Як ужо згадвалася, ліст да Брандэса датаваны 1888 годам. Калі лічыць “фармальна”, то Ніцшэ заставалася пражыць яшчэ амаль дваццаць год, але ці можна залічваць да жыцьця тыя дзесяць зь іх, што ён правёў у шпіталі для псыхічна хворых?
Таму вернемся да жывога Ніцшэ і паспрабуем дадаць колькі рысаў у распачаты ім самім жыцьцяпіс.
У побыце гэты агрэсыўны рызыкант духу быў надзвычай ветлівы, па-жаноцку мяккі, гаварыў ціха, асьцярожна. Рысы ягонага твару былі спакойнымі, вочы задуменныя. Яго лёгка было не заўважыць, можа, таму, што манэры меў вытанчаныя. Рыхард Ваґнэр неяк сказаў: “Я даў бы цяпер сто тысячаў марак, каб умець паводзіць сябе, як гэты Ніцшэ”. А сам Ніцшэ, ня тоячы задавальненьня, напіша напрыканцы сьвядомага жыцьця: “... і я мушу прызнацца, што мяне больш цешаць тыя, хто мяне не чытае, хто ніколі ня чуў ні майго імя, ні слова “філязофія”; але куды б я ні прыйшоў, напрыклад, тут, у Турыне, твар кожнага пазіраючага на мяне асьвятляецца і робіцца дабрэйшым. Чым я да гэтай пары асабліва ганаруся, дык гэта тым, што старыя гандляркі не супакойваюцца, пакуль ня выбяруць для мяне самы салодкі зь іхнага вінаграду”.