Геаграфiю (як навуку з пэрспэктывай), здаецца, пахавалi ўжо недзе на пачатку ХХ стагодзьдзя. Другi раз, ужо ў сэмiятычным дыскурсе, яе пахавалi структуралiсты, а постструктуралiсты, падобна, нават забылiся, дзе яе магiлка. Мiж тым iнэрцыйныя тэндэнцыi мысьленьня раз-пораз скiроўваюць грамадзтва на геаграфiчныя па сваёй сутнасьцi праекты.
Можна скептычна ставiцца да нiчым нястрыманай экспансіi ўсiх верагоднамагчымых “канцоў” (ад канца геаграфii да канца чалавека), распачатую шпэнґлераўскiм “канцом культуры” i сьцьвярджаць, што пакуль сонца будзе ўзыходзiць на ўсходзе, а заходзiць на захадзе, датуль прастора бытаваньня чалавека застанецца прамаркiраванай знакамi геаграфii, але нельга не заўважаць, што гэтыя знакi, як “непэрспэктыўныя” вёскi i закiнутыя гасьцiнцы ўжо амаль нiчога нам ня кажуць у нашай спробе вызнаньня цывiлiзацыйных вэктараў руху гiсторыi быцьця.
Геаграфiя — гэта тое, што разьядноўвае прастору храбтамi, рэкамi i межамi, паралелямi i мэрыдыянамi, найменьнямi мацерыкоў i акiянаў, абрысамi краiнаў i супольнасьцяў. Эпоха вялiкiх геаграфiчных адкрыцьцяў — гэта эпоха тэктанiчнага разлому цэльнага (паранаiдальнага) сьветаўспрыйманьня i пераўладкаваньне яго на аснове ўяўленьня пра бытнае, як пра пэўную колькасьць сэгмэнтаў (шызафрэнiчнае сьветаўспрыйманьне). З гэтай пары чалавек перастаў жыць у сусьвеце, i пачаў жыць у Амэрыцы, Азii, Эўропе... Геаграфiя ня толькi падзялiла зямную кулю на асобныя сэгмэнты, яна разьяднала людзтва i адсланiла чалавека ад анталёгii быцьця геаграфiчнымi каардынатамi яго экзістэнцыйнай прысутнасьцi...
Сытуацыя кардынальна зьмянiлася адно цяпер, у эпоху камунiкацыяў. Цяпер прастора зноў перастварылася з таго, што разьядноўвае ў тое, што яднае. Сёньня прастора бытаваньня чалавека настолькi насычаная камунiкацыйнымi сродкамi, што сама сталася суцэльным сродкам камунiкацыi. Гэта значыць, што ў кожным сваiм мейсцы (на паўночнай скранi цi ў Парыжы, у Лепелi цi ў гватэмальскай вёсцы) прастора аднолькава шчыльна насычаная знакамi камунiкацыi — трэба толькi мець пры сабе начыньне па яе выяўленьню (радыёпрыймач, тэлевiзар, кампутар i да т.п.). Адсюль вынiкае, што цяпер не-геаграфiя забясьпечвае нас iнфармацыяй. I таму геаграфiчныя каардынаты страцiлi сваю сутваўтворную функцыю, а геаграфiчныя прыкметы ператварылiся ў этнаграфiчныя пазнакi-забаўкi. Вось чаму кожны праект, зарыентаваны на гэтыя геа-(а па-сутнасьцi ўжо этна-) графiчныя пазнакi, чакае лёс апошняга беларускага Адраджэньня, мэтадалягiчна сфармаванага паводле падобнага прынцыпу.
Разумею, што тут натуральным будзе пярэчаньне: чаму менавiта iнфармацыю я вызначыў асноўным чыньнiкам сучасных цывiлiзацыйных працэсаў i адпаведна гэтай сваёй сваволi зганiў даўно ўканстытуяваныя каштоўнасьцi, на якiх людзтва здавён палягае ў сваiм адбываньнi быцьця.
На гэтае пярэчаньне заўважым, што ў выказанай прапазыцыi павiнен ня я, а Норбэрт Вiнэр, дакладней ягоная філязофiя “грамадзтва камунiкацыi”. Зь Вiнэрам можна пагаджацца, а можна не пагаджацца, можна зьвяртаць увагу на ягоныя змыслы, а можна не зьвяртаць, але нельга не заўважаць, што сёньня ў рэальнасьцi дамiнуе iнфармацыйная падзея. Менавiта — інфармацыйная...
Падзея, якая не патрапiла ў сродкi iнфармацыi ( а празь iх у архiў iнфармацыi) — самаанiгiлюецца. Яна ёсьць адно як няма. Калi беларускiх незалежнiкаў лашчаць мiлiцэйскiя дубiнкi каля будынку БТ цi на праспэкце Скарыны, то iх, прыўлашчаных, ня столькi хвалююць уласныя пiсягi i кроў з разадранай скуры, колькi пытаньне: цi пакажа гэта расейская тэлевiзія, цi згадаюць пра гэта эўрапейскiя газэты i да т.п. Бо калi не пакажуць, не раскажуць, то i пiсягi i кроў былi дарэмнымi, гэта значыць iх быццам i не было...
Зрэшты, я адхiлiўся, цi, хутчэй завабiўся камунiкацыйным джынам, якi вымкнуў з паўправаднiковай капсулы i цяпер ад яго нiдзе няма ратунку. Ён дамiнуе, ён пануе, усюды яго столькi, што звычайнаму чалавеку даволi ад ягонай наяўнасьцi нейкай незаўважнай нязначнасьцi, каб быць iнфармацыйна поўным на ўсё жыцьцё — а ён не спыняецца, пампуе ў цябе i пампуе...
Але нягледзячы на татальнае панаваньне камунiкацыi, я не хачу сказаць, што менавiта гэты дамiнуючы сёньня факт павiнен пакласьцiся ў под нашых рэфлексыйных праектаў, якiя пэрманэнтна iнiцыююцца нашым жаданьнем намацаць сваё мейсца, свой сэнс i сваё значэньне ў кантэксьце быцьця наступнага тысячагодзьдзя. “Грамадзтва камунiкацыi” я згадаў адно дзеля таго, каб праз гэтую iдэю дадатна паставiць пад сумнеў iдэю Сярэдне-Ўсходняй Эўропы, якая, на маю думку, мэтадалягiчна вяртае нас да формаў i спосабаў геаграфiчнага мысьленьня XVI-XIX стагодзьдзяў.
Мне здаецца, далей культуралягiчнае праектаваньне лёсаў Беларусi мусiць пачынацца з абмеркаваньня праблемы нацыянальнай iдэi ў трагiчных для яе варунках камунiкацыйна адкрытага грамадзтва...