Выбрать главу

Натуральна, мяне, як літаратара, мала цешыць пэрспэктыва зьніжэньня ролі Тэксту ў сацыяльнай, інтэлектуальнай і эмацыйнай сфэрах жыцьця. Але яшчэ больш трывожыць мяне пэрспэктыва заняпаду Тэксту — як беларуса. Я ўжо даволі тут казаў (ды гэта і безь мяне добра вядома), што беларусы, як нацыя, сфармаваліся і застаюцца ў наяўнасьці дзякуючы Тэксту, прынамсі, Тэксту ў значна большай меры, чым хоць чаму яшчэ. А з гэтага вынікае, што калі Тэкст татальна страціць сваё значэньне формастваральнай тэхналёгіі сацыяльнага і духоўнага быцьця, то ў нас, беларусаў, з-пад ног зьнікне тое асноўнае трывалішча, на якім мы паўсталі і стаялі дасюль... І што нас тады будзе трымаць як беларусаў?

Крыга Беларускага Тэксту, на якой мы сяк-так пераплылі праз XX стагодзьдзе, на вачах драбнее — крышыцца па краёх, худнее ў сярэдзіне... На гэта можна не зважаць і жыць па звыклай завядзёнцы (на наш век гэтага трывалішча хопіць і яшчэ трохі застанецца), ці зважаць і намагацца хоць неяк трымаць раўнавагу, а можна і наадворот — пасунуцца бліжэй да набрынялага крохкасцю краю і, узіраючыся ў выратавальныя берагі, дэклямаваць на разьвітаньне што-кольвек патасна-рытарычнае. Ну хаця б вось гэта:

Каб плыў судоў уратавальных дым, — А родны край зьнікаў навекі ў хвалях, — Я б лепей згінуў зь ім, зь яго апошнім жалем, Як жыў і мучыўся бязьмерна — зь ім. (У. Караткевіч)

Але як бы хто з нас сёньня сябе ні паводзіў, пэўна, ужо ніхто і нішто ня зможа ўтрымаць Беларускі Тэкст у тым вялікім значэньні зьбіральніка Нацыі, якое ён выконваў да гэтага. І таму, вяртаючыся да пытаньня, што, калі ня Тэкст, нас будзе трымаць як беларусаў, можна сказаць хіба адно: адказ залежыць толькі ад таго, што гэтае пытаньне і спарадзіла. А менавіта ад таго, ці было апошняе стагодзьдзе Беларускага Тэксту настолькі плённым, каб змусіць наступнае, інакш тэхналягічна арганізаванае быцьцё, улічваць гэты плён і фармаваць новую канструктыўную парадыгму існаваньня, азіраючыся на пажоўклыя шматкі паперы, дзе рознымі словамі, але спрэс напісана тое самае: беларусам звацца.

I. НАЎЗБОЧ ЧАЛАВЕКА

ГОРАД, ЯКОГА НЯМА

Не было, каб я чуў ад некага: люблю Мінск. Ня чуў нават ад таго, хто тут нарадзіўся і асталеў, хаця “... люди игде зродилися и ускормлены суть по Бозе, к тому месту великую ласку имають”.

Не відно “вялікай ласкі”, але, бывае, кажуць: падабаецца гэтае места, і далей тлумачаць словамі, якія аднолькава пасуюць да горада, тэмпэрамэнту, гатунку цыгарэтаў...

Калі ня блытаць трансцэндэнтнае “люблю” са звычным “падабаецца”, то мусім пагадзіцца, што Мінск сапраўды амаль не палягае любові. Места, рэч, жанчыну любяць, калі імі агортваецца, прадстаўляецца нешта большае за местам, рэччу, жанчынай азначанае...

У Мінска няма гэтага большага, ён — толькі покрыва каардынаты, эклектычная крыжаванка, топас са спляжаным эйдасам, калі эйдас разумець як “цела душы”. З апошняга вынікае, што Мінск будзе зручна прачытаць як рэальнасьць постмадэрнізму. Але мы гэтую магчымасьць пакінем іншым, запыніўшы сябе хіба вось на чым.

Парыж ці Вільня, Лёндан або Санкт-Пэтэрбург маюць пачатак (сярэдзіну, цэнтар), якім пазначаны прасторавы і паэтычны міт горада (Эйфэлева вежа, гара Гедыміна, Біг-Бэн, Ісакіеўскі сабор). Мінск пазбаўлены ўцэнтраванага ў структуру прасторы сымбалічнага міту, паэтычнай дамінанты, сярэдзіны самога сябе...

Мінск — горад ня толькі без душы, але і бяз сэрца. На пытаньне, дзе тухкае сэрца Мінска, магчымы толькі адзін адказ:

— Ува мне.

Мінск — гэта “Я”. Так мусіць сказаць кожны тутэйшы месьціч, нават калі яго абражае ўсялякая праява эгацэнтрызму. Бяз гэтага “Я” Мінск — пустэльня, выпаленае ляда, выган на ўскрайку зьніклага селішча...

Сэнс Мінска запачаткаваны на маім жаданьні быць тут, ягонае жаданьне акрэсьлена магчымасьцю атуліць мяне ад скразьнякоў бязьмежжа. Я цягаю яго на сабе, як чарапаха панцыр, а калі памру, Мінск закапаюць побач, бо безь мяне невядома дзеля чаго яму быць, заставацца.