Выбрать главу

Ня станем далей множыць авантурныя скокi i фантазаваць пра падсьвядомыя мроi чэхаў, украiнцаў, летувiсаў... Таксама пакiнем абок гаворкi трызьненьнi беларусоў, бо беларусы, як зазвычай, патрабуюць асобнай размовы. Скажам толькi, насуперак таму скепсісу да iдэi Сярэдне-Ўсходняй Эўропы, якi перасьледуе гэты тэкст ад яго пачатку, што падчас геапалiтычнай паўзы падобная iдэя ў палiтычных, эканамiчных дый сацыякультурных практыках бадай можа даць нейкiя пазытыўныя вынiкi, i высiлкi на яе рэалiзацыю не застануцца зусiм марнымi, калi... Калi яе iнiцыятары i рэалiзатары будуць ясна ўсьведамляць, што гэта вымушаная iдэя, часовая iдэя, iдэя на перапынку ў руках актыўных iдэалёгiяў; што Сярэдне-Ўсходняя Эўропа — гэта тактыка, а не стратэгiя, “фiзыка”, а не мэтафiзыка, экзістэнцыя, а не анталёгiя.

II.

А цяпер пра тое, чаму Сярэдне-Ўсходняя Эўропа не “мэтафiзыка” i не “анталёгiя”. I чаму яна i ня можа iмi быць...

Тут наперад, пэўна, трэба было б паразважаць, з чаго гэта вiдавочна палiтычная (палiталягiчная) прыдумка патрапiла ў цэнтар культуралягiчных рэфлексiяў? Чаму ёю заангажавалiся фiлёзафы, культуролягi, тэарэтыкi? Як гэта яна зьінiцыявала самарухомы iнтэлектуальны дыскурс з уласнай праблематыкай, уласнымi мiтамi i ўласнымi героямi? Але, здаецца, нас гэтыя разважаньнi нiкуды iнш не прывядуць, як зноў жа да той самай палiтыкi, гэта значыць да таго, што “Мы Захаду не патрэбныя” i што “Нас палохае Расея” (паралельны варыянт для беларускiх i ўкраiнскiх iнтэлектуалаў: “Мы Расеi не патрэбныя”).

Незапатрабаваны знанымi iнтэлектуальнымi цэнтрамi “ўсходне-эўрапейскi” iнтэлектуалiзм змушаны быў шукаць сваю прыдатнасьць у той прасторы, дзе мясьцiўся, i ў тых формах, якiя маглi стацца хоць як актуальнымi для гэтых месьцішчаў. А што можа быць больш прыдатным i актуальным за выяўленьне гэтай прасторы ў значэньнi суб’екта гiсторыi праз намацваньне яе iдэалягемнага поля...

Бадай менавiта з гэтага, нягледзячы на сваё выразна палiтычнае (то бок прымусовае) паходжаньне iдэя Сярэдне-Ўсходняй Эўропы атрымала нечакана актыўную (для падобнай iдэi) падтрымку ў iнтэлектуалаў, што выявiлася ў нейкiм нават катаклiзьме тэкстаў, канфэрэнцыяў, выданьняў, iнстытуцыяў. На гэтую звабу непасрэдна цi ўскосна сталi працаваць ня толькi яе артадоксы, апалягеты ды сымпатыкi, але нават i скептыкi ды супрацiўнiкi. Разам з тым, як на маю думку, i першыя, i другiя, супольна будуючы новую Бабiлёнскую вежу на сярэдне-ўсходнеэўрапейскiх разлогах, неабачлiва абыйшлi ўвагай праблему “грунту”, якi мусiць утрымлiваць гэтую вежу.

Як мне здаецца, патрэбнай трываласьцi “грунту” пад такую важную пабудову тут якраз i няма. Што я маю на ўвазе? Як для “вежы”, то найперш i пераважна тое, што досыць умоўна назавём агульнай культурнай парадыгмай з выразна акрэсьленымi дамiнантамi i зафiксаванымi, легiтымiзаванымi i канстытуцыяванымi заканадаўчымi цэнтрамi.

Каб выразьней патлумачыць, з чаго складаецца гэтае “няма”, паспрабуем зьвярнуцца за прыкладам туды, дзе тое, чаго тут “няма” — “ёсьць”. А менавiта — да Заходняй Эўропы.

Культурная парадыгма — панятак настолькi зблытаны ў самiм сабе сваiмi судачыньнямi i сваiмi супярэчаньнямi, што яго немагчыма нават раскласьцi на чыстыя дамiнантныя складнiкi, таму мы пойдзем шляхам гранiчнага спрашчэньня i выдзелiм з цэлага адну-другую лiнейную дамiнанту, каб толькi прадэманстраваць, што там (у Заходняй Эўропе) “ёсьць” i чаго тут (у Сярэдне-Ўсходняй Эўропе) “няма”.

Выбiраючы, на чым спынiцца, мы мiжволi азiраем магчымы спэктар варыянтаў: уласна гiсторыя, тэалёгiя, фiлязофiя, лiтаратура, навука, тэхнiка, сацыяльныя iнстытуты... Усё можа быць узята за прыклад. Але адбярэм адно тое, што, пэўна, найблiжэй большасьцi чыньнiкаў праблемы “iнтэлектуалы i iдэя Сярэдне-Ўсходняй Эўропы”, а менавiта фiлязофiю i лiтаратуру.

Бадай нiкому ня трэба даводзiць, што Заходняя Эўропа (Эўропа) мае сваю адметную фiлязофiю, разгорнутую як у часе, так i ў прасторы, зафiксаваную як у постацях, так i ў iдэях, выяўленую як у сюжэтах, так i ў сэнсавых фiгурах. Калi мы кажам: эўрапейская фiлязофiя, то мы найперш зважаем на яе гiсторыю, пэрсаналiзаваную шэрагам выбiтных постацяў: Гераклiт, Сакрат, Плятон, Арыстотэль, Сьвяты Аўгустын, Тамаш Аквiнскi, Дэкарт, Ляйбнiц, Кант, Кiркеґар, Нiцшэ, Гусэрль, Гайдэґер, Вiтґенштайн, Фуко, Дэрыда. (Натуральна, склад пэрсаналiяў можа быць бязьмежна пашыраны.)

Тое самае i зь лiтаратурай: Гесыёд, Гамэр, Сафокл, Эсхiл, Эўрыпiд, Дантэ, Сэрвантэс, Шэкспiр, Гётэ, Байран, Стэндаль, Заля, Джойс, Томас Ман, Камю, Кафка... i г.д. i да т.п.