Выбрать главу

Рана ці позна эўрапейскае мысьленьне павінна было “выйсьці” на нігілізм, паколькі ўсё яно знаходзіла сябе ў полі бінарнай апазыцыі паміж Нешта і Нішто. Наяўнасьць апошняга (Нішто) прадвызначала зьяўленьне нігілізму ў тым ці іншым акце драмы эўрапейскай мэтафізыкі.

Нігілізм — гэта той момант у гісторыі мысьленьня, калі мысьленьне раптам усьведамляе, што каштоўнасьці, на якія яно арыентавалася, вядуць у нікуды, у Нішто, і таму трэба набрацца мужнасьці і адпрэчыць іх.

“ — Што па сутнасьці адбылося? Пачуцьцё некаштоўнасьці ўзьнікла, калі чалавек зразумеў, што ні повядам “мэты”, ні повядам “адзінства”, ні повядам “ісьціны” інтэрпрэтаваць сукупны характар існаваньня не атрымаецца. Нічога тым самым не атрымана і не дасягнута; не хапае ўсеахопнага адзінства ў множнасьці таго, што адбываецца: характар існаваньня ня “ісьцінны”, ён аблудны... чалавек проста ня мае ўжо аніякіх падставаў пераконваць сябе ў нейкім ісьцінным сьвеце” (Ніцшэ).

А Гайдэґер сфармулюе зьяўленьне нігілізму наступным чынам: “Нігілізм ёсьць сама гісторыя існага, калі паволі, але нястрымна выходзіць у наяўнасьць сьмерць хрысьціянскага Бога” і чалавек застаецца сам-насам са стыхіяй жыцьця, па-за якой ужо нічога і нікога няма і ня можа быць. Ёсьць адно тое, што ёсьць.

Нігілізм Ніцшэ — гэта не сфальсыфікаваны мараляй гуманізм: дзейсны, жорсткі, загартаваны воляй да панаваньня чалавека над існым і Богам. “Усю прыгажосьць і ўзьнёсласьць, якімі мы прыхарошылі рэальныя і ўяўныя рэчы, я хачу запатрабаваць назад як уласнасьць і творыва чалавека: як яго цудоўную аналёгію. Чалавек як паэт, як мысьляр, як бог, як любоў, як магутнасьць, улада — О, звыш таго ягоныя царскія шчадроты... якімі ён надзяліў рэчы, каб зьбяднець самому і самому пачувацца жабраком! Да гэтай пары ягонай найвялікшай бескарысьлівасьцю было тое, што ён зьдзіўляўся і маліўся, і ўмеў хаваць ад сябе, што гэта ён стваральнік Таго, чаму ён зьдзіўляўся” (Ніцшэ).

З усяго гэтага вынікае, што нігілізм — гэта воля да перарахунку ўсіх ранейшых каштоўнасьцяў, якія татальна палягалі на пастулат наяўнасьці жывога і ўсюдна прысутнага Бога.

Удакладнім: для Ніцшэ перарахунак усіх каштоўнасьцяў азначае не адмаўленьне ранейшых каштоўнасьцяў, а адсутнасьць таго месца, дзе яны выяўляліся, зь якім стасаваліся і таясаміліся. Раней такім месцам быў Бог, ахапіўшы сваёй прысутнасьцю як усё існае, так і ўсё пазаіснае. Але ў сытуацыі адсутнасьці Бога каштоўнасьці мусяць быць вымкнутымі ўжо не з трансцэндэнтнага, а зь існаваньня існага, і — зарыентаванымі не на містычна ўяўлены Абсалют, а на самога чалавека.

Аднак хаця перарахунак каштоўнасьцяў зарыентаваны на чалавека, сам чалавек не зьяўляецца галоўнай каштоўнасьцю. Такую ролю цяпер (у сытуацыі адсутнасьці Бога) адыгрывае воля да панаваньня.

Воля да панаваньня — гэта тое, што дазваляе існаму аб’яўляцца і быць як існае. Быць — гэта панаваць над нечым, найперш над ня-быць, і таму воля быць — гэта адначасна воля панаваць, уладарыць. Існае і аб’яўляецца як існае таму, што яно трымае ў прычыне сваёй прычыны волю да панаваньня. Воля да панаваньня ня толькі вымыкае існае з патаемнага ў непатаемнае, але і рухае ўсім жыцьцём непатаемнага, бо панаваць — гэта несупынна вялічыць прастору і час сваёй прысутнасьці.

Панаваньне ў кожным моманце павінна пераўзыходзіць сябе цяперашняе, спыніцца для яго — значыць хіснуцца ў заняпад, саступіць больш моцнай волі да панаваньня.

Адным словам, усё, што ёсьць, — пануе, і такім чынам воля да панаваньня робіцца сутнастваральнай асновай быцьця бяз Бога. І значыць, на ёй, гэтай волі, цяпер мусяць палягаць усе каштоўнасьці, зь яе паўставаць і да яе вяртацца.

Паколькі волі да панаваньня, каб быць, заставацца, неабходна ўвесь час узрастаць у сіле, то ўсё, што ёсьць, — няёсьць, а толькі становіцца, адбываецца... Тут істотна не прамінуць наступнае: гэтае станаўленьне (адбываньне) на подзе волі да панаваньня не ўяўляе сабой паступова-пасьлядоўны рух наперад. Прычына немагчымасьці такога лінейна-эвалюцыйнага руху ў тым, што сусьвет Ніцшэ абмежаваны наяўным існым, за якім — ужо казалася — нічога няма і ня можа быць. Адсюль немагчымасьць выйсьці па-за межы існага ў нешта іншае, большае (Абсалют, Адзінае, Трансцэндэнтнае, Бог і да т.п.), — і таму быцьцё мусіць рухацца па крузе, раз-пораз вяртаючыся да свайго пачатку — “вечнае вяртаньне”.

(Ідэя “вечнага вяртаньня” Ніцшэ зьініцыявала “філязофію абсурду” Камю і была, можа, найбольш нечакана інтэрпрэтаваная Дэлёзам, які паспрабаваў давесьці, што вечнае вяртаньне — “выбарачнае”. Не ўсялякая праява волі да панаваньня замацоўвае сябе ў быцьці настолькі трывала, каб зноў адбыцца пры новым вяртаньні гэтага быцьця — нэгатыўныя сілы схільныя да самаадмаўленьня. З чаго атрымліваецца, што нэгатыўнае не вяртаецца і, такім чынам, зьнікае з быцьця. Нэгатыўнае — адмоўнае — і ёсьць Нішто. Адно толькі станоўчае, як праява існага — існуе заўсёды, але існуе ня як тоеснасьць, а менавіта як рознасьць, што ўтварае магчымасьць станаўленьня, адбываньня, быцьця.)