Маючы за апірышча папярэдні футуралягічны экскурс, паспрабуем зрабіць наступную выснову. Калі будзе сэмантычна канкрэтна і непасрэдна аб’явіцца ў зьмесьце ёсьць, то час у звыклым для нас сэнсе сканае.
Падзея часу онталягічна паходзіць з наяўнасьці пачатку і канца ўсяго, што адбываецца ў існым, а рух часу ініцыюецца вымыканьнем фэномэнаў існага з патаемнага ў непатаемнае. На гэтым пераходзе зь няма ў ёсьць, а пасьля зь ёсьць у было і трымаецца ўся “мэханіка” часу.
Віртуальным (да іх падобным і яшчэ пакуль невядомым) тэхналёгіям новай эры наканавана стварыць сытуацыю, калі сэмантычна ўсё быцьцё ёсьць адразу. Усё мінулае, усё цяперашняе, усё будучае ёсьць адразу, у адным часава-прасторавым кантынууме.
Усё ёсьць — нічога няма (няма няма). З гэтага атрымліваецца, што часу болей не выпадае куды рухацца, паколькі рух часу абумоўлены пераходам быцьця зь няма ў ёсьць, а тут усё, што можа быць, ужо ёсьць, прынамсі ёсьць у магчымасьці веданьня я-чалавекам сэмантыкі ўсяго, што можа быць і што будзе... Сфінкс засьмяяўся і час сканаў...
Натуральна, гаворка тут ідзе не пра біялягічны час і не пра час узьнікненьня і распаду формаў матэрыяльнасьці, якія, бадай, ніколі ня ўнікнуць лінейна-часавай пасьлядоўнасьці, а пра спыненьне руху часу ў прасторы а-рэальнасьці, якая рана ці позна сэмантычна цалкам асягне ўсё, што можа быць у існым, — і на мапе быцьця не застанецца белых плямаў.
Веданьне пра “ўсё быцьцё”, пэўна ж, не адменіць уласна жыцьця, руху падзеяў, чаргі нараджэньняў і паміраньняў, але, як у эру Татэму, верне я-чалавека да звычайнага адбываньня быцьця, якое ідэалягемна нічым ня будзе правакавацца.
Гэтаму вяртаньню да я-чалавека безь ідэі я-чалавека (міту пра чалавека) будзе папярэднічаць, недзе супадаючы, некалькі найістотных падзеяў. Адна зь іх досыць выразна пачынае праяўляцца ўжо сёньня, пра што шмат дзе казалася — у гэтым тэксьце таксама.
Розум я-чалавека, здаецца, дасягнуў мяжы сваіх мэтафізычных магчымасьцяў і, як зьвер, абкладзены сьцяжкамі, ліхаманкава шукае выйсьця і не знаходзіць. Ён таўчэцца па даўно вытаптаным альбо датоптвае неяк дасюль ацалелыя лапікі некранутага. З чаго ўсюдна пануе таўталёгія, як апошняя філязофія Тэкставай эры. Ды, бадай, і ўвогуле апошняя філязофія.
Усё істотнае, што магло быць прадумана — прадумана, выяўлена і прылучана да эйдычнага суплёту ідэяў. Таму мысьленьне ўжо амаль нічога не азначае, тым болей існаваньня. Хто сёньня ўсур’ёз скажа: я мысьлю, значыць я існую?! Урэшче, амаль мысьліць і “машына”...
Калі пра “мяжу розуму” казалася шмат, асабліва ў XX стагодзьдзі, то праблема “мяжы жаданьняў” дасюль застаецца па-за належнай увагай, хаця яна куды болей значыць у праблеме я-чалавека, бо і самое мысьленьне — гэта толькі адна з формаў жаданьня — жаданьня мысьліць.
Жаданьнем, аб’ёмам і кшталтам “хачу” я-чалавека вызначаецца сутнасьць і зьмест ягонага быцьця-для-сябе. Заўважым, не “магу”, а менавіта “хачу” адыграе ў гэтым заканадаўчую ролю. Я-чалавек можа толькі тое, чаго ён хоча (нават калі ён ня можа дасягнуць таго, чаго ён хоча). Памкненьне да зьдзейсьненасьці жаданьняў рухае махавік быцьця-для-сябе.
Хачу я-чалавека — модус, разгортваньне якога ў бок зьдзяйсьненьня абумовіла фармаваньне цывілізацыі. Тэхнагенная эра — завяршэньне гэтага разгортваньня, форма максымальнага забесьпячэньня хачу зьдзейсьненасьцю як на фізыялягічным, так і на духоўным узроўнях.
Увогуле, жаданьні я-чалавека адно здаюцца бязьмежнымі, насамрэч іх патэнцыял не такі ўжо і вялікі. Быційна ён вызначаецца патрэбай забесьпячэньня сябе існаваньнем ды самім сабой, а пабытова вельмі рэдка сягае далей запатрабаваньняў фізыялёгіі і ўяўленьняў я-чалавека пра матэрыяльна-духоўны інтэр’ер чалавека. Таму належны ўзровень дабрабыту і мабільныя структуры камунікатыўнага дыскурсу некалі дазволяць я-чалавеку задавальняць сваё хачу амаль напоўніцу. Натуральна, калі ня блытаць хачу, як экзістэнцыйную патрэбу, з фантазіямі на тэму “хачу”. Я-чалавек можа мроіць пра валадарства над Сусьветам, але з гэтага зусім не вынікае, што ён рэальна жадае хоць якога валадарства.
Адным словам, у Тэхнагенную эру хачу як праблема губляе сваю актуальнасьць (спачатку мэтафізычна, затым быційна і, урэшце, пабытова). З усіх жаданьняў, з усіх хачу застаецца хіба хачу хацець, але дамінаваць будзе не яно, а хачу не-хацець, гэта значыць хачу быць як ня быць, быць паўз самога сябе.
Страта падзеі часу, асягнутая мяжа магчымасьці розуму і зьдзейсьненая мера магчымасьцяў жаданьня ў сваёй сукупнасьці вынікнуць тым, што я-чалавек у Тэхнагенную эру канчаткова страціць актуальнасьць як у кантэксьце самога сябе, так і ў мэтакантэксьце быцьця існага.