Спробы вылучыць Бахціна ў якасьці інтэлектуальнага мэсіі трэйцяга тысячагодзьдзя, пакласьці ягоны дыялягізм на пачатак ня тое каб філязофскай ці гуманістычнай, а нават шырэй — быційнай парадыгмы будучыні, мы назіраем шмат у каго з расейцаў. Ну што на гэта можна сказаць, акрамя таго, што ў гэтым вінаваты ня сам Бахцін, а мэсыянская мэнтальнасьць ягоных інтэрпрэтатараў — гэта з аднаго боку, а з другога — “комплекс філязофскай непаўнавартасьці” пэўнай часткі расейскіх інтэлектуалаў, якія раз-пораз хапаюцца то за Салаўёва, то за Бярдзяева ці Шастова, а цяпер вось — Бахціна, каб адным махам кампэнсаваць сваю адсутнасьць у “мэтафізыцы веды”, ды яшчэ адразу выперадзіць тут даўно прысутных, стацца павадыром для астатніх.
О, непазбыўная прага цуду: шчупак прамовіць, печка паедзе, філёзаф сам сабою народзіцца, абібокам правалэндае трыццаць тры гады, а потым як загаворыць... Усе тут і вохкнуць!
Бахцін — адметны навукоўца і мысьляр. У расейскім інтэлектуальным кантэксьце свайго часу ён, бясспрэчна, адна з найбольш знаных падзеяў, але...
Але ці магчымы быў Бахцін як значная, тым болей — вышынная зьява расейскай культуры, каб ён не сфармаваўся на інтэлектуальных ідэях Захаду і з гэтай прычыны не прыдаўся Захаду як яшчэ адзін аргумэнт на карысьць ягонай інтэлектуальнай вартасьці?
Пытаньне можа быць пастаўлена і больш гранічна: ці ўвогуле магчымы Бахцін бяз Захаду?
Спроба выключыць Бахціна зь філязофскай парадыгмы Эўропы, надаць яму статус “цуду”, якое ўзьнікла само па сабе, “вынесьці” Бахціна ўзбоч і паставіць над эўрапейскім тэарэтызаваньнем — ня можа ня выклікаць пярэчаньня. Праўда, тут трэба заўважыць, што, скарыстаўшы прынцып “бінарных апазыцыяў” і жанглюючы Бахціным з “аднаго боку” на “другі бок”, расейцы як быццам не адмаўляюць прыналежнасьць Бахціна да эўрапейскага філязофскага дыскурсу, але кожнаму моманту гэтай прыналежнасьці яны імгненна вынаходзяць процілегласьць, якая б праз брамку апазыцыі выводзіла Бахціна з эўрапейскай рацыяналістычнай ідэалёгіі ў прастору расейскага змэсыяванага канцэптуалізму (хаця апошняе, прытоенае ў падтэксьце, ня надта вытыркаецца).
Увогуле, гэта марная справа — выбавіць Бахціна ад “эўропы” і выдаліць з Бахціна “эўропу”. Кожная такая спроба будзе абарочвацца адным — Бахцін апынецца нідзе і ні ў чым. Бо хаця ён мусіць і павінен разглядацца ў кантэксьце расейскага мысьлярства, аднак нейкі плён такое “прачытаньне” Бахціна можа мець толькі тады, калі папярэдне будзе ўлічана, што ён вырас зь філязафемы Захаду і не да нейкай умоўнай трансцэндэнцыі, а менавіта да яе зьвяртаўся, зь ёю “дыялягізаваў” у сваіх творчых росшуках. А што да расейскай філязофскай традыцыі, то Бахцін яе ўсур’ёз не ўспрымаў, за што сьведчаць як мэтадалёгія і праблематыка ягоных працаў, так і непасрэдныя выказваньні ды ацэнкі. Спашлемся толькі на два факты. “На жаль, вымушаны сказаць, што ў Расеі Вам яшчэ доўга давядзецца быць адзінокім, і сустракаць Вы будзеце ў лепшым выпадку павагу і вельмі мала разуменьня і спачуваньня, бо ў нас, як гэта ні жахліва, пад “філязофіяй” разумеюць нешта вельмі малападобнае да таго, што разумееце Вы, і ня толькі ў асяродку абывацеляў, а і прысяжных нашых філёзафаў”. Гэта зь ліста М.Кагану, а вось сьведчаньне В.Кожынава: “... ён (Бахцін. — В. А.) лічыў, што ў Расеі ніколі не было сапраўднай філязофіі, у Расеі было тое, што ён называў некалькі з адценьнем зьніжанасьці “мыслительством”. Мне запомнілася такая яго фраза: ён казаў, што многія расейскія мысьляры — “мнимые храбрецы”, бо яны імкнуцца, заплюшчыўшы вочы, адным скачком пераадолець вялізную бездань, а сапраўдны філёзаф, сапраўдны мысьляр павінен мужна глядзець на ўсё адкрытымі вачымі./.../Ён лічыў, што на базе ўсяго напісанага раней яшчэ можна толькі пачаць стварэньне расейскай філязофіі”.
Зусім не выпадкова, што Бахцін, які лічыў сябе менавіта філёзафам і нікім іншым, пры сваім “другім нараджэньні” пасьля выхаду другога выданьня кнігі “Праблемы творчасьці Дастаеўскага” і кнігі “Творчасьць Франсуа Рабле і народная культура сярэднявечча і Рэнэсансу” быў прачытаны і ўспрыняты на бацькаўшчыне выключна як літаратуразнаўца. З гэтага статусу ён у Расеі, пэўна, ніколі б і ня выбраўся, каб Захад не ўключыў праблематыку ягоных працаў у свой філязофскі кантэкст. Як гэта заўсёды было характэрна для Расеі, пад уплывам аўтарытэту Захаду, сёньня тут ужо амаль забыліся на Бахціна літаратуразнаўцу і разглядаюць яго пераважна як вялікага расейскага філёзафа, але пры гэтым старанна не заўважаюць, што ідэі Бахціна на “такт-другі” прыпазьняліся ў часе параўнальна зь інтэлектуальным рытмам Эўропы XX ст., што Бахцін, па сутнасьці, ня быў генэратарам новых ідэяў, а толькі арыгінальным інтэрпрэтатарам, які своеасабліва ілюстраваў тыя тэорыі, што зьяўляліся на Захадзе (маецца на ўвазе найперш “дыялягізм” Марціна Бубэра, фрайдызм, экзістэнцыялізм...) і, у нейкім сэнсе, спрабаваў іх аформіць канцэптуальна.