Раней, у эпоху татальнай вайны культураў, схема прылучэньня чалавека да той ці іншай культуры была гранічна простай. Культура-пераможца самаўладна далучала носьбітаў пераможанай да свайго ідэалягемнага поля, і празь нейкі час апошнія пачыналі ідэнтыфікаваць сябе менавіта зь ёй. Аднак у прынцыпе гэта нічога не зьмяняла, адна культура станавілася на месца другой — і толькі. І нават калі перамога была няпоўнай (ці няпоўнай была параза), заўсёды адна зь дзьвюх ці некалькі культураў заставалася дамінуючай і была рэальнай, а не фармальнай падставай для культурнай ідэнтыфікацыі.
Кардынальна адрозная сытуацыя пачынае складвацца цяпер, калі анулюецца дыстанцыя паміж роднай і іншымі культурамі. На жаль, многія ўсё яшчэ працягваюць праецыраваць традыцыйную схему зь лінейнай сытуацыі вайны культураў на нелінейную сытуацыю камунікатыўна адкрытага грамадзтва, і адпаведна той, ужо выпрацаванай і зусім неэфэктыўнай у новых варунках схеме, спрабуюць абараняць свае культуры. Да прыкладу, у 1994 годзе міністр культуры Францыі абвясьціў, што з-за інтэрнэту Францыя апынулася перад пагрозаю новай формы каляніялізму. З таго ж шэрагу і бясконцыя скаргі на амэрыканізацыю культуры, якія няспынна гучаць ня толькі ў Эўропе, але і ва ўсім сьвеце, на францускую інтэлектуальную экспансію, урэшце, на сьветапоглядную інтэрвэнцыю Ўсходу.
Мы ўсё яшчэ пераважна мысьлім катэгорыямі эпохі вайны культураў. І не жадаем заўважаць, што ў прасторы камунікатыўна адкрытага грамадзтва гэтая вайна заканчваецца татальнай паразаю самой вайны. Але з гэтай нагоды я не сьпяшаўся б пляскаць у ладкі, бо вайна культураў была тым мэханізмам, які забясьпечваў функцыяваньне асобных культураў. А без гэтага мэханізму рана ці позна ўсе культуры будуць пераможаныя нечым, што мы ўмоўна называем мэтакультураю: тым, што будзе мець усе прыкметы культуры, але ня будзе ідэнтыфікавацца ні зь якою культурай канкрэтна, ні, у традыцыйным разуменьні, з культурай увогуле.
Асноўная характарыстыка традыцыйнага культурнага знаку палягае на яго трывалай зафіксаванасьці ў кантэксьце нацыянальнай ці сусьветнай культуры. У адрозьненьне ад традыцыйных знакаў культуры, знакі мэтакультуры пазбаўленыя трывалай фіксацыі і нечым апрычонага кантэксту (хаця кожны зь іх мае свой “адрас” і свой “атэстат”), бо ў сытуацыі камунікатыўна адкрытага грамадзтва ўсе культурныя прасторы, праз разгалінаваныя і эфэктыўныя камунікатыўныя сродкі, зыходзяцца ў адзін кантынуум. І разам з культурнымі прасторамі ў гэтую яміну кантынууму скочваюцца ўсе знакі ўсіх культураў, ды яшчэ з такой хуткасьцю, што іх цяжка адрасна разрозьніць, зрэшты і няма ў гэтым сэнсу, бо пакуль будзеш кадыфікаваць адзін зь іх, яго заслоняць дзясяткі іншых.
Хуткасьць культурных экспансіяў, калейдаскапічная множнасьць і рознавэктарнасьць іх тэндэнцыяў анігілююць агрэсыўную сутнасьць самой культурнай экспансіі. Да таго ж электронныя сродкі інфармацыі, якія робяцца дамінуючымі ў транспартацыі знакаў культуры, падчас працэсу транспартацыі кастрыруюць культурны знак (такая іх тэхналягічная прырода), гэта значыць вымыкаюць зь яго ідэнтыфікат (такая іх сацыяльная задача), бо толькі пазбавіўшы ідэнтыфікату, можна прыстасаваць культурны знак да патрэбаў масавага спажыўца. Таму мне падаюцца няўзважанымі турботы тых, хто непакоіцца, што ўладальнікі асноўных камунікатыўных сродкаў (і ў прыватнасьці — інтэрнэту), будуць праз сваю ўладу экспансаваць знакі таго ці іншага культурнага коду і такім чынам сфармулююць культурную імпэрыю, якая праглыне ўсе іншыя культуры. Зрэшты, калі б падобнае і здарылася, то з гледзішча нашых традыцыйных каштоўнасьцяў, гэта было б яшчэ не найвялікшай бядою, бо тады мы мелі б хоць адну — вартую нашых традыцыйных уяўленьняў — культуру. Сапраўдная бяда (для тых, хто лічыць культуру за каштоўнасьць) у тым, што празь нейкі час (і гэта зусім верагодна) мы ня будзем мець ніякай культуры — ніякай у яе традыцыйным разуменьні, а будзем мець культуру без культуры, культуру, якую будзе немагчыма ідэнтыфікаваць нават адносна самой сябе.