Да Тэхнагеннай эры я-чалавек належаў двум часавым вымярэньням (было і ёсьць). І хаця Тэкст вынайшаў і замацаваў трэйці складнік часу — будзе, але наяўнасьць будучыні заўсёды заставалася гіпатэтычнай. Гіпотэза пра будзе высноўвалася з эмпірычнага вопыту я-чалавека, ёсьць якога несупынна адсоўваецца ў было і на гэтае мейсца наступае новае ёсьць. Калі безьліч ёсьць перасунулася ў было, то натуральна меркаваць, што ёсьць будзе і надалей, гэта значыць, што маецца магчымасьць будзе, зь якога не перастануць вымыкацца ёсьць.
Але гэта толькі лягічная выснова, сканструяваная на подзе эмпірычнага вопыту. Ніякіх канкрэтных сьведчаньняў пра будучае чалавек ніколі ня меў, хаця ў Тэкставую эру лічыў сябе жыхаром трох часавых вымярэньняў.
Я-чалавек напраўдзе стане жыць у трох часавых вымярэньнях тады, калі ён будзе мець будучае як наяўнае рэальнае хаця б у той меры, у якой ён мае мінулае. (Так, мінулага таксама няма, як ёсьць, але мы трымаем яго зафіксаваным у фактаграфіі, матэрыяльных аб’ектах, памяці...)
Дык вось, Тэхнагенная эра (і ў гэтым яе найвялікая навіна ад Тэкставай і ўсіх папярэдніх) павінна рэальна ўнаявіць будучае (будзе) — і быцьцё я-чалавека стане часава трохмерным. Рэальна, а не гіпатэтычна трохмерным. Знакі будучага запрысутнічаюць у сучасным з той жа аднолькавай мерай сапраўднасьці, што і знакі мінулага.
Уласна, ужо цяпер, адно балянсуючы на пярэднім акрайчыку Тэхнагеннай эры, я-чалавек ведае ня толькі кароткатэрміновы прагноз надвор’я “на заўтра”, але і бальшыню тых падзеяў, што яго “заўтра” чакаюць. Ён дакладна, да хвіліны, ведае ў колькі падыме яго будзільнік, якім транспартам паедзе на работу, колькі апэрацыяў яму давядзецца выканаць на канвэеры, якія тэлеперадачы будзе глядзець увечары... Але ён ужо ведае ня толькі сваё “заўтра”, але і шмат чаго з больш аддаленага. Па гадзінах на гады расьпісана праграма яго школьнай адукацыі, тое самае і з адукацыяй вышэйшай, на дзесяцігодзьдзі наперад вызначаны тэрмін выхада на пэнсію і г.д. і да т.п.
Сьцежку на сенажаць можна таптаць хоць кожны дзень новую, чыгунка ці хуткасная магістраль прадвызначае вэктары руху на гады і гады... Інфраструктура Тэхнагеннай эры пакуль яшчэ толькі складваецца ў сваіх камунікатыўных і вытворчых парадыгмах, але ў пару свайго росквіту яна нагэтулькі абмяжуе магчымасьці нязмушанага выбару, што ступень уніфікаванасьці і запраграмаванасьці я-чалавека на пэўную якасьць і колькасьць руху наблізіцца да ступені ўніфікаванасьці і запраграмаванасьці “машыны”. Адно гэта ўжо дае падставы меркаваць пра фармальную прысутнасьць будзе ў ёсьць, бо “машына” заўтра робіць тое, што і сёньня, і прыватныя адхіленьні ды зрэдчасныя выпадковасьці сутнасна тут нічога не мяняюць...
Але ўсё гэта вонкавы бок, так бы мовіць фармальная падстава рэальнага анаяўленьня будучыні. А карэнная прычына гэтай падзеі ў тым, што на мейсцы раўніцовай, лінейнай прасторы Тэксту ўжо паўстае шматмерная, нелінейная прастора ЭВМ (прынамсі так пакуль мы называем арганізатара і заканадаўцу прасторы Тэхнагеннай эры).
Тэкст праз фокус ёсьць фіксаваў у прасторы а-рэальнасьці адно тое, што было ў рэальнасьці, хаця зрэдчас і спэкуляваў на будзе. І гэта натуральна, бо магчымасьцяў яго аднамернай прасторы, як і тэхналягічнага начыньня ніяк не хапала, каб “пралічыць” і зафіксаваць усю мэтаінфарматыку таго, што можа быць, гэта значыць увесь аб’ём будзе, нават хай сабе лякалізаваны канкрэтным пэрыядам. (Між іншага, будзе зусім не невымернае і ў сваім цэлым, яно таксама мае межы, як і было.)
Затое шматмерная прастора ЭВМ (натуральна, калі разглядаць ЭВМ у пэрспэктыве эвалюцыі яе патэнцыялу) у прынцыпе дазваляе фіксаваць і ўтрымліваць усе верагоднамагчымыя варыянты будучага як на макра-, так і на мікраўзроўні, і пры наяўнасьці патрэбы (ды напрацаванай мэтадалёгіі) выбіраць для кожнай канкрэтнай падзеі (я-чалавека таксама) з усяго корпусу нелінейна магчымых будзе лінейна-пасьлядоўную фактакграфію гэтай падзеі.
Ня кажучы пра макрарэчаіснасьць, мапы будучыні якой заменяць ужо сёньня мала патрэбныя геаграфічныя мапы, але і ўся канкрэтыка быцьця будучага зробіцца падлеглай, прынамсі мэтадалягічна, сэмантычнай прысутнасьці ў цяпер. Цяжка сказаць, ці палічаць тады мэтазгодным рабіць кожнаму асобнаму чалавеку падрабязную “дыяграму” яго ўласнага лёсу (ці нават “дыяраму” альбо нешта накшталт відэафільму пра жыцьцё наперад), але калі нават зь нейкіх меркаваньняў гэтым ня стануць займацца, то ўсё роўна, хай сабе і апасродкавана, будучае я-чалавека заселіць сваёй прысутнасьцю ягоную сучаснаць, бо ўся прастора бытнаваньня я-чалавека будзе насычана знакамі будучага ня ў меншай меры, чым сёньня яна насычана знакамі мінуўшчыны...