Выбрать главу

Той, хто патурае натоўпу, робіцца ягоным кумірам, а Фройд не хацеў быць кумірам, ён хацеў быць Мэсіяй. Яму жадалася быць павадыром у новае веданьне чалавека пра самога сябе.

* * *

І тут я не магу ўтрымацца, каб ня выказаць адно, мякка кажучы, авантурнае меркаваньне. Часам мне здаецца, што ў гэтым бязьлітасна жорсткім вобразе “фройдаўскага” чалавека ёсьць нейкі момант помсты чалавецтву за тыя пакуты, за тыя абразы народа Ізраіля, якія ён цярпеў на працягу тысячагодзьдзяў, раскіданы вятрыскам неміласэрнага лёсу па краінах і кантынэнтах. Фройд сваім вучэньнем быццам кажа: паглядзі, зь якога сьмярдзючага бруду зроблены ты, які абзываеш мяне жыдам пархатым, ты, які трымаеш мяне ў гета, ты, які лічыш мяне за недачалавека і заўсёды гатовы расквітацца са мной за ўсе ўласныя грахі.

Калі б Фройд прачытаў гэтыя радкі, ён, пэўна, сказаў бы: “Лухта, братка! Я — навукоўца, я дасьледаваў факты, трымаўся фактаў і рабіў высновы, зыходзячы з фактаў”.

Магчыма, сапраўды, — лухта. Але ёсьць даволі сьведчаньняў, якія гавораць, што Фройда не абыходзіла доля яго народа. Згадаю толькі адзін эпізод. Падчас II кангрэсу псыхааналітыкаў у Зальцбургу (1910 г.) Фройд зьвярнуўся да сваіх венскіх вучняў з наступнымі словамі: “ Большая частка з вас гэбраі, а таму вы не прыдатныя для заахвочваньня сяброў да нашага вучэньня. Гэбраі павінны суцяшацца тым, што ім дазваляюць быць гноем для культуры. Я мушу выйсьці ў сьвет навукі, я ўжо стары (тады яму было толькі пяцьдзясят чатыры гады. — В. А.) і не хачу заўсёдна і ўсюдна сустракаць варожасьць. Мы ўсе ў небясьпецы”.

Дарэчы, як мне здаецца, уяўляе цікавасьць тлумачэньне Фройдам вытокаў антысэмітызму.

Фройд лічыў, што прычына антысэмітызму зыходзіць з традыцыі “абрэзваньня” ў гэбраяў. Выцесьненае ў не-сьвядомае гэтае веданьне пра гэбраяў блытае (ці, хутчэй, атаясамлівае) абрэзваньне з кастрацыяй (“комплекс кастрацыі” вельмі істотны ў сыстэме Фройда; гісторыя гэтага комплексу бярэ пачатак у сьвядомым падаўленьні чалавека чалавекам, калі чалавек зразумеў, што можна больш чым забіць свайго ворага, можна пазбавіць яго магчымасьці працягвацца ў дзецях). Таму не-сьвядомае (“Яно”) лічыць гэбраяў жорсткімі. Гэбраі, якія “кастрыруюць” сваіх дзяцей, здольныя на якое заўгодна забойства.

“Яно” пагарджае гэбраямі, бо яны кастраты, і адначасна баіцца гэбраяў, бо яны кастрыруюць.

* * *

Асобая старонка ў біяграфіі Фройда — яго адносіны зь сябрамі і вучнямі. Але напачатку міжвольная “самахарактарыстыка” з працы “Па той бок прынцыпу насалоды”: “Так, напрыклад, вядомыя асобы, у якіх усялякія чалавечыя адносіны заканчваюцца тым самым: дабрачынец, якога кожны зь ягоных выхаванцаў у нейкую пару пакідае з крыўдай і злосьцю, колькі б ні розьніліся гэтыя выхаванцы, як быццам прысуджаны да таго, каб зьведаць усе пакуты няўдзячнасьці; ёсьць мужчыны, у якіх кожнае сяброўства завершваецца тым, што сябра ім здраджвае; ёсьць іншыя, якія ў сваім жыцьці бясконцую колькасьць разоў абіраюць каго ў якасьці бясспрэчнага ўласнага ці нават грамадзкага аўтарытэту, а затым, праз пэўны час, скідваюць гэты аўтарытэт з пастамэнту і падымаюць туды наступны...”

У гэтым фрагмэнце сказана амаль усё пра ўзаемаадносіны Фройда зь сябрамі і вучнямі — і наадварот...

Шарко, Брэер, Адлер, Юнґ, Штэкель, Ранк, Вітэльс... Яны і шмат хто яшчэ былі настаўнікамі-сябрамі, паплечнікамі, адэптамі, вучнямі, папулярызатарамі псыхааналізу, і ўсіх іх аб’ядноўвае, акрамя адданасьці Фройду — непрыгожае расстаньне са сваім кумірам. Хтосьці самахоць адыходзіў, але большасьць адпрэчваў сам Фройд. Самымі вядомымі сталіся сваркі Фройда з Юнґам і Адлерам, што і натуральна, бо кожны зь іх зрабіў унёсак у тэорыю (і філязофію) псыхааналізу амаль роўны фройдаўскаму. З Адлерам (аўтарам “комплексу непаўнавартасьці”) Фройд разьвітаўся таму, што той і ня ўтойваў свайго жаданьня перахапіць у Фройда мэсыянскую паходню. (“Ці вы думаеце, што для мяне вялікая радасьць усё жыцьцё быць у вашым ценю?..”)