыніць ні табу (эра Татэму), ні этычны кодэкс і сацыяльны закон (эры Міту і Тэксту).

Калі б я-чалавек ня проста прысутнічаў у быцьці, як адна з формаў існаваньня існага, а прысутнічаў зь нейкай уласнай я-чалавечай мэтай, выяўляў сваёй прысутнасьцю нейкі іншы ад свайго існаваньня сэнс, то тады гвалт над я-чалавекам якімсьці чынам карэктаваўся б на гэтае яго мэта-значэньне. А паколькі ніколі нішто не адсланяла я-чалавека ад сьмерці, у тым ліку і гвалтоўнай, то цяжка ўхіліцца ад канстатацыі, што я-чалавек ня мае каштоўнасьці большай (нейкай мэта-каштоўнасьці) за сваё існаваньне.