Людзі моцныя, пакуль абараняюць вялікую ідэю; яны робяцца нямоглымі, калі ідуць супраць яе.
Яму была наканаваная роля выдатнага навукоўца, аднак яго самога гэтая роля не задавальняла. Незвычайная амбіцыйнасьць штурхала яго на пошукі шляху да абсалютнай вышыні, і ён гатовы быў крочыць гэтым шляхам, нават каб ісьці давялося праз апраметную.
Урэшце Фройд ускараскаўся на вяршыню свайго жаданьня і... якраз праз апраметную, калі скінуўся ў прадоньне падсьвядомага і з блытаніны былога, ссунутага ў бездань “Я”, выштукаваў сабе пастамэнт упоравень з гарой Сінай.
Але тое, што ён намагаўся быць вялікім, хаця, магчыма, ня быў такім па “боскай” задуме, ад пачатку (застаецца і сёньня) сталася прычынаю падазронасьці як да ягонай асобы, так і да таго, што ім было напрацавана.
Заўзятары прарока псыхааналізу (без пакепваньня) напэўна запярэчаць супраць такой атэстацыі — і дарэмна. Тут можна было б згадаць колькі заўгодна куды больш жорсткіх выказваньняў як і пра самога вынаходніка “лібіда”, так і пра ягоную навуку. Чаго каштуе адно толькі мімаходзь кінутае Набокавым слоўка — “либидобелиберда”. Альбо вось гэтая выснова Людвіга Вітґенштайна: “Фройд сваімі фантастычнымі псэўдатлумачэньнямі (менавіта таму, што яны праменяць дасьціпнасьць розуму) зрабіў дрэнную справу”.
Пакуль пакінем па-за ўвагай, чаму гэта Фройд зрабіў “дрэнную справу”, каб не забыцца на гранічна супрацьлеглыя меркаваньні, сярод якіх згадаем усяго фрагмэнт з эсэ Ґермана Ґесэ (“Мастак і псыхааналіз”): “Ён (псыхааналіз — В. А.) патрабуе праўдзівасьці мастака ў адносінах да самога сябе, той праўдзівасьці, зь якой мы ня звыкліся. Ён вучыць нас бачыць, прызнаваць, дасьледаваць і ўсур’ёз прымаць тое, што мы якраз найбольш пасьпяхова адпрэчылі, што адпрэчыла ва ўмовах прымусу цэлае пакаленьне. Ужо зь першых крокаў на шляху знаёмства з псыхааналізам адчуваеш магутнае, нават празьмернае ўзрушэньне, зямля пад табой пачынае хадзіць ходарам. Хто ўстояў і крочыць далей, таго ахоплівае пачуваньне адзіноты, якое ўзьнікае з прычыны аддаленасьці ад умоўнасьцяў і традыцыйных поглядаў; ён павінен цяпер пытацца і сумнявацца, а гэта пакідае яго сам-насам зь нічым. Але за пабуранымі кулісамі традыцыйнасьці ён усё выразьней прадчувае і бачыць жорсткі малюнак праўды, прыроду”.
* * *
Год нараджэньня Зыґмунда Фройда — 1856. У сваёй знакамітай працы “Тлумачэньне сноў” Фройд распавёў: я “зьявіўся на сьвет увесь аблытаны чорнымі валасамі, і мая маладая маці палічыла мяне за мурына”.
На гэтую акалічнасьць можна было б не зьвяртаць увагі, калі б сам Фройд не надаваў ёй пэўнага значэньня. Справа ў тым, што Ґётэ, геній якога Фройд бязьмежна паважаў, таксама нарадзіўся чорным, і падобнае супадзеньне мацавала Фройда ў ягоных амбіцыях.
Калі Зыґмунду было тры гады, сям’я пераехала на жыхарства да Вены і прыстала ў мейсцы, якое належала гэбрайскаму гета. Натуральна, тут слова “гета” ня трэба разумець так, як яно разумелася ў сярэднявечным эўрапейскім горадзе, а тым болей у Менску падчас Другой сусьветнай вайны. Аднак абмінаць гэты факт таксама не выпадае, бо гэбрайскае паходжаньне і асяродзьдзе Фройда адыграла не апошнюю ролю ў тым, што (і як) ён рабіў.
На тую пару бацькі Зыґмунда былі досыць заможнымі людзьмі, і хлопчык меў магчымасьць вучыцца ў гімназіі (лічыўся там сярод першых вучняў). Пазьней ёй нейкі час вагаўся, выбіраючы паміж юрыспрудэнцыяй і мэдыцынай, і спыніўся на апошняй (Венскі мэдычны факультэт).
Адразу заўважым, што для бэлетрызацыі жыцьцё Фройда ня надта прыдатнае. Калі не лічыць падарожжа ў Амэрыку па запрашэньні тамтэйшых прыхільнікаў псыхааналізу (пасьля вандроўкі Фройд ганарыста заўважыў: “Гэтыя людзі не падазраюць, што я ім прынёс чуму”) і некалькіх “выпраў” у эўрапейскія сталіцы, — як кажуць, воку няма за што зачапіцца.
Свой век Зыґмунд Фройд пражыў у Вене, меў шасьцёра дзяцей, сяброў і вучняў. Зь дзевяці гадзінаў раніцы і да васьмі вечара ён прымаў пацыентаў у клініцы. А пасьля працаваў за апоўнач ля пісьмовага стала. І так штодня на працягу ўсяго жыцьця.
Здаецца, гэтымі двума сказамі мы і акрэсьлілі ці ня ўвесь бэлетрыстычны сюжэт біяграфіі Зыґмунда Фройда. І, пэўна, няма патрэбы насычаць яго пабытовым зьместам. Адно нагадаем яшчэ, што ўсе дасьледчыкі жыцьця і творчасьці Фройда адзначаюць: тэарэтык “пансэксуалізму” быў, як мы звыкліся казаць, высокамаральным чалавекам, і ў гэтым сэнсе яго недарэмна параўноўваюць з Фрыдрыхам Ніцшэ.