Выбрать главу

Такое ўпартае не-хаценьне магло б сьведчыць пра неадпаведнасьць места той місіі, што на яго ўскладаецца, каб ня ўвесь папярэдні гістарычны досьвед, які люструе марнасьць намаганьняў іншых вылучыцца ў гэтай якасьці. Здаецца, пытаньне паўстала рубам: альбо Мінск, альбо — ніхто.

Няўдалыя спробы каго б там ні было раней спраўдзіць ідэю Мінска, пэўна, можна растлумачыць на грунце розных падставаў: містычнай (наканаваньне), гістарычнай (лёгіка падзеяў), дыялектычнай (пэрманэнтнае адпрэчваньне), адной з культуралягічных (сьмерць пасыянарнасьці) і другой — (сьмерць культуры), а да таго ж эканамічнай, палітычнай і г.д. Запрапануем у суплёт да іх вэрсію бэлетрыстычна-геаграфічную... Полацак, Вільня, Горадня, Смаленск... не маглі настала замацавацца ў якасьці “легітымнага” прадстаўніка гэтай прасторы таму, што знаходзілі сябе на пэрымэтры этнаграфічнага дыскурсу; яны намагаліся стацца цэнтрам, уладкаваўшы сабе месьцішча на мяжы, ускрай абшару бытаваньня этнасу. З чаго замест гарманізацыі той прасторы, ад імя якой яны выступалі, атрымлівалася яе дэфармацыя, сьцягваньне цэнтра з належанага яму мейсца на пэрыфэрыю, амаль у замежжа.Таму, натуральна, цягам бытаваньня яны выяўлялі не экзыстэнцыю прыналежнага да іх абшару, а морак нічыйнай мяжы.

Можа падацца нават дзіўным, але гэта, мабыць, так: наш край ніколі ня меў цэнтра (“сталіцы”). Тыя мейсцы, што ім пазначаліся, сутнасна, ды і зьместам, амаль не сягалі за меру намінатыўнага, аб чым, акрамя іншага, сьведчыць надзвычай важкая роля беларускага мястэчка ў кожную гістарычную пару. Фэномэн беларускага мястэчка пэўна і тлумачыцца тым, што ў нас мястэчку трэба было браць да выкананьня многія функцыі, якія ў іншых краінах звычайна выконвае “цэнтар”.

Найбольш наглядна аблуду намінатыўнасьці люструе Вільня — горад-падман, горад-пастка, фатальны горад зь яшчэ, здаецца, ня вычарпанай для беларусаў усёй згубаю.

Вільня стагодзьдзямі дражніла нас надзеяй, што ў яе асобе мы маем Мінск, і мы ўва ўсе тыя стагодзьдзі, забыўшыся на іншыя магчымасьці, ляцелі на сьвятло яе ліхтароў — і натыкаліся на нябачную перашкоду... а тыя, хто не адступаўся перашкоды, як Каліноўскі, абпальвалі тут крылы і ападалі мёртвымі на дол.

“О, Вільня, крывіцкая Мэкка! Ці варта прарока ты стрэць?” — сумняваўся паэт. Але вядома, што рытарычнае пытаньне — гэта форма адказу на зусім не рытарычнае пытаньне, у нашым выпадку: дзе Мэдына, а дзе Мэкка?

Вільня не была вартай сваіх прарокаў, і яны, завабленыя туды падманам, неўзабаве пачыналі разумець усю аблуду гэтага абыякавага да каго б ні было места, і кідаліся прэчкі... Скарына, Міцкевіч, Купала... (мноства)...

Забыцца, як мага хутчэй забыцца на гэтага “гораду чароўныя прынады”, пакінуць Вільню для сантымэнтаў, экскурсіяў, эміграцыі, архіву няспраўджаных праектаў, дзе найвялікшы зь няспраўджаных — яна сама.

Няма Мінска акрамя Мінска. У 1918 годзе Мінск у якасьці цэнтра этнанацыянальнага дыскурсу мог яшчэ падацца за выпадковасьць хаця б таму, што разам зь ім у гэтым значэньні спрабавалі зьдзейсьніцца іншыя месты (Смаленск, тая ж Вільня), але сёньня ўжо можна здагадацца: нідзе, акрамя як тут, на берагах цяпер зьніклай Нямігі, не магла быць аб’яўленай і спраўджанай БНР, пасьля БССР, а цяпер Рэспубліка Беларусь; нідзе яшчэ як тут, распушчаны па вёсках і мястэчках дух (эйдас, геній) нацыі ня змог бы сабрацца ды настала атабарыцца і тымсамым перапыніць бясконца-бязмэтнае валацужніцтва ідэі Мінска паўз пэрымэтар краю...

Нарэшце этнаграфічная прастора намацала і зацьвердзіла сярэдзіну самой сябе!.. З чаго адразу паўстала раўнаважнасьць незбалянсаванага зьмесьціва, якое адсюль даволі хутка пачало набываць форму з прычыны крышталізацыі структуры, абумоўленай узаемадачыненьнямі цэнтра і пэрыфэрыі.

Беларусь, як цэльнае культурнае, эканамічнае, палітычнае і трансцэндэнтнае ўтварэньне, немагчыма без фармулюючага гэтае ўтварэньне Мінска. Але тут адразу ўзьнікае пытаньне: а ці магчымы Мінск (скажы, як Вільня) безь Беларусі? Ці верагодны быў Мінск у наканаваным яму мейсцы і наканаваньні раней, чым з крэваў, русінаў, ліцьвінаў ды іншых не адбыліся тыя, каго мы цяпер называем беларусамі, не адбылося тое, што мы цяпер пазначаем словам Беларусь?