Выбрать главу

Натуральна, у гэтых дзьвюх ўнівэрсаліях (паганскай і біблейскай) можна шукаць і знаходзіць тыпалягічна агульныя прыкметы, толькі нішто іх ня зможа зьнітаваць у нейкую еднасьць, бо паміж імі разлом ня ў форме быцьця, а ў спосабе мысьленьня, якое на тую пару рашуча выламвалася з маналягічнай цэласнасьці непатаемнага ў дыялёг з патаемным.

Дарэчы, калі забыцца на рэвалюцыйны перарахунак інтэлігібэльнай сытуацыі, то быційна паганская і бібілейская цывілізацыя яшчэ не далёка разышліся між сабой, чаму сьведчаньнем і сам біблейскі Бог, які хаця ўжо і “зьлез” з Сусьветнага Дрэва, але яшчэ не намацаў сабе прытулку ў сутоньні трансцэндэнтнага і таму месьціўся недзе бліз чалавекаў і народаў. Адсюль Ягоная заангажаванасьць жывым жыцьцём: Ён то песьціць, то ненавідзіць чалавека, і робіць гэта ў тут-быцьці ды “ўласнаручна”, а ня праз памагатых у нейкай там апраметнай катавальні, як тое будзе адбывацца потым. — Ён яшчэ непасрэдна прычыняецца да ўсіх чалавечых справаў, творыць лад і бурыць бязладзьдзе, нішчыць амаль усё жывое і аднаўляе яго наноў — адным словам, прысутнічае як рэальны суб’ект у рэальнасьці чалавечага бытнаваньня. Верагодна, з гэтае блізкасьці да канкрэтыкі жыцьця Ягоныя адносіны да зганьбаваньня ім жа Сусьветнага Дрэва застаюцца пакуль досыць памяркоўнымі. Бо хаця ён і адпрэчыў прэтэнзіі Сусьветнага Дрэва на валоданьне ўсім зьместам і сэнсам Сусьвету, але літасьціва пакінуў Дрэву магчымасьць заставацца ў якасьці перыфэрыйнае падзеі, якая поўніць акаляючую чалавека прастору пабытовымі значэньнямі...

Затое трэйці Бог (за першага палічым Сусьветнае Дрэва) — Бог сьвятога дабравесьця, паставіўся да Сусьветнага Дрэва, куды больш варожа. Нябачны, няўлоўны, нямоўны — ён ужо зносіцца зь людзтвам не непасрэдна, а праз досыць складана распрацаваную сыстэму “знамёнаў” (знакаў-сымболяў), як бы падкрэсьліваючы сваёй адсутнасьцю ў тут-быцьці ягоную, тут-быцьця, нявартасьць, умоўнасьць, усяго дадатнасьць да трансцэндэнцыі, якая адно і ёсьць тым мейсцам, дзе ўсё знаходзіць і вартасную, і сакральную меру ды вагу. Адсюль сьмяротная варажнеча трэйцяга Бога да Сусьветнага Дрэва, як да альтэрнатыўна супрацьлеглай ідэалягемы, сыстэма каштоўнасьцяў якой палягае на сумернасьці чалавека і тут-быцьця і тымсамым адмаўляе трансцэндэнтнае і ягоную прычыну — хрысьціянскага Бога.

Вынікам гэтай сьмяротнай варажнечы сталася тое, што Хрыстос “сьсёк” Дрэва і на самай сярэдзіне існага, дзе раней трымаў нябесныя шаты магутны галамень Сусьветнага Дрэва, замацаваў, выштукаваны з гэтага Дрэва, — Крыж.

Ва ўсе папярэднія часы дрэва паслугавала толькі жыцьцю і само было гэтым жыцьцём. Калі яно і сьсякалася, то каб будаваць хаты, вялічыць ляда, масьціць гаці, майстраваць калыскі і вазы — адным словам, зноў жа зьдзяйсьняць волю волі да жыцьця, якое такім чынам церабіла сьцежку ў наступнасьць. І толькі хрысьціянства, абсёкшы дрэва на крыж, ператварыла яго ў начыньне сьмерці, з чаго Сусьветнае Дрэва Жыцьця набыло значэньне Дрэва Сьмерці, пад засеньню якога чалавек чакае раптоўнага поклічу з там-быцьця, каб, перасягнуўшы мяжу патаемнага, атрэсьці зь сябе жыцьцё як сьмерць і далучыцца да сьмерці як вечнага жыцьця.

Заакцэнтуем яшчэ: у сыстэме каардынатаў хрысьціянскай ідэалёгіі Сусьветнае Дрэва Жыцьця было перайначана менавіта ў Дрэва Сьмерці, а не ў “мэтафарычны сымболь чалавека”, як тое высноўвае Ўладзімер Конан, зыходзячы зь некаторых эпізодаў Сьвятога Дабравесьця, дзе “дрэва”, — сапраўды так, — згадваецца ў якасьці антрапаморфных мэтафараў.

“У Новым Запавеце звычайнае дрэва сталася мэтафізычным сымболем чалавека. Пра фарысеяў і садукеяў, якія няшчыра прыйшлі каяцца і хрысьціцца, Яан Хрысьціцель сказаў: “Ужо і сякера пры карэньнях дрэваў ляжыць: усякае дрэва, якое не прыносіць добрага плёну, сьсякаюць і кідаюць у агонь” (Мацв. 3:10). Дрэвам няплодным Хрыстос называў усіх тых людзей, хто сваёй прагавітасьцю і славалюбствам пазбавіліся дароў духоўных” (Уладзімер Конан).

Нават з гэтага кароткага ўрыўку добра бачна, як варагуе хрысьціянскі тэкст з дрэвам, замыкаючы яго ў аблогу варожага кантэксту — “сякера”, “агонь”, “няплоднасьць”... І таму нічым іншым, акрамя як адвечнай звабай мысьляроў — мэтаўнівэрсалізмам, не растлумачыць, з чаго Ўладзімер Конан прамінае ўвагай тую магутную энэргію адмаўленьня Сусьветнага Дрэва, якой літаральна насычана ўся Біблія. Гэтая энэргія адмаўленьня (зь якой хрысьціянства і ўзьнялося як новая Вялікая Ўнівэрсалія) найперш і паўстае пытаньнем да ўсёй адмысловай сыстэмы, што ладзіць беларускі філёзаф, спрабуючы паяднаць разбэрсаныя фэномэны быцьця і прыгажосьці мэтаўнівэрсаліяй Сусьветнага Дрэва.