Аднак інтэрпрэтуючы Ніцшэ такім чынам, Гайдэґер ня меў намеру сьцягнуць генія бунту з вышыні “6000 футаў над узроўнем чалавека” да прыступак прафэсарскай катэдры. Тут была іншая мэта — дапасаваць “канцэптуальныя пэрсанажы” (Дэлёз) і канцэптуальныя мэтафары Ніцшэ да натуральнай яму, Гайдэґеру, стылістыкі мысьленьня, каб займець магчымасьць пераадолець Ніцшэ. Не пераадолеўшы Ніцшэ (не пераканаўшы сьвет, што Ніцшэ пераадолены), Гайдэґер ня мог разьлічваць на перамогу сваёй экзістэнцыяльнай анталёгіі над запанаваўшай у першай палове XX стагодзьдзя экзістэнцыяльнай антрапалёгіяй. Апошняе яму было неабходна дзеля таго, каб, аб’явіўшы празь Ніцшэ (“перакуленага Плятона”) канец старой мэтафізыкі, запрапанаваць сябе на пачатак новай мэтафізыкі...
(Гайдэґер — “апошні з магіканаў” мэтафізыкі і адначасна яе Дон-Кіхот, які ў адсутнасьці рэальных ворагаў змагаецца зь ветракамі, абараняючы тое, чаго няма, што зьнесена пазалеташнім ветрам...).
Мэтафізыка — гэта тры запытаньні: адкуль Усё, што такое Ўсё і навошта Ўсё? Аднак з таго, што гэтыя запытаньні сфармуляваныя чалавекам і, напэўна, немагчымыя без чалавека, — мэтафізыка з найпершай і найвышэйшай “навукі” некалі мусіла згарнуцца ў адну з частак антрапалёгіі, бо перад тым як шукаць адказу на гэтыя запытаньні, трэба запытацца: а чаму чалавек пра гэта пытаецца? У сваю чаргу тут папярэдне немагчыма абысьціся без адказу на пытаньне: што ёсьць чалавекам? — паколькі наўрад ці можна вызначыць анталягічную сутнасьць нечага, ня ведаючы ягонага прызначэньня.
Ня ведаючы прызначэньня чалавека льга адно вызначыць, які ён — чалавек, а ня што ёсьць чалавек. На гэтым (немагчымасьці ведаць што ёсьць чалавек і веданьні які ён ёсьць) і пабудаваў сваю паэтызаваную антрапалёгію Ніцшэ. Але для Гайдэґера антрапалёгія гэта толькі “інтэрпрэтацыя чалавека, якая ў прынцыпе ўжо ведае, што такое чалавек”, з чаго антрапалёгія здольная хіба адно “забясьпечваць суб’екта”. І таму Гайдэґер пацягнуў Ніцшэ, разам зь ягонай антрапалёгіяй, — наадварот, у мэтафізыку, бо толькі мэтафізыка “ёсьць ісьцінай пра сутнае як такое ў цэлым”. Паколькі “цягнуць” было далёка (высока?), то Гайдэґер “паадсякаў” у Ніцшэ ўсё жывое, цялёснае, цяжкое, — пакінуўшы адно суб’ектыўнасьць суб’екта ды антрапалягізм антрапалёгіі. А калі больш канкрэтна, то Гайдэґер вылучыў з усяго корпусу тэкстаў Ніцшэ пяць галоўных “рубрыкаў” (выраз Гайдэґера): “нігілізм”, “перарахунак усіх ранейшых каштоўнасьцяў”, “воля да ўлады”, “вечнае вяртаньне да таго ж самага”, “звышчалавек”.
Перад тым як зазірнуць у кожную з гэтых рубрыкаў, зьвернем увагу, што сярод “галоўных” — па Гайдэґеру — няма адной зь бясспрэчна асноведных у Ніцшэ — “імаралізму”. Нельга сказаць, што Гайдэґер зусім прамінуў “імаралізм”, ён зьвяртае на яго ўвагу, але хутчэй адно каб засьведчыць, што не забыўся пра “той бок дабра і зла” ў філязофіі Ніцшэ. Прычына абыякавасьці Гайдэґера да “імаралізму” ў тым, што ён увогуле ўнікаў этыкі як этыкі, для яго этычнае заўсёды заставалася залежным, падпарадкаваным анталягічнаму, бо паводзіны чалавека, згодна Гайдэґеру, абумоўленыя мераю адкрытасьці чалавеку ісьціны быцьця, і велічыню гэтае меры вызначае не чалавек, а сама ісьціна быцьця.
Дарэчы, фундамэнтальная анталёгія Гайдэґера наскрозь прасякнутая фаталізмам, які і “створаны” дзеля таго, каб татальна анігіляваць этычнае. І хаця ў тэрміналягічнай сыстэме Гайдэґера гэтае слова (фаталізм) зьяўляецца рэдчас, да таго ж заўсёды на пэрыфэрыі тэксту, па сутнасьці, яно пануе ўсюдна, бо, па Гайдэґеру, усё, што дзеецца ў існым, — адно праява ісьціны быцьця, у прасьветах вялікай патаемнасьці якога ўзьнікае чалавек як пастух гэтай самай ісьціны (Гайдэґер), і ніяк не самога сябе.
Закінуты ў быцьцё-тут чалавек ёсьць толькі высьветленая фатумам праекцыя ісьціны быцьця, і хаця Гайдэґер сям-там спрабуе нагрузіць чалавека ўласнай воляю ў быцьці-для -сябе, зьвязаўшы гэта з “патрэбай”, як з анталягічнай сутнасьцю чалавека, аднак усялякі раз, наблізіўшы быцьцё-для-сябе да этыкі, — ён вокамгненна зблытвае этыку з анталёгіяй і, забыўшыся на першую, бавіцца другой.
Паколькі Гайдэґер за анталягічным “сьвету ня бачыць”, то, натуральна, найбольш істотнай для яго “рубрыкай” ніцшэўскай філязофіі сталася “воля да панаваньня”, зь якой Гайдэґер, сягаючы ў “дурную бясконцасьць”, выводзіць адзін з найбольш прыкметных повядаў сваёй анталёгіі — волю да волі (ісьціны быцьця).
Але пачынае Гайдэґер інтэрпрэтацыю Ніцшэ ня з “волі да панаваньня”, а з аналітыкі “нігілізму”. (Упершыню ў сучасным значэньні тэрмін скарыстаў Якабі, а зрабіў шырока ўжытковым, як вядома, Тургенеў.)