Яны не маглі не варагаваць паміж сабой — Дыяніс і Хрыстос, бо Хрыстос — гэта аскеза, статыка, зьмірэньне ўсяго з усім, воля да сьмерці і паступовае зьнікненьне (перацяканьне) чалавечага з трывалай роўніцы рэальнага ў трымценьне ірэальнага.
Дыяніс — жыцьцё сьмерці.
Хрыстос — сьмерць жыцьця.
Дыянісыйства празь сьмерць зьвернутае ў жыцьцё, хрысьціянства — праз жыцьцё ў сьмерць, і таму паміж імі немагчымы нейкі іншы лад, акрамя сьмяротнай варажнечы...
Ніцшэ лічыў сябе сярод першых і найбольш адданых ваяроў Дыяніса і ненавідзеў хрысьціянства, як толькі пераможаны здольны ненавідзець пераможцу.
Але апошняя патрабуе ўдакладненьня: нянавісьць Ніцшэ ўзьнікла не з самога факту перамогі хрысьціянства над дыянісыйствам — у аснове гэтага пачуцьця была крыўда на тое, што перамог слабейшы (Хрыстос) і перамог жыцьцё ня звышжыцьцём, а нежытвом, супрацьпаставіўшы волі да жыцьця волю да сьмерці.
Хрысьціянства для Ніцшэ — “найвастрэйшая форма варожасьці з рэальнасьцю”, і што яшчэ горш — яно абсалютная формула dйcadence (“волі да змарненьня”). А Хрыстос, прынамсі такі, якім ён паўстае ў Сьвятым Дабравесьці, — ідэал дэкадэнта.
Запрапанаваўшы чалавецтву зьмярцьвіць плоць, зьмірыцца зь ліхам, ухваліць пакорлівую кволасьць насуперак сіле, а любоў да ворага — насуперак змаганьню з ворагам, — Хрыстос “перасунуў стрэлкі”, і цягнік быцьця збочыў із скразной дарогі вечнага вяртаньня ў эсхаталягічны тупік. Таму для Ніцшэ “Бог”, “мараль”, “дух”, “ідэалы” — гэта падманная атрыбутыка, якую хрысьціянства (“апошняя лягічная выснова юдаізму”) напрацавала дзеля адной мэты: паступова абязволіць чалавека і неўпрыкмет згарнуць жыцьцё ў нішто — у нежытво.
Зразумеўшы хрысьціянства, як суцэльны dйcadence, як найвялікшую пагрозу жыцьцю, Ніцшэ, пад сьцягам Дыяніса, выправіўся ў вялікае рушэньне супраць усяго, што было пазначана крыжовым знакам сьмерці. Арсэнал зброі ў яго быў дастаткова багатым: хрысьціянскаму Богу сьмерці ён супрацьпаставіў бога жыцьця Дыяніса, Хрысту — Заратустру, маралі — імаралізм, міру — вайну, чалавекабогу — звышчалавека, пакоры — волю да ўлады, апакаліпсісу — вечнае вяртаньне...
Так, у Ніцшэ было даволі зброі, каб змагацца, і нават даволі — каб перамагчы. Але што ён мог сказаць людзям, жыцьцю на другі дзень пасьля перамогі акрамя таго, што казаў напярэдадні: “Я Анты-асёл par excellence, і дзякуючы гэтаму я сусьветна-гістарычнае страшыдла, па-грэцку і ня толькі па-грэцку, я Антыхрыст...”?
Праз узыходжаньне татальнага нігілізму, празь нічым ня стрыманае адмаўленьне пануючай веры, ідэалёгіі, маралі, эстэтыкі, палітыкі Ніцшэ ратаваў чалавека (чалавецтва) ад dйcadence, ад павольнага зыходжаньня з трывалішчаў рэальнага сьвету ў натрызьнены сьвет ідэалаў, ісьцінаў, ідалаў.
Сапраўднае жыцьцё, натуральнае, быційнае — яно па той бок дабра і зла, а ўсё, што па гэты, — фікцыя, выдумка, хлусьня, аблуда. Што як ня фікцыя нейкі занябёсны Бог, а тым болей вера ў яго, што як ня фікцыя ідэалы дабрыні, прыгажосьці, любові, што як ня фікцыя ісьціна, прагрэс, эвалюцыя, а магчыма, і навука... Гэта ўсё толькі памысьлена, прыдумана, уяўлена. Сьвет чалавека напампаваны думкамі-зданямі, словамі-фантомамі, ідэямі-прывідамі, за якімі не паўстае нічога аб’ектыўнага, рэальнага, наяўнага. Гэта не жыцьцё, а фантасмагорыя, якая засланяе ад чалавека сапраўднасьць як яго, чалавека, так і ўвогуле існасьці...
Абраўшы за мэту адлучыць чалавека ад хрысьціянскага фіктыўна-прывіднага сьвету і вярнуць яго ў рэальны сьвет пары раньняга дыянісыйства, калі жыцьцё рухалася лішкам волі да жыцьця, а фармавалася воляй да панаваньня, Ніцшэ, магчыма, і наўмысна, прамінуў нават для сябе пытаньне: калі сьвет Дыяніса з панаваньнем рэальнасьці рэальнага — жыцьцядайны, а сьвет Хрыста, напампаваны фікцыямі, — тупіковы, то з чаго гэта людзі ў сваю пару кінулі Дыяніса і рушылі за Хрыстом? На якое ліха яны адракаліся ад таго, што ёсьць, ад таго, што можна памацаць, пакласьці сабе ў рот ці за пазуху, і выправіліся ў дарогу да нечага, пра што ніхто ня ведае: яно існуе сапраўды ці толькі трызьніцца?
Ня думаю, каб на гэтае пытаньне і праз сто год пасьля вайны Ніцшэ з Хрыстом нехта ведаў уцямны адказ. Што ў чалавеку запатрабавала “другой” рэальнасьці, чаму не даволі яму было адной, гэтай, якая мелася ў наяўнасьці тут і цяпер? Можа, якраз прычынай быў той самы “лішак жыцьця”, з патэнцыі ідэі якога Ніцшэ стварыў ужо сваю фікцыю — “звышчалавека”?..
А можа, гэта “воля да панаваньня” (на якую Ніцшэ абапіраўся, вызначаючы тое, што рухае жыцьцём) якраз і падштурхнула чалавека шукаць нейкі спосаб, каб займець уладу ня толькі над жыцьцём, але і над сьмерцю?