Я ўжо згадваў, што Кшыштаф Чыжэўскі вельмі скептычна ставіцца да Постмадэрну, але, заангажаваўшы сябе тапаграфічна і рэфлексыўна сытуацыяй паўзьмежжа, ён міжволі апынуўся ў прасторы, якая і ёсьць натуральнай (а не тэарэтычнай, як у цэнтры) рэальнасьцю Постмадэрну, ёсьць наяве тым, што цэнтар яшчэ толькі тэарэтычна імкнецца выбудаваць унутры самога сябе.
Я ня бачу патрэбы разгортваць у гэтым тэксьце аргумэнтацыю тэзы, што паўзьмежжа ёсьць рэальнасьцяй абстракцыі Постмадэрну (зрэшты, гэта, лічы, навідавоку). Я хачу зьвярнуць увагу толькі на адзін момант, істотны як для практыкі Постмадэрну, так і для практыкі адпрэчваючага Постмадэрн Кшыштафа Чыжэўскага, а менавіта — на дзейную культуру. (Праўда, тут адразу мушу заўважыць, што Кшыштаф Чыжэўскі нагружае гэтае словазлучэньне іншым і значэньнем, і сэнсам.)
Кожная культура на паўзьмежжы (і ў кожным сваім складніку) мусіць быць дзейнай, бо яна тут знаходзіцца ў пэрманэнтнай вайне (палеміцы, дыялёгу) зь іншымі культурамі.
Культура цэнтра — статычная, яна абароненая ад Іншага ўсім полем пэрыфэрыі і таму мае магчымасьць рэалізоўваць сябе ўнутры самой сябе; культура на паўзьмежжы выяўляе і рэалізуе сябе вонкі, яна заўсёды сьцьвярджае сябе насупраць другой культуры (некалькіх культур) і таму павінна быць дзейнай увесь час — бясконца жывой і бясконца дынамічнай; зьнерухомець для яе — адразу згінуць, быць праглынутай другой культурай. Вось чаму культура ў сытуацыі паўзьмежжа — гэта абавязкова рэальная культура, тут яна ня можа сабе дазволіць раскошу, якую мае ў цэнтры, — уяўляць сябе культурай, а ня быць ёй; на паўзьмежжы кожная культура ёсьць адно тады, калі яна ёсьць, і толькі такой, якой яна ёсьць, а не была (архіў) ці будзе (каталёг).
Адным словам, культура паўзьмежжа заўсёды ў стане пэрформэнсу, яна ёсьць, пакуль адбываецца. І штаб-кватэра Кшыштафа Чыжэўскага ў Сэйнах, на памежжы Польшчы, Літвы і Калінінградзкай вобласьці — той самы постмадэрновы пэрформэнс. Перабярэцца Кшыштаф у Варшаву, Парыж ці на Антыльскія астравы — і ад усёй яго культуралягічнай і выдавецкай дзейнасьці назаўтра ў Сэйнах застанецца адзін успамін, як у панядзелак ад нядзельнага кірмашу. З аўторку Сэйны пачнуць рыхтаваць наступны кірмаш.
* * *
Кшыштаф Чыжэўскі праз браму паўзьмежжа спрабуе выйсьці за межы адной лякальнай культуры. У адрозьненьне ад яго мы, наадварот, спрабуем увайсьці ў межы адной лякальнай культуры. Мы ўсё яшчэ не ўцялесьнілі мэтафізыку беларускай прасторы ў рэальных ляндшафтах. Для нас усё яшчэ застаецца актуальным працэс перайначваньня геаграфічнай ідэі Беларусі ў канкрэтныя тапаграфічныя праекты. Нас яшчэ чакае праца па пераносе паэтычных і палітычных абстракцый зь ірацыянальнага, містычнага вымеру ў вымер падзейнасьці, фактурнасьці, шараговасьці. Для нас Беларусь усё яшчэ сьвяточны ласунак, а ня хлеб надзённы...
З усяго гэтага, як быццам, вынікае, што праблематыка творчасьці Кшыштафа Чыжэўскага і беларускіх інтэлектуалаў вэктарна скіраваная ў супрацьлеглыя бакі (у яго — да выхаду за мяжу, у нас — да ўваходу ў межы). Але калі глядзець не на фармальны бок нашых узаемадачыненьняў, а на сутнасны, то праблематыка Кшыштафа Чыжэўскага не падасца нам супраціўнай, бо гэта тая самая наша праблематыка, толькі яна месьціцца ў іншым пэрыядзе альбо ў іншай сытуацыі нашай (ці таксама і нашай) гісторыі. Адсюль і паразуменьне паміж беларускімі інтэлектуаламі і Кшыштафам Чыжэўскім.
Бадай якраз гэтае двубочнае паразуменьне дазволіла не каму іншаму, а менавіта Кшыштафу Чыжэўскаму заўважыць унікальную адметнасьць сучаснага беларускага інтэлектуалізму, які не адчувае дысгармоніі ў адначасным памкненьні да ўваходу ў межы і да выхаду за межы — пры татальнай заглыбленасьці ў сакральную ідэю Нацыі беларускі інтэлектуалізм упарта актуалізуе прафанную ідэю лучнасьці з эўрапейскім культуралягічным кантэкстам...
Пэўна, нашыя ўзаеміны з Кшыштафам Чыжэўскім і далей будуць разгортвацца і паглыбляцца. Бо мы, гэтаксама як і ён, спрабуем збудаваць страху, якая ня будзе захінаць неба. Толькі наша сытуацыя розьніцца зь ягонай тым, што мы пакуль яшчэ ня маем сьценаў.
Вусьцішнасьць быцьця
Але ж і болей чым імгненьне Ня прыме вечнасьць ад цябе.
Увесь Ён — нязбыўны сум з прычыны непазьбежнасьці вяртаньня ў нежытво.
Мы ўсе прамінаем гэты шлях, але да пэўнае пары лішне не смуткуем з такога наканаваньня. А ён ці не ад пачатку ўзяў занадта блізка да сэрца неадпрэчнасьць сьмерці — і тым жыў. І таму так жыў, як жыў і пісаў пераважна з тае нагоды, што трэба будзе памерці (калі не фанабэрыўся, не падрабляўся, не блазнаваў).