Цяпер ужо не памятаю, ці быў у тым адчаі непатрэбнасьці дамешак тугі па незваротнасьці быцьця. Напэўна, быў, бо гэтыя дзьве зусім розныя эмоцыі нейкім дзіўным, неэўклідавым чынам заўсёды перасякаюцца на прасторы чалавека.
Я ўкрыжаваны на нелінейным крыжы незапатрабаванасьці быцьцём і любові да быцьця. Хаця дакладней будзе казаць не пра непатрэбнасьць быцьцю, а пра неабавязковасьць менавіта мяне ў быцьці. Бо казаць, што быцьцю непатрэбны чалавек, як фэномэн быцьця (куды, зразумела, дастасаваны і я), было б залішне безадказна.
Чалавек увогуле, чалавек, як фэномэн быцьця, пэўна ж, для нечага патрэбны быцьцю. Прынамсі цяжка, амаль немагчыма пагадзіцца, што фэномэн чалавека паўстаў з выпадковага зьбегу акалічнасьцяў фізычнага сьвету, што чалавек сваім цэлым нічым большым за гэтае цэлае не абгрунтаваны, ніякай сакральнай ці астральнай задумай не абумоўлены. Занадта буйна, мудрагеліста, вытанчана арганізавана быцьцё для чалавека, сам чалавек і той фэнамэнальна багаты і фантастычна згарманізаваны сьвет цывілізацыі, які чалавек стварыў, — каб лічыць усё гэта выпадковым зьбегам акалічнасьцяў і зусім ня думаць пра тое Нешта, што да ўсяго гэтага павінна было прычыніцца.
Дарэчы, праблема Нешта, якое мусіла (ці зусім ня мусіла) прычыніцца да фэномэну чалавека, тут амаль не краналася таму, што мэта была якраз адваротнай: максымальна адлучыць я-чалавека ад усялякіх спэкуляцыяў над трансцэндэнтным, каб вымкнуць яго з апранахі міту пра чалавека, які і быў сфармаваны верагоднасьцю існаваньня Нешта.
Я-чалавек без гіпатэтычнага Нешта — вось што, з аднаго боку, цікавіла мяне ў гэтым эсэ. А з другога — я-чалавек без фэномэну чалавека (наколькі гэта магчыма ў прынцыпе).
Фэномэн чалавека і я-чалавек — гэта рашуча розныя падзеі. Калі карыстацца фальклёрным параўнаньнем, то фэномэн чалавека — гэта дрэва, а я-чалавек — лісток на гэтым дрэве. Дрэва — гэта не лісток, а лісток — зусім ня дрэва. І хаця лісток немагчымы бяз дрэва, у лістка і дрэва дзьве розныя сутнасьці, два розныя зьместы быцьця і, верагодна, два розныя сэнсы ў быцьці.
Дык вось, тут мяне найперш цікавіў ня той, хто пасадзіў дрэва і нават не само дрэва, а лісток на ім. Адзін асобны, ці кожны паасобку.
Мая цікаўнасьць зразумелая. Я сам — лісток, і неўзабаве восень... Дрэву яшчэ быць тысячагодзьдзі і не адну тысячу вёснаў на ім яшчэ будзе шапацець лістота... А я ўсё часьцей паглядаю на дол. Адтуль пад ранак ужо цягне холадам, і я пачынаю разумець, што ў лістка і дрэва розныя наканаваньні: дрэву наканаваны лёс, лістку — толькі доля.
Можа яно і добра, што ад вясны да восені лісток мысьліць і пачувае сябе дрэвам.
Можа яно і добра, што я-чалавек тоесьніць сябе з фэномэнам чалавека, бо з гэтага ён мае хоць нейкі аптымізм быцьця.
Мною жыцьцё ня вершыцца, — кажа ён. І яму лягчэй адыходзіць у невараць.
Але ня толькі зьнікаць у небыцьці — быць у быцьці яму лягчэй і весялей, калі ён атаясамлівае сябе з усёй гісторыяй людзтва, з усёй культурай і цывілізацыяй, з усім мысьленьнем і ўсім эмацыянальным досьведам... Які я вялікі і магутны, які я разумны і здольны, — думае задзіночаны з усім людзкім я-чалавек і пачувае сябе трохі бясконцым і трохі вечным... І затым з гэтага ўяўнага пачуваньня пачынае выдумляць сябе ўжо зусім бясконцым і назаўжды вечным...
Вядома, пры жаданьні можна цешыць сябе рознага кшталту містычнымі надзеямі на працяг свайго бытнаваньня ў іншых вымярэньнях, сьветах, быцьцях альбо — матэрыялістычнымі вэрсіямі пра прысутнасьць у целе будучыні вартымі рэшткамі сваёй практычнай дзейнасьці, уласнай духоўнай энэргіяй ці хаця б нашчадкамі роду, але як у гэтых, так і ў мностве іншых варыянтаў самых мудрагелістых прыдумак я-чалавек, як цэлае, анігілюецца і пераходзіць у іншую якасьць. І калі нават гэтая іншая якасьць, згодна праекту прыдумкі, не паглынае наўсьцяж я-чалавека, а ўтрымлівае нейкія прыкметы ягонай экзістэнцыі, то ўсё гэта ўжо нешта прынцыпова адрознае ад таго, чым быў я-чалавек... Зусім ня тое, чым ён быў...
Аднак нават такое нішчымнае суцяшэньне, якое абапіраецца на гіпатэтычную магчымасьць “перасяленьня” калі не ўсяго я-чалавека, то хаця нейкага яго элемэнту ў вечнасьць, выдае на суцяшэньне дзеля суцяшэньня. Рэч ня ў тым, што няма куды перасяляцца — няма што перасяляць. Я-чалавек рэалізуе ў тут-быцьці сябе, як экзістэнцыйную магчымасьць самога сябе — цалкам. Напрыканцы ў ім не застаецца нічога з таго, што патрабавала б яшчэ аднаго ці некалькі тэрмінаў быцьця, тым болей — вечнасьці. На прыканцы я-чалавек дасягае ня толькі мяжы свайго розуму, краеня сваіх жаданьняў, але і скрані магчымасьцяў сябе ўвогуле. Няма ў ім чаму жыць далей нават тут, дзе ён цяпер жыве. Ягоны патэнцыял ім пазначанай прасторы вычарпаны. Дзейна, біялягічна, сацыяльна, інтэлігібэльна...