Выбрать главу

Пры ўсёй сваёй гранічнай індывідуальнасьці, манада — толькі энэргія, вітальная сіла, якая на пэўны час арганізуе тую ці іншую форму рэальнасьці. Як толькі форма зношваецца, парахнее і рассыпаецца ў пыл, манада ўмомант стварае сабе што-небудзь яшчэ. А таму ніяк нельга сказаць, што ёсьць манада — “Готфрыд Ляйбніц”. Ёсьць манада, якая была нейкі момант “Готфрыдам Ляйбніцам” (ці ён быў ёй?), але з гэтага зусім не вынікае, што было нешта яшчэ акрамя таго, што пазначалася гэтымі двума словамі, біяграфіяй у некалькі падзеяў і экзістэнцыяй, даўно апалай у нікуды.

Дарэчы, Ляйбніц лічыў мэтэмпсыхоз “схалястычным забабонам”. Згодна ягоным цьверджаньням, ніякае перасяленьне душы немагчымае, бо душа ня можа аддзяліцца ад цела... І хаця шмат хто ня менш аўтарытэтны за Ляйбніца меркаваў зусім наадварот, мы ня станем нават зазіраць у бясконцы прасьцяг інтэлектуальных спэкуляцыяў з нагоды душы, духа і да таго падобнага, бо з “душой” ці без “душы” я-чалавек:

— ня ёсьць прычынай самога сябе;

— ня сам зь сябе паходзіць;

— не зьяўляецца ўласьнікам самога сябе.

Асабіста мне гэтага дастаткова каб упэўніцца, што я-чалавека не было і няма. Натуральна, калі хацець ад я-чалавека нечага большага за тое, што ён ёсьць.

КАЛІ ТЭКСТ БЫЦЬЦЯ І НАПІСАНЫ І ПРАЧЫТАНЫ

Мера таясамасьці я-чалавека Тэхнагеннай эры — на пярэднім акрайчыку якой мы знаходзімся, — з тэхнагеннымі комплексамі быцьця перасягае ўсе межы значэньня я-чалавека, з чаго я-чалавек апынаецца ў сытуацыі, якая пакідае яму адно мейсца прысутнасьці пры быцьці. Я-чалавек ужо не прытулак усіх стыхіяў быцьця, а нешта ўвогуле пабочнае быцьцю, нешта, што толькі туліцца да цела звышскладанага “камбайна” сусьветнай цывілізацыі, які аднолькава інтэнсыўна ахоплівае сваёй дзейнасьцю і кванты і галяктыкі, але пакідае незапатрабаваным я-чалавека. І хаця гэты “камбайн” пакуль ня можа абыйсьціся без калектыўнага цэлага чалавека, але кожны я-чалавек паасобку ўжо ня мае для яго аніякага істотнага значэньня. “Камбайн” сам забясьпечвае сябе сабой і нагэтулькі эфэктыўна, што ў яго даволі магчымасьцяў, каб за свой кошт яшчэ ўтрымліваць я-чалавека як дарэшты спрацаваную форму быцьця існага — так грамадзтва ўтрымлівае ў багадзельні спрацаванага перастарка (хаця, магчыма, тут болей пасавала б параўнаньне не з багадзельняй, а з рэзэрвацыяй для амэрыканскіх індэйцаў).

Натуральна, што і ў Тэхнагенную эру біялягічны лёс я-чалавека застаецца тымсамым як і ўва ўсе астатнія часы (нарадзіўся, апладніўся ды зьнік у невараці), але сытуацыя адбываньня тэрміну быцьця выглядае інакш чым раней. Яна нечым нагадвае тую, што была ў эру Татэму — гэта значыць сытуацыя чалавека без чалавека.

Я-чалавек — усяго толькі міт пра чалавека. Дарэчы, склаўся гэты міт ня ў эру Міту (у тую пару я-чалавек сябе ня вельмі цікавіў), а ў эру Тэксту. Тады ж я-чалавек быў сакралізаваны праз лучнасьць са Словабогам. На гэтым сакралізаваным міце дасюль трымаецца вера (апошнімі часамі, праўда, не зусім упэўненая) у я-чалавека як у нешта большае ды іншае, чым ён ёсьць са сваёй сапраўднасьці.

Дэсакралізацыя Тэксту і адпаведна Словабога лягічна запатрабавала і дэсакралізацыі я-чалавека, што неўнікова паклікала і ягоную дэміталягізацыю. Апранаха міту пакрысе спадае зь я-чалавека і мы пачынаем бачыць яго тым, што ён ёсьць (што яго няма). Ён сябе таксама пачынае бачыць такім і яму робіцца няўтульна і ў значэньні Бога, і ў значэньні цара Прыроды, і нават у значэньні звышчалавека тэхнакратычнай цывілізацыі.

Час чалавека сканчаецца — у самых розных сэнсах. І ў сэнсе часу, дарэчы, таксама.

Прычына і мера часу, як добра вядома, я-чалавек. Бязь я-чалавека, без таго, што мае ўласную гісторыю бытнаваньня, вымкнутую з каляндарнага кругазвароту быцьця, лінейны час ні для чаго не прыдатны і нікому не патрэбны (нават калі ён насампраўдзе ёсьць як нейкая “матэрыяльная” якасьць). Але паколькі ў Тэхнагенную эру на мейсца чалавека заступае “тэхніка”, гэта значыць тое, што знаходзіцца адно ў прасторы, то мера часу губляе сваю актуальнасьць.

“Тэхніка” ня ведае часу ў тых значэньнях, якія надаў яму я-чалавек. І хаця “тэхніка” таксама некалі “памірае” (“сьмерць” — базавая ўмова для існаваньня катэгорыі часу), аднак у адрозьненьне ад біялягічных структураў “сьмерць тэхнікі” залежыць не ад меры вітальнасьці, а ад колькасьці руху, закладзенага ў меру яе магчымасьці. Таму ня час (працягласьць) дзейнасьці, а аб’ём, колькасьць ды якасьць дзейнасьці кладуцца ў парадыгму парамэтраў Тэхнагеннай эры. Толькі ня тут, ня ў гэтым асноўная прычына сыходу падзеі часу са стратэгіі быцьця на яго ўзбочыну.