Выбрать главу

Зрэшты, калі наканавана такому здарыцца, то тут, як кажуць, і казаць няма пра што. Культура перастане быць культураю, і ідэнтыфткаваць сябе чалавек (і супольнасьць) будзе не з нацыянальнаю культурай ці культурай пэўнага рэгіёну, а зь нечым зусім іншым. Аднак, магчыма, гэтыя мае футурулягічныя трызьненьні ёсьць толькі штучнай унівэрсалізацыяй патэнцыйна лякальнай падзеі, пэрвэнтыўным перапалохам ад зруху ў прасторы, якая раптам бязьмежна расхінулася ва ўсе бакі ад нечаканага выбуху камунікацыяў. Паспрабуем пагадзіцца, што гэта насамрэч так, і сытуацыя камунікатыўна адкрытага грамадзтва кардынальна ня зьменіць адвечнай сутнасьці чалавека, які і надалей будзе шукаць і знаходзіць свае асновапалеглыя праекцыі ў нацыянальным культурным кодзе. Але якраз у гэтым выпадку мы і маем драматычную праблему, дзеля актуалізацыі якой прапануецца гэты тэкст. Бо нават калі мы бязьмежна перабольшваем тую радыкальную навізну культурнай сытуацыі, якую нясе з сабою камунікатыўна адкрытае гармадзтва, то ўсё роўна ня зможам зусім адмаўляць, што многія тут згаданыя працэсы (натуральна, невымерна больш іх засталося за кантэкстам гаворкі) маюць месца ўжо цяпер і, відавочна, будуць інтэнсыўна разгортвацца ў недалёкай будучыні. А гэта азначае, што да звыклай вайны культураў дадаецца яшчэ адзін актыўны і пагрозьлівы для кожнай культуры дзейнік — татальная камунікацыя. Яна небясьпечная для ўсіх культураў, але гэтая небясьпека не для ўсіх аднолькавая. Для тых культураў (напрыклад, італьянскай, нямецкай), якія даўно і цалкам сфармаваліся, трывала ўгрунтаваліся ў сацыяльныя інстытуты, індывідуальную мэнтальнасьць, штодзённы побыт — гэта толькі магчымая небясьпека, пакуль больш гіпатэтычная, чым рэальная. А вось для тых культураў (найперш маю на ўвазе беларускую), працэс фармаваньня якіх яшчэ не завершаны, у якіх ледзьве хапае сілаў трымаць апошнія межы абароны ў вайне з больш магутнымі культурамі, гэты нечаканы вораг за сьпіною робіцца ўжо сёньня рэальнай і звышнебясьпечнай пагрозай.

На вялікі жаль, у нас на гэтую небясьпеку амаль не зьвяртаюць увагі, мы па-ранейшаму скіраваныя на вайну культураў (з аднаго баку, на вайну з расейскай культурай, з другога — на вайну з культурай Захаду). Між тым, на маю думку, сытуацыя камунікатыўна адкрытага грамадзтва неўпрыкмет робіцца ці не найбольш драматычнай праблеамай, якая ставіць пад пытаньне саму магчымасьць культурнай ідэнтыфікацыі. А значыць, і саму магчымасьць беларускай культуры ўвогуле.

АХІЛ І ЧАРАПАХА

Перш чым выказаць тое, што тут будзе выказана, мне неабходна патлумачыць, чаму для асьвятленьня праблемы, пазначанай Юліяй Крыстэвай як “бунт-культура”, “культура як бунт”, быў абраны менавіта гэткі ракурс.

Як на маё разуменьне, то прапанаваная Крыстэвай формула “культура бунту” — гэта ня што іншае, як рэцыдыў паэтычнага мысьленьня, выяўлены ў форме паэтычнага тропу, які мае прыгожую грэцкую назву аксюмаран. У сваім “Паэтычным слоўніку” Вячаслаў Рагойша тлумачыць аксюмаран як “дасьціпна-бязглуздае спалучэньне супрацьлежных разуменьняў, якія лягічна выключаюць адно другое”.

У спалучэньні “культура бунту” (далей я буду карыстацца яго больш шырокім аналягам — “культура супраціву”) шмат стылю і таму тут даволі мейсца для паэтычных настрояў, але зусім няма мейсца мысьленьню, бо ў сытуацыі аксюмарану (гэта значыць, выключэньня аднэй часткі цэлага другой часткай цэлага) мысьленьне паглынаецца само сабой ужо на стадыі першапачатковага разгортваньня.

Фэномэн бунту-супраціву ня толькі супрацьлежны фэномэну культуры, ён ёй варожы, а калі быць больш дакладным — чужы, гэта значыць староньні, зь іншага сьвету, зь іншай праекцыі быцьця. А варожым культуры ён стаецца тады, калі трапляе ў яе сьвет, бо ня можа выяўляць сябе інакш, адно як разбураючы культуру. Чаму?

А таму, што бунт, супраціў — гэта спрэс дынаміка.

А культура наадварот — спрэс статыка.

Культура — гэта чарапаха, а бунт — гэта Ахіл. (Тут, натуральна, адсылка да знакамітай апорыі Зянона.)

Кажная, нават самая дробная праява культуры, гэта нейкая сума зафіксаванай статыкі, гэта той адсарбэнт, што застаецца ў стане трывалай фіксацыі ад безьлічы дынамічных рухаў-перарухаў.

У прынцыпе, кажны рух-перарух можна залічыць у лякальны бунт, лякальны супраціў і з гэтага лінейнага пасылу вывесьці сьцьвярджэньне, што культура фармуецца бунтам, супрацівам. Але гэта ня так.

Бунт, супраціў — гэта ня тое, што фармуе нейкую суму статыкі, якая выяўляецца ў фэномэне культуры, а тое, што, патрапіўшы ў поле культуры, імкнецца парушыць гэтую статыку празь індывідуальны ці калектыўны экспрэсыўны акт.