Выбрать главу

Адным словам, Заходняя Эўропа (Эўропа) мае сваю ўласную фiлязофiю i сваю ўласную лiтаратуру. А гэта значыць, што гiсторыя эўрапейскай лiтаратуры i фiлязофii адэкватныя, тоесныя праблематыцы гiсторыi бытаваньня Заходняй Эўропы (цi наадварот?) i адсюль — што Заходняя Эўропа, як суб’ект, анталягiчна, а ня толькi экзістэнцыйна, угрунтаваная ў быцьцё.

Цяпер давайце запытаемся ў сябе, цi мае сваю ўласную фiлязофiю, сваю ўласную лiтаратуру (навуку, музыку, тэалёгiю...) Сярэдне-Ўсходняя Эўропа? Удакладняю, пытаньне не iдзе пра тое, цi мае сваю ўласную лiтаратуру (архiтэктуру, жывапiс i г.д.) асобна Польшча, Чэхiя, Вэнгрыя, Беларусь i г.д. (тут адказ адназначна станоўчы), а менавiта Сярэдне-Ўсходняя Эўропа, як нешта культуралягiчна цэлае i анталягiчна самадастатковае?

Мне здаецца, гэта рытарычнае пытаньне. Але адсутнасьць на яго станоўчага адказу не выключае (як сьведчыць вопыт вусных дыскусiяў) спробу нейкiх кампiляцыйных апэрацыяў у спадзеве сфармаваць праз выняткi з нацыянальных культур нечага культуралягiчна-агульнага для ўсiх чыньнiкаў Сярэдне-Ўсходняй Эўропы. Натуральна, з гэтага нiчога вартага не атрымлiваецца. Цэлае ня ёсьць сумай частак. Немагчыма скласьцi гісторыю лiтаратуры Сярэдне-Ўсходняй Эўропы, мэханiчна ўлучыўшы ў яе па дзьве-тры пэрсаналii з кожнай нацыянальнай лiтаратуры, як i немагчыма стварыць гэтую гiсторыю, адабраўшы для прэзэнтатыўнага гурта найвыбiтнейшых прадстаўнiкоў гэтай прасторы без увагi на колькаснае прадстаўнiцтва той цi iншай лiтаратуры (фiлязофii, навукi, музыкi). Рэч у тым, што сапраўды найвыбiтнейшыя (Капэрнiк у навуцы, Мiцкевiч у лiтаратуры, Лукач у фiлязофii i да т.п.) увайшлi ў кантэкст заходнеэўрапейскай (агульнаэўрапейскай) культурнай парадыгмы i iх ужо адтуль ня вымкнуць хаця б таму, што яны сфармаваныя менавiта агульнаэўрапейскiм (i нiяк не сярэдне-ўсходнеэўрапейскiм) iнтэлiгiбэльным дыскурсам, — а фармаваць сваю культурна-гiстарычную парадыгму з творчасьцi другарадных пэрсанажаў наўрад цi мае сэнс. Гэта па-першае. А па-другое (трохi паўторымся), укладаць цэлае з частак у нашым выпадку ўвогуле не выпадае. Цэлае i павiнна фармавацца (стварацца i само тварыць) для цэлага, гэта значыць творчасьць лiтаратара (фiлёзафа, навукоўцы) ад самага пачатку прама цi ўскосна мусiць быць зарыентавана ня толькi на нацыянальную лiтаратуру (нацыянальнага чытача) i ня толькi на эўрапейскую i сусьветную лiтаратуру (гэта значыць на чытача ўвогуле), а перадусiм на Сярэдне-Ўсходнюю Эўропу, на сярэдне-ўсходняга чытача... Цi магчыма такое? Апанэнты мне адразу адкажуць: — магчыма! I спашлюцца на Часлава Мiлаша (нехта яшчэ дадасьць Кундэру, але Кундэра толькi гаворыць пра Сярэдне-Ўсходнюю Эўропу, а пiша для францускага абывацеля). Я прымаю Часлава Мiлаша як аргумэнт, але на адным (хай сабе i некалькiх асобных) аргумэнце татальную парадыгму культуры не ўтрымаць... Дарэчы, я нават не выключаю, што нехта апантаны паспрабуе з частак скласьцi цэлае, гэта значыць праробiць неверагоднавялiкую працу, адбярэ з нацыянальных культураў, розных iхных пластоў найвыдатнейшае i створыць макет культурнай тапалёгii i Сярэдне-Ўсходняй Эўропы. Створыць i прапануе яго заканстытуяваць усiм чыньнiкам гэтай прасторы ў якасьцi асноўнага культурнiцкага закону. Так некалi стварылi i запрапанавалi для агульнага ўжытку эспэранта. Як вядома, нiчога вартага з гэтага не атрымалася...

Мяркую, нiчога вартага не атрымаецца i зь iдэi Сярэдне-Ўсходняй Эўропы, i не атрымаецца менавiта з адсутнасьцi адметнага i агульнага культурнага (у самым шырокiм сэнсе гэтага слова) падмурку цi, нават, грунту. Чарговая Бабiлёнская вежа, як тое належыць усiм бабiлёнскiм вежам, разбурыцца недабудаванай. Зрэшты, яе i бурыць ня будзе патрэбы. На яе папросту ўсе забудуцца. Першымi ад яе адвернуцца iнтэлектуалы, якiя праз сваю палiтычную заангажаванасьць i спарадзiлi гэты фэномэн, затым “эканамiсты” i сацыяiнтэрнацыяналiсты, — бадай найдаўжэй яна будзе iснаваць у якасьцi палiтычнага фэномэну. А можа i зусiм наадварот. Можа першымi на яе забудуцца якраз палiтыкi. Дастаткова будзе краiнам Сярэдне-Ўсходняй Эўропы патрапiць у склад НАТА, як адразу тая апазыцыя (“Мы не патрэбныя Захаду” —”Расея нас палохае”), якая i ўтварыла iдэю Сярэдне-Ўсходняй Эўропы, рассыплецца ўшчэнт, а разам зь ёй зьнiкне (для палiтыкаў) хоць якi сэнс у тым iдэалягемным сурагаце, якi пазначаўся нязграбным задзiночаньнем геаграфiчных паняткаў.

III.

Уласна на гэтым аповед пра свае погляды на вызначаную тэму можна (ды i трэба) было б скончыць, каб не адна iстотная акалiчнасьць, пра якую нельга не згадаць... Гэтая акалiчнасьць называецца “канец геаграфii”...