Выбрать главу

Я-чалавек будзе як ня-будзе. Будзе бяз хоць якой-кольвек ідэі самога сябе. Зрэшты, такім ён быў заўсёды раней, пакуль не прыдумаў міт пра чалавека.

Дарэчы, а чаму мы павінны думаць, што гэты міт быў апошнім?

Апошнім! Прынамсі, падобнага кшталту. І справа вось у чым...

Да Тэхнагеннай эры чалавек заўсёды жыў альбо ў сьвеце створаным Прыродай альбо ў сьвеце створаным Богам (багамі). З усіх чатырох бакоў чалавека атачала рэальнасьць, якая паўставала не зь яго волі і мазаля. Апрацаваны ім самім лапік зямлі, некалькі будынкаў на падворку, трохі прыладаў у жытле, як і ўсё селішча разам выглядалі такой драбніцай раўнуючы з усім астатнім сьветам зробленым некім іншым, што чалавек ня мог не сакралізаваць гэтага магутнага іншага ў якой-кольвек трансцэндэнтнай унівэрсаліі. (Прынцыпова сытуацыю не мянялі вялікія гарады, якія мела кожная эпоха. У тых “мэгаполісах”, як і за іх мурамі, аднолькава панавалі зямля, неба, агонь ды іншыя прыродныя ці боскія стыхіі...)

Чалавек Тэхнагеннай эры месьціцца ў сьвеце непасрэдна створаным ім самім... Рыхтавалася гэтая перамена спакваля і хаця онталягічна яна паходзіць з самога фэномэну чалавека, але гістарычна яе пачатак датуецца часам, калі чалавек ужо вылучыў сябе зь цела існага і пазначыў усё адкрытае яму існае як існае-для-чалавека. Гэтым актам ён канстытуяваў свае правы на валоданьне і карыстаньне ўсёй цялеснасьцю быцьця дзеля сваёй спажыўнай хэнці. Такім чынам адбыўся прарыў да сучаснай цывілізацыі, якая ёсьць ні што іншае, як тэхналёгія татальнай перапрацоўкі існага згодна запатрабаваньням хачу чалавека.

Цывілізацыя як тэхналёгія перапрацоўкі існага, замкнутая на чалавеку, перайначыла космас бытнаваньня чалавека да той меры, за якой гэты космас ужо не таясаміцца ні з чым (кім) яшчэ, акрамя як з чалавекам. З усіх бакоў, і побач, і ўдалечыні ўся прастора, адкрытая чалавеку, калянізаваная чалавекам і густа напакаваная зьдзяйсьненьнямі яго фізычнай альбо інтэлектуальнай працы. Усюды, куды вокам ні кінь, не Прырода, ня Бог, а ён сам — чалавек. Дык скуль тут хтосьці яшчэ акрамя чалавека, яго розуму і працы?!

Верагодна, падобнае абгрунтаваньне немагчымасьці новай сакральнай фігуры, якая б падтрымала міт пра чалавека, выглядае залішне спрошчаным, бо ўсё гэта не адмаўляе містычнага жаху перад небыцьцём, з чаго найперш і ўзьнікае патрэба ў нейкай трансцэндэнтнай сіле, як аптымізацыі гэтага жаху. Але пры ўсёй спрошчанасьці аргумэнтацыі на карысьць немагчымасьці новага Бога старога кшталту, чалавек наўрад ці зможа пераадолець сытуацыю непасрэдна ім зробленага быцьця, якой ён неўпрыкмет абгарадзіўся ад магчымасьцяў сакральнага і тымсамым пакінуў сябе на адзіноце з самім сабой, ды яшчэ безь сябе.

Адзін. Будзе туліцца на ўзбочыне быцьця нікім і нічым не запатрабаваны. Нікому не патрэбны.

Сам сабе ён ніколі ня быў патрэбны. А цяпер ужо нікому і ні для чаго не патрэбны.

ЗУСІМ ЛІРЫЧНЫ ЭПІЛЁГ

Тое, што ёсьць, таго ўжо ня будзе.

Я ёсьць — значыць мяне ўжо ня будзе. Ніколі. Нідзе.

Мяне ніколі болей ня будзе!

Быцьцё — гэта мейсца, дзе зьбіраюцца канаць назусім усе магчымасьці быцьця. Татальны могільнік усяго, што мела волю быць.

Вусьцішнасьць быцьця ў тым, што быць больш трагічна, чым ня быць. Бо быць — гэта ўжо быць, а ня быць — гэта толькі яшчэ ня быць.

У быць адзін сэнс — болей ня быць. Нідзе. Ніколі.

Гэтаму мэта-пэсымістычнаму разуменьню быцьця, як тэктанічнага анігілятара ўсяго, што было вымкнутым у быцьцё, стаецца ў апазыцыю мэтааптымістычная ідэя быцьця, як мейсца, дзе ўсё, што зьяўляецца быць, застаецца назаўсёды альбо ў вечным кругазвароце альбо ў несупынных працэсах трансмутацыяў...

Але і той, хто кажа, што ўсё несьмяротнасьць і той, хто кажа, што ўсё сьмяротнасьць, пражываюць аднолькавае жыцьцё. І, напэўна, пасьля сьмерці яны не разыходзяцца ў розныя бакі — адзін у вечнае Нешта, другі ў вечнае Нішто, — а трапляюць у нейкую адну наканаванасьць. У наканаванасьць адсутнасьці таго, што было.

Жах быцьця — яно адбірае быцьцё.

Неяк бацька паскардзіўся маці:

— Пражыў жыцьцё, а навошта жыў? Ужо сьмерць падсоўваецца, а навошта жыў?..

— Куды ад сьмерці падзенесься? З варонамі не паляціш! — адказала маці.

Гэтае эсэ напісана з уласнай патрэбы, з патрэбы ўпэўніцца, ці меў рацыю бацька, ці мела рацыю маці, ці меў рацыю я, калі яшчэ малады і поўны, як вока, жыцьцём да болю біў па сьцяне кулакамі ў адчаі ад непатрэбнасьці сябе ні сабе самому, ні гэтаму сьвету.